Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Майго сродства загінула ў той дзень дваццаць пяць душ.
А ўсіх у Збышыне забілі дзвесце дзевяноста шэсць.
Пытанне: — А якую прычыну яны прыдумалі, што гаварылі, калі сагналі людзей?
— Нічога не гаварылі. Прычына была, я думаю, толькі тая, што гэта — савецкія людзі…»
«Мы абавязаны знішчаць насельніцтва, — гаварыў Гітлер, — гэта ўваходзіць у нашу місію аховы насельніцтва германскага… Калі ў мяне спытаюцца, што я падразумяваю, кажучы пра знішчэнне насельніцтва, я адкажу, што маю на ўвазе знішчэнне цэлых расавых адзінак…»
Такі быў план. А потым ужо, у працэсе яго ажыццяўлення, прыдумліваліся нейкія прычыны. А то, бывала, і так — без іх.
Выконваючы гэты «план», фашысты спадзяваліся такім чынам атрымаць і спакойны тыл. Каго не заб'юць, не спаляць, той змярцвее ад жаху. Правялі каля ног у кожнага рыску: паварушышся — смерць табе і блізкім, і ўсёй вёсцы, а калі гэта горад — усёй вуліцы…
Але наўзабаве пасля «пераможных» рэляцый пра тое, колькі знішчана «партызан» (тых самых збышынскіх ці хвойненскіх дзяцей і жанчын), у стаўку фюрэра пайшлі зусім іншыя.
Фон Клюге: «А тут у тыле ў мяне ўсюды партызаны, якія ўсё яшчэ не толькі не разбітыя, але ўсё больш мацнеюць… А 400 гэтых праклятых дыверсій на чыгунцы!»
«Тым лепш», — сказаў Гітлер у ліпені 1941 года, упершыню пачуўшы пра савецкіх партызан, бо разлічваў, што пад выглядам барацьбы з партызанамі будзе выконваць той самы «Генеральны план Ост». У 1942-м, а тым больш у 1943-м і ў 1944 гадах, калі фашысты трацілі апошнюю веру ў пераможны вынік вайны, а ў Беларусі не заставалася ў іх спраўных чыгунак, — тут ужо Гітлер не лічыў, што «тым лепш». Загадзя запланаванае знішчэнне народаў Савецкай краіны ўсё больш пачынала набываць характар помсты — садысцкай помсты жанчынам, дзецям за тое, што савецкія людзі не захацелі скарыцца і ў самых трагічных умовах працягвалі барацьбу.
1255 баявых партызанскіх атрадаў — такі быў адказ беларускага народа на разлікі «тэарэтыкаў» і «практыкаў» фашызму, адказ на тое, што беларусы, маўляў, «найбольш рахманыя, бяскрыўдныя» з усіх славян, што тут можна будзе ўладкоўвацца ў поўнай бяспецы, — арганізаваць «запаведнік» для людзей, для цэлых народаў. Бо ставілася такая мэта — усю Беларусь ператварыць у міжнародны канцлагер, дзе прайшлі б «асобую апрацоўку» (у газавых камерах, у печах крэматорыяў, каля магільных ям) тыя народы Еўропы, якія «перашкаджалі» фашысцкай Германіі пашырацца на поўнач, на захад, на поўдзень, на ўсход…
Вось як гэта сфармуляваў адзін з найбліжэйшых памагатых Гітлера, «тэарэтык» Розенберг, за два дні да нападу на СССР:
«Непасрэдна да гэтай граніцы (перад тым размова ішла пра будучыню Прыбалтыкі. — Аўт.) прымыкае беларуская — як цэнтр збірання ўсіх сацыяльна шкодных элементаў, цэнтр, які будзе ўтрымлівацца накшталт запаведніка».
Але спачатку, як ужо гаварылася, планавалі «выселіць» (знішчыць) 75 працэнтаў беларусаў, — каб спакайней было працаваць у тым «запаведніку».
I гэта рабілася: расказы ў нашай кнізе — іменна пра вёскі, якія былі забіты, пра цэлыя раёны, вынішчаныя, спаленыя разам з людзьмі.
Аднак за лёсам гэтых вёсак, гэтых людзей трэба бачыць і іншае: сотні тысяч дзяцей, жанчын, старых і нямоглых жыхароў нашых вёсак і гарадоў, людзей, якіх выратавала ад знішчэння ўсенародная партызанская армія, — выводзячы іх у лясы, за фронт, ствараючы ў варожым тыле савецкія раёны, абараняючы і атакуючы. Паўмільённую плойму фашысцкіх забойцаў праглынула вогненная партызанская зямля…
Калі фашысты не здолелі, не змаглі рэалізаваць свой план «абязлюджання» Беларусі, стварэння на яе тэрыторыі вялізнага «запаведніка-канцлагера» для народаў Еўропы, дык гэта не таму, што яны перадумалі ці расхацелі. Узняўшыся на свяшчэнную барацьбу, савецкі народ, народныя мсціўцы — партызаны, Савецкая Армія зламалі гэты гітлераўскі план.
Вялікая Гарожа
За добрым жытам — спакойная вёска, якая мела, мае і павінна мець права на мірную, працавітую цішыню.
Даўнавата дажджу не было, а пазаўчора і ўчора раздобрыўся. Цяпер пагодлівы адвячорак. А ў лесе, што сінеецца за жытам і за вёскай, пайшлі патроху першыя чэрвеньскія сыраежкі.
Двор, у які мы зайшлі, акуратны, роўна парослы чысценькай травой. Многа дроў, складзеных у стажок. Каля ганка бабуля чысціць грыбы. Сама ў гумовых боціках, яшчэ мокрых: толькі што з лесу вярнулася. Тут яно і прыйшло — адкрыццё штогадовай радасці: пасля дажджу — грыбы. I добрая зачэпка для размовы.
Бабулі Патапейка, Марыі Змітраўне, семдзесят другі год, хоць па выгляду столькі не даў бы. Рухавая, прыветліва вясёлая. Ажно яе вяртаць у даўняе, у страшнае не хочацца. Ды ёй і самой не ахвота. Вось пасумнела адразу…