Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Унтэршарфюрэр СС
Эшалоны з Захаду ішлі, акупаваную Беларусь усё больш ператваралі ў раён «асобай апрацоўкі» мільёнаў людзей. Прывезеных. А разам з тым і мясцовага насельніцтва. Планавалася так «па-асобаму апрацаваць» не меней трох чвэртак саміх беларусаў. Заадно і павучыцца, лепей авалодаць «тэхнікай абязлюджвання», падрыхтаваць «кадры». Мела значэнне ў іх разліках і тое, што ва ўяўленні гімлераў і розенбергаў «беларусы найбольш бяскрыўдны і таму самы бяспечны для нас народ з усіх народаў усходніх абласцей». Разлік на гэта, на пакорлівасць, «рахманасць» беларусаў вельмі хутка фашыстам прыйшлося перакрэсліць — і з якой яшчэ панікай у іх штабах. Сотні тысяч беларускіх партызан, цэлыя раёны, недаступныя для акупантаў, армія «Цэнтр» амаль увесь час на «галодным пайку», бо чыгуначны рух перарываецца, а затым — у 1943 і 1944 гадах — нябачаныя ў гісторыі войнаў адначасовыя партызанскія ўдары па ўсіх камунікацыях — «рэйкавая вайна»!
Насельніцтва фашысты працягваюць знішчаць, цяпер — пад выглядам барацьбы з партызанамі і нават — «самаабароны». Але партызаны перашкаджаюць яшчэ шырэй разгарнуць «працу», партызан столькі, што на задуманае выкананне «плана» ўжо не хапае сіл: прыходзіцца абараняць ад партызанскіх атак дарогі, гарады, важныя аб'екты… Спецыяльныя групы, каманды (пад прыкрыццем і з удзелам армейскіх часцей) з маніякальнай настойлівасцю працягваюць «працу», хоць вайна ўжо яўна прайграна. Яны ўсё «ўзбагачаюць» метады, рыхтуюць кадры, рыхтуюцца да нечага яшчэ больш нялюдскага і злавеснага, эксперыментуюць.
Слова гэта — «эксперымент» у наш век усё часцей успыхвае злавесным сэнсам.
Хірасіма, Нагасакі — гэта ж таксама «эксперымент».
Існуюць дакументальныя кінакадры аб тым, як выбіраліся аб'екты першых атамных бамбёжак.
Мясцовасць, тапаграфія, пажадана, каб была такаяітакая…
Будынкі — вось такія…
Насельніцтва — столькі…
«Гэтым патрабаванням адпавядаюць (рука з каляровым алоўкам шукае на карце) гарады… Хірасіма (крыж)… Нагасакі (крыж)».
Нацысты не валодалі такой зброяй. I ў гэтым шчасце чалавецтва. Прыходзілася ім разлічваць на «звычайную». I на спецыяльныя каманды, і іх трэба было для «плана» ўсё больш і больш, вопытных, абучаных на практыцы — бо маштабы меліся на ўвазе не меншыя, чым у атамных маньякаў, — дзесяткі, сотні мільёнаў запланаваных забойстваў.
I на жудасным шляху да гэтай мэты «канчатковага ўрэгулявання ў Еўропе» (а затым — і ва ўсім свеце) — трагедыя беларускіх Борак, Красніцы, Брыцалавіч, Княжаводцаў, Студзёнкі, Паршчахі, Хатыні…
Сотні і сотні Хатыняў, справаздач, «эксперыментаў»: «аперацыя Боркі (Маларыцкія)», «аперацыя Боркі (Кіраўскія)», «аперацыя Красніца», «аперацыя Збышын»…
Экспедыцыі ў цэлым называліся ў іх інакш, звычайна не па назве асобнай вёскі ці мясцовасці, а вось так здзекліва-«паэтычна»: «Фрулінгсфэст» — Вясновае свята, «Зумпффібэр» — Балотная ліхаманка, «Зумпфблютэ» — Балотная кветка, «Нордполь» — Паўночны полюс, «Эрнтэфэст» — Свята ўраджаю, «Штэрнэнлаўф» — Зорны шлях, «Шнэехазе» — Заяц-бяляк, «Фён» — Альпійскі вецер, «Вінтэрцаўбэр» — Зімовыя чары, «Вальдвінтэр» — Лясная зіма, «Кугэльбліц» — Шаравая маланка, «Цаўбэрфлётэ» — Чароўная флейта, «Майгэвітэр» — Майская навальніца, «Цыгойнэрбарон» — Цыганскі барон, «Фрайшутц» — Вольны стралок і г. д.
Але забойства Красніцы, Борак, Брыцалавіч, як і кожнай з Хатыняў, было звычайна асобнай аперацыяй — з асобай задачай і справаздачай аб паводзінах ахвяр і саміх катаў, аб праліках ці «тактычных знаходках», «адкрыццях».
У адной і той жа мясцовасці спецыяльныя каманды рэдка забівалі вёскі аднолькава: калі адных збіраюць, зганяюць у гумно ці хлеў пад выглядам «сходу», «праверкі дакументаў», дык у суседніх вёсках ужо ходзяць з хаты ў хату і забіваюць на месцы. I гэта таксама — з улікам вопыту і дзеля ўзбагачэння вопыту…
У межах агульнай «задачы» быў поўны прастор для садысцкіх імправізацый. Загадаюць людзям памаліцца (Доры Валожынскага раёна) і спаляць іх. I яшчэ вось так паздзекуюцца…
Юліян Рудовіч.
«…Сказалі ўсім ісці ў царкву памаліцца Богу, і нас адпусцяць дамоў. У царкве немец падышоў да мяне:
— Аддай кіндэр матцы, а сам — вэк!
Узяў за каўнер і выкінуў на двор. I ўсіх, хто не з дзецьмі, — выходзь! I хто кіне дзіця, у царкве кіне — можа выходзіць. Пушчалі, пушчалі, хто кіне… Але ж не кожная маці можа так здзелаць. Ну, мая не кінула, не кінула… Не знаю… Але нехта павінен у жывых астацца, калі так, праўда ці не? Калі так, нехта павінен астацца! А мая не захацела, асталася з малым. Немцы царкву падпалілі, мы ўсе, каторыя на двары, чуем, як людзі там лётаюць. З кулямётаў усіх перарэзалі — агонь толькі…»
Ці ўкінуць старую, нямоглую жанчыну ў калодзеж (Пагулянка Рэчыцкага раёна), а на яе — набытак хатні, колы, бервяно…
I зноў пішуць «справаздачу» — пераможную, урачыстую, з усведамленнем, што выконваюць «місію». А як жа, яны не проста забойцы, яны служаць «ідэі», «вялікай Германіі», «фюрэру», рызыкуюць атрымаць кулю ад партызан, змагаючыся за «новы парадак»!
А зверху ідуць заахвочванні, узнагароды, адны каты ставяцца ў прыклад другім.
Асабліва прыдатным да такой працы аказаўся Оскар Дзірлевангер — яго Гітлер вылучыў чынамі і ўсякімі «крыжамі», якія толькі былі: ад «залатога» да «рыцарскага».
Вось «вяхі» яго біяграфіі, вельмі тыповыя: 1932 г. — уступае ў нацысцкую партыю; 1934 г. — за злачынства: распуста з асобамі маладзей за 14 год — 2 гады турмы… Пасля набыцця адпаведнага карніцкага вопыту ў Іспаніі і Польшчы ён з'яўляецца ў Беларусі з такой атэстацыяй, што прайшоў падрыхтоўку, якая перакрывае, судзімасць за «браканьерства». Так называлі вышэйшыя чыны, да самога Гімлера ўключна, з усмешкай узаемаразумення, тыя эсэсаўскія забавы «з асобамі маладзей за 14 год»… У загадзе, з якім Дзірлевангер прыехаў з Любліна ў Беларусь, сказана было, што ён «роўны сярод нас». «Роўны» адразу пачынае расці, рабіць кар'еру — ужо на крыві дзяцей і жанчын беларускіх. Схільнасць да «браканьерства» застаецца. Кавалер залатога, рыцарскага і г. д. крыжаў любіў павучаць сваіх малойчыкаў: я, маўляў, не супраць таго, каб вы спалі з рускімі дзеўкамі, але пасля гэтага ты павінен застрэліць яе…