Вход/Регистрация
Я з вогненнай вёскі...
вернуться

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Апошняе, што нам сказала бабуля Алена, не было адказам на наша якое-небудзь пытанне. Гэта быў голас яе душы, ачышчанай пакутамі, кароткае і яснае рашэнне горкага, настойлівага роздуму. Маленькі хлопчык, які — пад абстрэлам дарослых, выдатна ўзброеных і абвучаных забіваць — бег, каціўся глыбокай разорай, зноў, каторы ўжо раз за трыццаць год, вярнуўся ў матчына сэрца, на матчыны вочы…

«…Я гэта падумаю, дык мне страшна…

Я жыла ў тыя войны, як тыя войны былі. Ужо не маладая. Ну, то свіней бяруць, то што…

Ад звера дык хоць уцячэш, на хвойку якую, ці што. А гэта ж чалавек. Чалавек чалавека трапіць, дзе ўчуе.

Ой, што ўжо гэта! — гэта ж не вайна была, а проста так… Ну, той, што на фронце, ну, таго чалавека заб'юць — дык ён жа ваяваў, праўда? А дзіця тое беднае? Хлопчык — ён жа, бедны, нідзе не быў. Таксама білі… Гэтае дзіця маленькае бяжыць — зашто ж яго? Яно ж маленькае, яно ж дзіця, яно ж кацілася, як тое яблычка… А яны — б'юць. Іскры скачуць!..

Што гэта, што гэта за такое было ў іх — я не ведаю.

Гэта звярэ былі, а не людзі.

Гэта не людзі былі, гэта — звярэ былі».

Сцішнаватая радасць

«…Иванова Акулина Семеновна, 1908, белоруска, отношение к семье — мать. Проколот язык 2 раза, съела песку горсть и бита в голову, но выжила и вылезла сама из ямы, где была».

Гэта — са «Списка погибших семей от руки германского фашизма жителей д. Рудня, Руднянского сельсовета». Подпісана: «Комиссар парт. отряда им. Чапаева Дроздов. 8.VIII. 42». Заўвага, зробленая праз чвэртку стагоддзя: «Подлинник списка в партархиве ЦК КПБ, фонд 3904, вязка 1, дело 1, опись 1, лист 15».

Намі гэты дакумент заўважаны ў фондах Расонскага «Музея народнай славы».

«…Дапрашвалі, білі іх там. Яны ўсе ссінёныя былі… Забілі болыпага мальчыка, патом меншага на руках, патом яе — трэцюю. А з ямы яна вылезла сама. Пачуствавала, што нямнога пяску навярху, пачуствавала, што яна вылезець, і стала нагамі шавяліць, шавяліць — і выпаўзла з ямы. Но далына яна ісці нікуда не магла. Так і ляжала каля ямы. Яна баялася, што, можа, немцы ў дзярэўні, ды яна ўжо і не магла ісці. Патом прывялі яе к нам, палажылі на пол. Рвоты ў яе сталі такія сільныя: проста зелле і пясок…

А на другую ноч абратна немцы вярнуліся к нам. Экспедыцыя явілася. А ў яе сазнанне пацерана, яна стала крычаць… Дождж такі быў у тую ноч! Сабраліся ў нашу хату поўна людзей. Яна крычыць без памяці: «Ай-ай-ай-ай!» А мама і я суцішаем яе, што не крычы — кругом немцы. Заціскаем ёй рот.

А немцы кругом хаты — толькі каскі ляпаюць па сценках. Дождж лье такі, што страшна. I мы не можам выйці на двор, і яны, сволачы, не просяцца ў хату. Ні адзін не пастукаў. Так ціханька стаяць, слышым толькі: «Гар-гар-гар!» I каскамі па сценках ляпаюць…»

(З расказу Алены Жарчанкі, сваячкі Акуліны Івановай. Вёска Рудня Расонскага раёна.)

Тут быў знойдзены сённяшні адрас уваскрэслай жанчыны: вёска Баранава каля Полацка.

З ганка вялікага і ўжо старога драўлянага многакватэрнага дома відаць шырокая, зялёная даліна, густа, яшчэ не высока парослая алешнікам і лазняком. У гушчары ўгадваецца вада — рачулка або проста мокрая лагчына.

— У вас тут многа салаўёў.

Не пытанне, а нібы сцверджанне, упэўненасць. Бо хоць і чэрвень ужо, а салаўі тут, на зялёнай ды азёрнай Віцебшчыне, дружна праследуюць нас у кожным раёне, ад вёскі да вёскі.

— Чаго-чаго, а гэтага хапае, — адказвае жанчына тонам прыязнай гаспадыні.

У дом інвалідаў, што размяшчаецца недалёка адгэтуль, ёй, санітарцы, было пазвонена пра нас з раёна. Акуліна Сямёнаўна, сёння выхадная, сустрэла нас на сцежцы, далекавата ад дома, у якім жыве.

У цесным, чыстым пакойчыку адзінокай жанчыны — швейная машына, ложак, шафа, столік, вялікае люстра. Пяці чалавекам — як павярнуцца. «Сядайце тут во, у мяне на ложку чысценька». Аднак сядзіць толькі адзін, з магнітафонам каля століка. Стаіць і гаспадыня, хоць ёй якраз і прысесці было б на краечку свае пышнае пасцелі.

Расказвае жанчына, а слёзы нібы не асмельваюцца паказацца. Нават як дзетак стралялі, яна гаворыць амаль што стрымана.

«…Муж мой быў у атрадзе. Мы малако збіралі, вазілі ў атрад. I гэта вярнуліся з атрада. Усе мы зносілі малако парцізанам. Завязлі і прыехалі дамоў. I толькі я пачала печку паліць — сяйчас прыбягае Шчадроў, сусед, і будзе гаварыць: «Немцы ідуць!» Тут я скарэй з хаты што-небудзь вынесла, а тут і пачаўся стрэл.

А яны абайшлі кругом па ляску, па акраіне, гэтыя немцы, і начаўся стрэл. А мы тады з лесу ды пад раз'езд. Селі там, паляжалі, і сяйчас немцы нас там акружылі. Узялі і паставілі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: