Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Яны прыбеглі да мяне і гавораць:
— Ідзьце да каменданта.
— А што — з дзецьмі, браць мне дзяцей?
Дык ён махнуў рукой: як хочаш, хочаш бяры, хочаш — не. Яны знаюць, што ўсё раўно гэта… Ну, мы сабраліся з бабай:
— Вы, дзеткі, сядзіце, грэйцеся ля печкі, мы прыдам, тады забяром вас…»
Далей стары, паўтараючы расказанае жонкай, гаворыць, як той нямецкі камендант дапытваў яго, ці бываюць тут партызаны, і не застрэліў, як застрэліў таго суседа, які сказаў, што партызанаў не бачыў.
«…Дык немец мне, — расказвае дзед, — загадаў гнаць каровы ў той канец вёскі.
— А там, — кажа немец, — мы яшчэ людзей набяром і пагонім усе каровы ў Асіповічы, таму што тут партызанскі лагер, вы тут снабжаеце партызан. А дзярэўню мы вашу уністожым.
Так вот сказаў — я і пагнаў гэтыя каровы.
А там мая сястра жыла — забег у хату да сястры. Забег: пабітыя ўсе датла!.. Свякруха, яна, мужык і дзіцёнак — чалавек чатыры душы.
Яны прыходзяць, гады, і камандуюць: «Лажыся!» I тагды вот так — у голаву каждаму страляюць, вот, паб'юць, паб'юць, усё…
А хто дык і асталіся. Вот і Невяровічава напроціў — хлапец быў на печы, пасцілкай накрыўся, убілі сястру, убілі матку і бацьку, а ён застаўся і цяпер жывы. Ён у Бабруйску работае. Таксама і ў тым канцы гэта было…»
Гэтай сям'і і яшчэ некаторым пашанцавала. Сагнаўшы злосць, карнікі сказалі недабітым:
«Можаце ехаць у Татарку, у Замошша, у Асіповічы… А калі тут каго зловім — значыцца, будам біць. А дзярэўню спалім усю».
I спалілі.
Кастусь Патапейка запрог каня, пабраў дзяцей і пераехаў у Замошша.
Мы ў іншай хаце.
Марыі Міхайлік было тады, у студзені 1943 года, васемнаццаць гадоў. I ёй таксама ўдалося ўратавацца. Аднак жа… Але няхай лепш раскажа яна сама.
«…Было цёмна. Яны акружылі сяло і давай страляць. Мама кажа:
— Дачушка, страляюць, уставай!
Я кажу:
— А што, партызаны?
Яна адказвае:
— Партызаны.
Пазіраем мы ў акно. Ідуць у белых халатах. Маці кажа:
— Пагубляліся, а цяпер страляюць. Бо ноччу ж яны былі ў нас, партызаны.
Думаем, што шукаюць адзін аднаго. Мама кажа:
— Схадзі вады.
Я іду вады ў калодзеж, а яны вярнулі назад:
— Ком дахаты.
Я вярнулася.
— Мама, яны не пусцілі вады. Ідзіце вы. Маму таксама вярнулі.
А пачалі яны біць з естага во канца.
Я кажу:
— Мама, ды там жа нешта гарыць ужо.
— Ну што ж, — кажа яна, — гарыць. Ідзі карову падой, бо каровы бяруць, курэй б'юць.
Ну, я пайшла, падаіла карову.
Тады мама кажа:
— Курэй б'юць. Памані ў хату куры. Ну, і сядзім у хаце. Прыйшоў пляменнік мой. Пытаецца:
— Былі ў вас партызаны?
Мама кажа:
— Былі, дала ім павячэраць, хлеба, малака дала, і пайшлі.
Расказваем. А тады яна кажа:
— Дзеткі мае, глядзіце, Прахора ж у нас б'юць!..
Гэта па-суседску, праз акно мама пазірае. Яшчэ сястра мая з дочачкай была ў нас. Мама гаворыць:
— Глядзіце!..
А там тры выстралы, і дзевачкі на стопку палезлі.
Ну, і тут жа к нам прышлі. Мы стаім усе каля печкі. Вот так ручачкі пасціскалі, а печачка гарыць. Ну, прышлі… Высокі-высокі прышоў, у акулярах. Вот, кажацца, я і цяпер яго бачу, пазнала б. Як прышоў, так хату і расчыняе. За мяне:
— Ідзі карову выпушчай! А брата — на вуліцу.
Пайшла я карову выпускаць. А яна ж не ідзе. Таксама баіцца, карова, аж на сцену лезе. Я на двор з хлява вышла, а ён мяне як варсане, дык я і паляцела. Ручкаю з аўтамата варсануў. Два разы. Першы раз я не паляцела, дык ён другі раз.
Мама з хаты выходзіць. Мама як вышла, маму ён і шахнуў — усю во тут шыю прадзіравіў, і ўсё во гэта адвалілася. I маці мая тут жа і лягла.
Ён і пайшоў. Яшчэ мне во так нагою даў, і нас на вуліцу — карову гнаць. Я гэту карову на вуліцу выперла. А там стары адзін— ён памёр ужо — стаяў… Карова стаяла, а ён так во карову абняў… А яго так білі, так білі!..
А я на свайго брата:
— Мой братка, кажу, мой братка, усе паскрываліся, а мы, кажу, вот і пападомся…
Пытанне: — А стары той карову абняў, каб не весці?
— Не, яго сільна білі, ён на карову абваліўся і стаяў. А тут каровы ідуць, коні іржуць — сумна, страшна было… Кажу:
— Не схаваліся, і ўсё наша і прапала, братачка. Пагібнам мы.
Ну, і стаім, куды ж ісці, стаім сярод вуліцы. Няма нідзе нікога — ну ні душы! Усіх ужо выбілі.
Падходзім во тут, пад край, на краю стаім. А тут немцы ляжаць з гэтымі кулямётамі. Нам няма куды. I ідуць яны к нам.