Вход/Регистрация
Я з вогненнай вёскі...
вернуться

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Праязджае на кані той, каторы дабіваў. Відзіць, што чалавек жывы, — дабівае. Я вочы прыадкрыла і ціхонька гляджу на яго… А дзеці мае не варушацца, спяць. Заснулі.

Можа, шагоў дзесяць не даехаў, павярнуўся і паехаў…

Я ляжала да самага вечара. Вечарам дзеўка стала плакаць, маленькая, восем месяцаў. Я гавару: «На, дачушачка, грудзь…» Зашумелі машыны і пайшлі. Я думаю: «Падыму галаву». Так сяйчас жа машыны сталі. Бачу: яны з машын убачылі, што ў жыце дзеці схаваліся: матка з бацькам і чацвёра дзяцей. Спыніліся і пабілі. Там другі чалавек падняўся глядзець — яны і таго забілі. Даехалі да таго і забілі.

А я ляжу.

Стрэлы перасталі. Дзеці плакаць пачалі. Я паднялася і пайшла ў лес…»

Мікалай Хадасевіч, цяпер мужчына ў самай сталасці, тады трынаццацігадовы хлапчук, які бачыў фашызм так зблізку, — свежым, чыстым позіркам дзіцяці, якое ўжо многае разумела амаль па-сталаму.

«…Спынілі мяне на вуліцы: «Ідзі на сабранне!»

Ну, я і пайшоў. Прышоў, тут мужчыны былі ўжо сагнаны ўсе. Ну, і за мяне і — сюды. Потым пагналі нас па вуліцы. Там быў сарай, вярней — гумно. Гналі немцы і паліцэйскія. Тут чорт іх паймеш: форма нямецкая, і ў рускай, у гражданскай.

Ну, потым стрэлілі ў страху з трасіруючых куль. Страха загарэлася.

Пытанне: — А што людзі паміж сабой?

— Нічога не гаварылі. Тут быў у нас адзін, Навуменка Андрэй, яго тожа спалілі, дык ён, відзіце, па-нямецку добра панімаў. Ён і гаворыць: «Будуць нас паліць». Чуў, як яны па радзіве… Сядзіць адзін з навушнікамі і гаворыць. Дык ён і чуў, той Навуменка, і гаворыць: «Шчас нас пагоняць у тое гумно і паліць будуць».

Калі загналі — зразу запалілі. Ну, кой-хто жыўцом выскачылі. Былі бакавыя вароты, іх, значыць, абвалілі, ну, і сталі выскакваць. Ну, а я, — там было дзе зярно сушыць, называлася ёўня, — я папаў туды і сядзеў, пака ўжо шапка на галаве не загарэлася. А брат мой раней выскачыў. Ён устае выскакваць, а мне крычыць: «Лажысь!» Я каля яго і лёг. Яго забіла, а мяне раніла, метраў восем, не больш, ад хлява. Ну, потым гэта я і ляжаў. Стрэл быў сільны: не разабраць — дождж ці страляюць. Крык, шум!.. Стаў стрэл аціхаць. Пайшла праверка. Вот яны, калі падышлі паўторна ка мне, я ніцма ляжаў. Яны, значыць, ствалом пад правую броў паднялі мяне. Вот так, як на рукі на выцянутыя. Штота па-нямецку гэркнулі, пусцілі. Падумалі, што я ўбіт.

Ну, а што вот так раненыя крычалі, дык тых яны дабівалі.

У. часоў дзевяць яны паехалі. А ранілі мяне, значыць, у час дня. Я падняўся — сонца ўжо заходзіла. Я пайшоў па вуліцы, да свайго дома пайшоў. На вуліцы забітыя, у дамах — хто пагарэлі; дома ў мяне таксама нікога. Сцямнела. Ногі мне стала падцягваць, раненыя, кроўю сышоў.

Пытанне: — Дык дзверы, кажаце, мужчыны выламалі?

— Ага, як толькі гумно запалілі, значыць, і выламалі…

I адзін яшчэ мужчына быў. Дзевачка ў яго была гады два. Яна вот так ручкамі як узялася за шыю, наперадзе, так ён яе і вынес. Яна і цяпер жывая…»

Што жывая яна і сёння, што яна будзе жыць, непераможна паўтараючыся ў іншых дзяўчынках і хлопчыках, — пра гэта радасна думаць, гледзячы на таго ж Мікалая Хадасевіча ў натоўпе, дзе побач з ім — пляменніца Галя, маладая мама, а на руках яе — адно з тых несмяротных паўтарэнняў — сын.

Усё выглядала тут проста, на гэтай паляне, звычайна, знаёма. I помнік, падобных да якога мы нямала бачылі ў розных кутках Беларусі. I трыбуна, якою стаў кузаў выходнага сёння грузавіка, акуратна пастаўленага куды трэба. I выступленні некаторых таварышаў, з чаго пачалося жалобнае свята. I жэрдзе агароджы адразу за помнікам, дзе сеў і раптам загалёкаў певень, дарэчы, нікога не насмяшыўшы. I дождж, што якраз тады і пайшоў, калі яму ўздумалася, не зважаючы на людзей з іх прамовамі.

I выступалі людзі проста.

Старшыня мясцовага калгаса імя Ільіча Рыгор Захаравіч Каган. Трыццаць гадоў таму назад — дзесяцігадовае яўрэйскае хлапчаня, сынок вясковага каваля, дзіця, што зведала безліч пакут ад ворага і ўратавалася ў сваіх людзей. Цяпер ён — аграном з вышэйшай адукацыяй, гаспадар, паважаны людзьмі, з якімі працуе. Гаворыць доўга, але і талкова, даючы агляд міжнароднага становішча, звязваючы мінулае з задачамі сённяшняга дня. I, між іншым, калі ён гаварыў пра тое, што адбывалася тут тады, міжвольна абраніў фразу, якую хочацца запісаць:

«Мужчыны з пагонамі на плячах забівалі жанчын, старых, нямоглых і дзяцей…»

Таксама — проста гэта сказана, але ж і прадумана, адчута па-свойму, на ўсю глыбіню той страшнай неадпаведнасці: мужчыны з пагонамі — не салдаты, а забойцы безабаронных.

Затым прамаўляў таварыш Савіцкі, Іван Максімавіч, тутэйшы чалавек, які працуе ў райсавеце, а трыццаць год таму назад прайшоў праз пекла збышынскага дня. У адрозненне ад старшыні калгаса ён напісаў сваю прамову загадзя, яе па службе перадрукавала машыністка. Але дождж, што якраз тады прыпусціўся, перашкаджаў чытаць, а слёзы — туманілі вочы. Савіцкі менш ураўнаважаны за Кагана, нашмат старэйшы за яго, больш стомлены і ўражлівы, і прамова ў яго неяк не атрымалася. А можа, нам так здалося яшчэ і таму, што ўранні, пакуль прыехаць у Збышын, мы з ім сустрэліся ў Кіраўску, дзе нам Іван Максімавіч расказваў пра той дзень — і многа, і на ўсю душу — слёзы хаваючы ў дыме папярос, якія ён прыпальваў адну ад адной.

…Замужняя сястра жыла на ўскраіне Збышына, метраў за трыста ад лесу, і ён, малады партызан, зайшоў да яе на досвітку, вінтоўку схаваўшы на ўзлеску.

Сястра рыхтавала снеданне, а Іван прылёг на ложку і забаўляўся з малымі пляменнікамі. I тут зайшлі паліцаі. Спыталіся, ці няма партызан. Яны былі не мясцовыя і яго не ведалі. Загадалі ісці на сход. (Злавесны «сход»! Амаль усюды карнікі пачыналі з гэтага…) З'елі нарыхтаванае не для іх і пайшлі.

Гаспадыня, узяўшы малых, пайшла, куды было загадана, а Іван — на ўсякі выпадак — залез на гарышча адрыны. Пачаў пазіраць праз шчыліны ў шчыце.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: