Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Там ёсць так называемы Антонаў ельнік. I я па сілуэтах бачу: людзі паявіліся. Я гэтай бабе сказаў легчы, а сам прысеў і вокрык даў:
— Хто ідзёць?
Я як крыкнуў — усе ў лес! Ну, значыць, — свае. Каб гэта паліцэйскія, дык яны б затворамі пачалі клацаць. Я падняўся:
— Хлопцы, я такойта, не ўцякайце!
Яны астанавіліся, сустрэціліся мы. Там быў і зяць гэтай старое. Я гавару яму:
— Вось што, Ціхан, ты бяры старую і ідзі ў лес. А мы, хлопцы, пойдземце ў вёску. А можа, дзе хто ранены, ды падбяром, ды вазьмём.
Паслухалі яны мяне, як камандзіра нейкага. I мы так ідзём, значыць, па рэчцы. Ну, рэчка, як правіла, ідзёць па нізе. Людзі ўцякалі па рэчцы, а яна ў нас такая, што, як кажуць, пятух перайдзёць. I вот ляжыць уначале Васіль Енаў. Тулавішча на беразе, на пясочку, а другая палавіна ў рэчцы. Мы яго выцягнулі на бераг. Ідзём далей па рэчцы — ляжыць Барыс Стасеў. I ў яго, значыць, дзве булачкі хлеба было: ён хватануў з сабой. Ну, а мы ж цэлы дзень не елі! Ну, мы гэты хлеб тут жа разламалі. Ну, і пайшлі так у канец вёскі. Прыходзім у канец, і мне здалося, што мае маці голас штота гаворыць…
— Стоп, хлопцы, — кажу я, — астанавіцеся! Чую: точна, маці мая гаворыць. Я іх кінуў і, як хлапчук, пабег туды…
Прыбег — яны ўсе стаяць каля нашай істопкі.
Стаіць наша Каця (яшчэ цяпер жывая), Вольга (памерла ўжо) і — матка мая… I стаіць дзядзька мой Захар (ён, праўда, памёр ужо ў пяцьдзесят сёмым годзе). У яго ранена во так рука і во так нага. Стаіць і ўвесь дрыжыць.
Я гавару:
— Мама, і ты, Каця, ідзіце, во там хата цэлая не згарэла. Замачыце мачою…
Другога выхаду няма. Я знаў, што гэта ўсё-такі прафілактыка.
Пайшлі яны ў хату, маці парвала кашулю, зрабілі ўсё, перавязваюць дзядзьку. А я тут успомніў, што бачыў каля аднаго кажух. I гавару, што пабягу вазьму яго, бо дзядзька ўвесь дрыжыць. Дык я цераз плот пераскочыў, а там у нас такая… называецца палудрабінка. I я так па сілуэтах бачу: людзі там! Шавеляцца пад той драбінкай. Я прыбягаю туды — сядзіць Ігнаціха Варка, ёй пад той мамент было таксама пад семдзесят, і Піліпіха, сляпая.
— Чаго вы тут?
— А сыночак наш, а немцы тут пахадзілі і сказалі: «Няхай жывуць — Савецкаму Саюзу на расплод будзе!..» I кажуць бабы: — А вунь там Міша ранены ляжыць. Можа, ён, дзеткі, яшчэ жывы.
Я пайшоў. Ноч, цёмна, але знайшоў. Нежывы. Тады я пабег, кажух той узяў, забраў гэтых старых. А яны не хочуць ісці:
— А дзеткі, а куды ж мы пайдзём? Нас ужо не пабілі, так ужо і не паб'юць.
Пакуль я прышоў, Захару раны перавязалі ўжо.
Па дарозе ў лес дзядзька мне расказаў, як ён уцалеў. Іх, мужчын, загналі ў гумно, а жанчын у Скірмандаву хату. Калі, значыць, запалілі гумно, мужчыны выламалі вароты і — хто ўцёк, значыць, уцёк, калі забілі, значыць, забілі, застаўся ў гумне — згарэў у гумне… Дзядзька Захар, значыць, калі загарэлася гумно і зламалі вароты, ён таксама выскачыў. На ём загарэлася фуфайка. Ён лёг у жыта, фуфайку зняў і ў радам стаяшчы двор пабег. А там стаяла — проста, па-нашаму кажучы, — бочка, і ён у гэтую бочку залез і сядзіць. Прышоў немец — зірк! — сядзіць. Р-р-раз туды! I ён як сядзеў у бочцы, дыкяму руку і нагу прабіла. А немец падпаліў гумно. Ну, а дзядзька ўсё-такі жывы. Ён тады павярнуўся бокам, бочку перавярнуў і пакаціўся з бочкай. I ў рэчку, пад карча. I так ён там сядзеў у вадзе да поўначы, ранены. Вот ён пагэтаму так і тросся…
З таго гумна, дзе мужчын зачынілі паліць, многія вырваліся. А жанчыны з дома — толькі дзве. Скірманд Соня. Гэта ў яе хаце жанчын палілі. I Вольга такая была. Мы яе, раненую, таксама ў лагер потым узялі. I Данілу Вараб'ёва знайшлі. Гэты Даніла быў шавец. I ў яго былі боты. Ён, праўда, трохі кульгаў. Паліцэйскі гаворыць яму:
— Здымай боты!
— Не, — гаворыць, — не здзену. Заб'еш — тады здзенеш.
— Заб'ю! — гаворыць той.
— Ну, на, страляй!
Ён яму — р-раз, тут жа і выстраліў. Прабіў яму лёгкія. Маці мая яго потым вылечыла. Яна ў бальніцы работала, разбіралася. I лячыла яго. Сям'ю яго ўсю ўністожылі — і дзяцей, і жонку…
Мой бацька…
Мне сказалі, што ён ляжыць забіты, і сказалі дзе. Ну, я, значыць, туды і пайшоў…
У яго такая барада была — красівая рыжая барада. Яшчэ я быў малы, калі ён, помню, пабрыўся, дык мы, усе дзеці, закрычалі на яго, каб ён не брыўся… З барадою ён быў сімпатычны такі. Барада ў яго залацістая была…
Яму сюды, у патыліцу, як далі, дык усю сківіцу, усю бараду і сарвала…
Я пабег у вёску, знайшоў, значыць, абгарэлую лапату, прыйшоў туды, выламаў кій, асадзіў сяк-так, значыць, выкапаў ямачку, зняў з сябе паліто, загарнуў яго і пахаваў. Прысягнуў я над ім, паплакаў з мамай, і пайшлі мы…
Калі мы прышлі туды, дзе палілі жанчын, — гэта было так страшна… Лоўж людзей!..
Мама пачала шукаць дачку, маю сястру.
А я яшчэ дзяржаўся, пакуль бацьку хаваў, а калі падышлі ўжо сюды, дзе жанчын палілі, мне стала дрэнна…
— Мама, — сказаў я, — шукаць не будзем.
I мы пайшлі туды, дзе палілі мужчын. Што засталося ў памяці на ўсё жыццё, дык гэта сын мае дваюраднай сястры. Там ёўня была, дык ён залез у печку ў ёўні і там згарэў. Ногі тырчаць адтуль, вы разумееце, абгарэлыя…