Троепольский Гавриил Николаевич
Шрифт:
— Наперад, хлопчык…
Бім падняў слонку на крыло.
Стрэл!
Лес здрыгануўся, адгукнуўся незадаволеным, пакрыўджаным рэхам. Здалося, што бярозка, якая зайшла да мяжы дубняку і асінніку, спалохалася, здрыганулася. Дубы вухнулі, як віцязі. Асіна, што побач, паспешна пасыпала лісце.
Слонка ўпала, як камячок. Бім падаў яе як належыць. Але гаспадар, пагладзіўшы Біма і падзякаваўшы за прыгожую работу, патрымаў птушку на далоні, паглядзеў на яе і задумёна сказаў:
— Эх, не трэба было б…
Бім не зразумеў, паглядзеў у твар Івану Іванавічу, а той гаварыў:
— Толькі з-за цябе, Бім, толькі з-за цябе, дурненькі. А так — не варта.
І зноў Бім не зразумеў — не дазволена яму такое зразумець. Але ўсё паляванне гаспадар «пудлаваў», быццам сляпы. Зусім засердаваў сабака, калі гаспадар у адну слонку зусім не стрэліў. Затое апошнюю зрэзаў чыста.
Дадому яны вярталіся ўжо прыцемкамі, абодва стомленыя і абодва добрыя, ласкавыя адзін да аднаго. Бім, напрыклад, не захацеў начаваць на сваім лежаку, а прыцягнуў з яго падсцілку да ложка Івана Іванавіча і ўклаўся побач з ім, на падлозе. Гэта было неспраста: яго нельга было прагнаць на месца, таму што «месца» ён прынёс з сабою. Іван Іванавіч пакратаў яго за вуха, пагладзіў па хібу. Сяброўства, здавалася, будзе навек.
Тае ночы Іван Іванавіч чамусьці ціхенька стагнаў, уставаў, каўтаў таблеткі і зноў лажыўся. Бім спачатку насцярожана прыслухоўваўся, прыглядаўся да сябра, потым устаў і лізнуў працягнутую з ложка руку.
— Асколак… Асколак, Бімка… паўзе. Дрэнна, хлопчык, — сказаў Іван Іванавіч і трымаў руку ля сэрца.
Слова «дрэнна» Бім ведаў выдатна і ўжо даўно. І вось ужо некалькі разоў ён чуў слова «асколак», ён не разумеў яго, але сабачым нутром здагадваўся, што яно трывожнае, нядобрае слова, жудаснае.
Але ўсё абышлося добра: раніцаю, пасля праходкі, Іван Іванавіч сеў за стол, як і заўсёды, паклаў перад сабою белы аркуш і зашаптаў па ім палачкаю.
Учора быў шчаслівы дзень. Усё як мае быць: восень, сонца, жоўты лес, артыстычная работа Біма. Чаго ж яшчэ?
У аўтобусе Бім, быць не можа інакш, заўважыў, як я ўздыхнуў, і, відавочна, не зразумеў пра ўсё. Адкуль дадумацца сабаку, што я магу даць хабар шафёру. Сабаку начхаць на гэта. А мне? Якая там розніца — даў рубель я за «малое», ці дваццаць за «большае», ці тысячу за «вялікае»? А ўсё роўна брыдка. Быццам прадаеш сумленне па кавалачках. Вядома ж, Бім стаіць непараўнальна ніжэй за чалавека, таму і ніколі не здагадваецца пра гэта.
Не зразумець гэтага Біму, што сумленне і паперкі гэтыя, як нітка з іголкаю. Але што я за дзівак! Ці можна ж хацець ад сабакі больш, чым ён можа: ачалавечыць сабаку нельга.
І яшчэ: мне шкада стала забіваць дзічыну. Гэта, бадай, старасць. Так добра было вакол, і раптам мёртвая птушка… Я не вегетарыянец і не ханжа, які расказвае пра мукі забітае жывёліны і ўмінае за абедзве мяса, але да апошніх дзён раблю сам сабе наказ: адну-дзве слонкі за паляванне, не болей. Каб ніводнае — яшчэ лепей бы, але Бім зачахне як паляўнічы сабака, а я мушу буду купляць птушку, якую мне застрэліць хтосьці. Не ўжо, збаўце мяне ад гэтага… А да каго я гавару, уласна? Мусіць, самому сабе: раздвоіўся за доўгую адзіноту, і гэта непазбежна. Спрадвеку ад гэтага ратаваў сабака.
Чаму ж такі асадак пасля ўчарашняга дня? Ці толькі пасля ўчарашняга? Ці не прамаргаў я нейкую думку? Такім чынам, учарашні дзень: імкненне да шчасця — і жоўты рубель; жоўты лес — і забітая птушка. Гэта што? Ці не здрада сумленню?
Стой! Вось тая думка, што ўчора выслізнула: не здрада, а дакор сумлення і боль за ўсіх, хто забівае абы забіваць, што ў чалавеку нестае чалавечнасці. З мінулага, з успамінаў пра мінулае прыходзіць і расце ўва мне жаль да птушак і жывёлін.
Я ўспамінаю.
Была дырэктыва кіраўніцтва Таварыства паляўнічых, каб знішчаць сарок за іх шкоднасць, і гэта грунтавалася, нібыта, на назіраннях біёлагаў. І ўсе паляўнічыя білі сарок са спакойным сэрцам. Была такая ўстаноўка і пра каршуковых. Іх таксама забівалі. І пра воўка. Гэтага выбілі амаль падчыстую. За воўка давалі прэмію (трыста рублёў) у старых грашах, а за лапкі сарокі ці коршака, якія паказвалі ў паляўнічым таварыстве, — ці то пяць капеек, ці то пяцьдзесят — не памятаецца.
Але тут, у новай устаноўцы, коршакі і сарокі аб'яўлены карыснымі, не ворагамі птушак: знішчаць іх забаронена. Найстражэйшы загад знішчаць замяніўся на стражэйшы наказ забароны.
Цяпер засталася адна толькі птушка, якую законам дазваляецца знішчаць, якая па-за законам, — сівая варона. Яна быццам разбурае птушыныя гнёзды (за гэта безапеляцыйна вінавацілі і сароку). Затое няма вінаватага за атручаных ядахімікатамі птушак у стэпавых і лесастэпавых раёнах. Ратуючы лес і поле, мы нішчылі птушак, а знішчаючы іх… глумілі лясы. Няўжо аказалася вінаватаю сівая варона, спрадвечны санітар і спадарожнік чалавечага грамадства?
Спіхай усё на сівую варону! — самае пэўнае, элементарнае апраўданне тым, хто вінаваты за смерць птушак.