Вход/Регистрация
Я з вогненнай вёскі...
вернуться

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

— Што там, Маня, што там? Я гавару:

— Ой, уцякайце, б'юць немцы!

Тады хто куда — табунамі! Пабеглі хавацца, хто куды. А тых, хто на балоце былі, маці нашу, тых загналі таксама ў хату і гранаты кідалі, а каго спалілі.

А дочка таго хазяіна таксама за мной кінулася ў вакно, а немец ёй у плячо, і яна назад у груду ўпала.

Але засталася жыва, у Брэсцкай вобласці жыве.

Людзі гавораць, што, калі я бегла, мяне ўзнаць не маглі: чорная-чорная, страшная. Я часам езджу туды, мне гавораць:

— Ну, ты нам жызь спасла. Стаялі б і ждалі, пакуль падайдуць немцы.

А мы потым у рож схаваліся.

Тады яны затрубілі, сігнал далі і паехалі…»

* * *

У Хатыні — могільнік звыш 600 забітых беларускіх вёсак. I гэта далёка не ўсе тыя вёскі, куды фашысты прыходзілі, прыязджалі, каб вынішчыць, спаліць усіх — ад старога да дзіцяці, дзе выконваўся план «абязлюджвання тэрыторыі», «пашырэння жыццёвай прасторы на ўсход».

Беларускіх вёсак, дзе карнікі спецыяльна забівалі людзей, — 4885. Падалёкане поўных падліках, больш за трыста тысяч мірных жыхароў было спалена жывымі, забіта, замучана ў тых вёсках.

I амаль столькі ж населеных пунктаў (4З15) «проста згарэлі». Таксама ад гітлераўцаў, але жыхароў там не пабілі.

Калі пабываеш, як мы, у большасці раёнаў, у многіх вёсках, запісваючы іх ваенную, вогненную памяць, і пасля чытаеш справаздачы карнікаў, дакументы, раптам узнікае і такое адрозненне: «проста згарэлі». Бо ў Хатыні фашысты яшчэ і «працавалі», больш таго — «эксперыментавалі».

Беларускія Хатыні — гэта падрыхтоўка да рэалізацыі планаў і мэт, якія датычыліся не толькі нас, не толькі савецкага народа. I нават не адных толькі славян.

Выпрацоўваліся метады, рыхтаваліся спецыялісты на «канчатковае ўрэгуляванне» — вынішчэнне цэлых народаў ва Усходняй і Заходняй Еўропе і на іншых кантынентах. Вядома, пасля разгрому галоўных праціўнікаў фашысцкай Германіі.

«Калі вайна будзе выйграна, тады, я вам ужо гаварыў аб гэтым, пачнецца наша праца, — злавесна нагадваў сваім падручным Гімлер у кастрычніку 1943 года на нарадзе групэнфюрэраў СС у Познані. — СС разам з сялянамі і мы сумесна з нашым сябрам Баке пачнём займацца засяленнем Усходу, велікадушна, без усякіх абмежаванняў, не пытаючыся ні пра што, з размахам і рэвалюцыйным напорам, дык на працягу 20 год мы прасунем граніцу нацыі на 500 кіламетраў на Усход…

…Мы будзем дыктаваць Усходу нашы законы. Мы будзем прабівацца наперад і паступова падыдзем да Урала». Вось такія маштабы меліся на ўвазе «пасля перамогі». Але і яны — першы крок да сусветнага панавання «арыйскай расы».

«Усходняя палітыка» генацыду была сфармулявана Гітлерам яшчэ ў 19З2 годзе:

«Усходнія тэрыторыі стануць вялікім эксперыментальным полем па ўстанаўленні новага грамадскага ладу ў Еўропе, і ў гэтым вялікае значэнне нашай усходняй палітыкі».

«Эксперыментальным полем» выбрана была перш за ўсё Беларусь. Таму, у прыватнасці, што ў гаспадарчых адносінах гэты край лясоў і балот, з пункту гледжання нацыстаў, — не самы «каштоўны». Значыць, якраз яго ператварыць у вялізны «загон», куды будуць пераганяцца цэлыя народы на «каранцін», «асобую апрацоўку»…

Вось вытрымкі з рапарта адной з камандаў, занятых прыёмам эшалонаў і «размяшчэннем», «уладкаваннем» яўрэйскага насельніцтва, прысланага з Заходняй Еўропы. (Па плану Гітлера такім жа шляхам затым павінны былі пайсці, перасяліцца ў Беларусь» і «за Урал» галандцы, бельгійцы і іншыя еўрапейскія народы, чые землі збіраліся засяліць нямецкімі каланістамі.)

Група СС «Арльт» Мінск, З жніўня 1942

РАПАРТ

Работа рэшты людзей тут у Мінску па-ранейшаму тая самая. Транспарты яўрэяў праз даволі раўнамерныя прамежкі часу прыбываюць у Мінск і перадаюцца нам. Так што ўжо 18 і 19.6.42 мы зноў займаліся капаннем ям…

26.6 — прыбыў чаканы транспарт з рэйха.

27.6 — мы зноў вярнуліся ў Мінск. Наступныя дні былі заняты чысткай зброі, прывядзеннем у парадак амуніцыі.

2.7 — зноў пачалі падрыхтоўку да прыёму транспарту з яўрэямі, капанне ям.

10.7 — была кінута супраць партызан латышская каманда ў лес пад Койданава. Пры гэтым быў выяўлены склад боепрыпасаў. I раптам нас з тылу абстралялі з аўтаматаў. Адзін латышскі саслужывец быў пры гэтым забіты. Праследуючы банду, расстралялі чатырох чалавек.

17.7 — прыбыў транспарт яўрэяў, адпраўлен у маёнтак.

21, 22 і 2З.7 — капалі новыя ямы.

24.7 — зноў транспарт яўрэяў (1000 чал.) з рэйха.

З 25.7 па 27.7 — капалі новыя ямы.

28.7 — вялікая акцыя ў мінскім гета. 6000 яўрэяў дастаўлены да ям.

29.7 — З000 нямецкіх яўрэяў дастаўлены да ям.

Наступныя дні зноў заняты чысткай зброі, падгонкай амуніцыі. Пазней мая група нясе дзённую службу па ахове будынка турмы…

Паводзіны людзей здаровыя, па-за службай добрыя і не даюць поваду для асуджэння.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 132
  • 133
  • 134
  • 135
  • 136
  • 137
  • 138
  • 139
  • 140
  • 141
  • 142
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: