Троепольский Гавриил Николаевич
Шрифт:
Доўгія эксперыменты са смерцю — жахліва. Паўстаюць ужо супроць гэтага справядлівыя вучоныя-біёлагі і паляўнічыя, ужо барацьба за ахову лесу і птушак ідзе ў міжнародным маштабе.
Ці падняў я ў свой час голас супроць эксперыментаў са смерцю? Не. І гэта дакор і майму сумленню. Як блекла і немачна прагучаў бы мой голас зараз, каб сказаў я, адумаўшыся, такое:
«Ратуйце шэрую варону — выдатнага санітара людскога месцажыхарства, ратуйце яе ад вынішчэння, бо яна дапамагае ачышчаць мясцовасць вакол нас так, як сатырык ачышчае грамадства ад духоўнае нечыстаты, ратуйце шэрую варону за гэта самае; хай яна крышку і зладзейка птушыных яек, але на тое яна і шэрая варона, каб птушкі ўмелі будаваць свае гнёзды; ратуйце гэту насмешніцу, адзіную птушку, якая мае наіўнае нахабства, што нават у вочы чалавеку можа ляпнуць з дрэва: «Ка-ар-р!» (Пайшоў вон, дурань!) А вось адышліся вы, зляціць долу, насмешліва каркаючы, возьмецца зноў аплятаць смярдзючы кавалак мяса, які ніводзін сабака не возьме ў рот; ратуйце шэрую варону — сатырыка ў птушыным свеце! Не бойцеся яе. Паглядзіце, як маленькія ластавачкі дружна клююць яе і гоняць адтуль, дзе чыста, а яна ляціць ад іх, здзекліва пакаркваючы, туды, дзе пахне прытухлым. Ратуйце шэрую варону!»
Сапраўды, выйшла б і немачна і бяздоказна. Тады няхай і застаецца ў гэтым сшытку пра Біма. Зараз вось так проста і напішу на вокладцы: «Бім». Тут усё будзе толькі самому сабе. І запіскі ж гэтыя я пачаў, каб выратаваць гонар Біма, вінаватага сваім нараджэннем, але яны ўсё разрастаюцца, і ўжо пра ўсё тое, што звязана не толькі з Бімам, але і са мною. Ніхто, відаць, іх не надрукуе, ды і каму ахвота чытаць пра сабаку і пра сябе? Нікому. Так і хочацца напісаць словы Кальцова:
Пишу не для мгновенной славы: Для развлеченья, для забавы, Для милых искренних друзей, Для памяти минувших дней.…А Бім ляжыць і ўдзень — нарабіўся, прыяцель, нахапаўся гаючых пахаў жоўтага лесу.
Ах, жоўты лес, жоўты лес! Вось вам і асколачак шчасця, вось табе і месца, дзе падумаць. У асеннім сонечным лесе чалавек робіцца лепшы.
Раздзел 5. На аблаве ў воўчым яры
Аднаго асенняга дня да Івана Іванавіча зайшоў чалавек, ад якога пахла стрэльбаю і сабакам. Хоць ён і не быў у паляўнічых рэгаліях і апрануты быў звычайна, як усе малацікавыя людзі, але Бім адчуў ад яго і тонкі пах лесу, і след ад стрэльбы на далонях, і духмяны дух асенняга лісту ад чаравік. Вядома ж, пра ўсё гэта Бім сказаў, абнюхваючы госця, пазіраючы на гаспадара і энергічна пакручваючы хвастом. Бачыў ён яго першы раз, але ж адразу прызнаў за сябра без усякіх сумненняў і нерашучасці.
Госць ведаў сабачую мову, таму і сказаў ласкава:
— Прызнаў, прызнаў. Маладзец, добра, добра. — Пагладзіў па галаве і сказаў упэўнена і ясна: — Сядзець!
Бім выканаў загад — сеў і нецярпліва перабіраў лапамі. І слухаў, і глядзеў не спускаючы вачэй.
Госць і гаспадар паціснулі адзін аднаму рукі, сустрэліся добрымі-добрымі вачыма.
«Выдатна!» — сказаў Бім, віскнуў.
— Разумны сабака, — сказаў госць, кінуўшы вокам на Біма.
— Добры Бім, лепшага не трэба! — пацвердзіў Іван Іванавіч.
Вось так яны крыху пагаварылі ўтрох, і госць-паляўнічы дастаў з кішэні паперку, паклаў яе на стол, пачаў вадзіць па ёй пальцам і гаварыў:
— Вось тут… тут, у самай гушчэчы Воўчага яра. Сам падвываў. Пяцёра адгукнулася: трое прыбылых, два мацёрыя. Аднаго пабачыў. Ну і ваўчыла!
Бім ведаў словы гаспадара, калі шукаў: «Тут-тут, тут-тут». І насцеражыўся. Але калі было сказана слова «ваўчыла!», вочы яго расшырыліся: гэта быў жудасны пах ляснога сабакі, пах, якога напалохаўся Бім, пах, пра які гаспадар тады, пужаючы, сказаў, паказваючы на след: «Воўк! Гэта воўк, Бім». Вось цяпер і паляўнічы сказаў гэтаксама: «Ну і во-оўк!»
Госць пайшоў, развітаўшыся з Бімам.
Іван Іванавіч сеў набіваць набоі, закладваючы буйныя гарошыны свінцу і перасыпаючы іх бульбянаю мукою.
Ноччу Бім спаў неспакойна.
А задоўга да світання яны выйшлі са стрэльбаю на вуліцу і сталі ля вугла. Скора пад'ехаў вялікі аўтамабіль з паляўнічымі. Яны сядзелі і ў накрытым кузаве на лаўках, сядзелі ціха і ўрачыста. Іван Іванавіч спачатку пасадзіў Біма, потым і сам улез у кузаў. Учарашні паляўнічы сказаў Івану Іванавічу:
— Э-э, не! Нашто ж Бім з табою!
— Сабак не павінна быць на аблаве. Зняць! — строга сказаў хтосьці. — Падасць голас — прапала аблава.
— Бім не падасць голасу, — быццам апраўдваўся Іван Іванавіч. — Не ганчак жа ён.
Яму пярэчылі адразу ў некалькі галасоў, але кончылася на тым, што ўчарашні госць сказаў:
— Дарма. З Бімам пастаўлю на запасную! Ёсць месца, Іван Іванавіч: было так, што воўк вырываўся там са сцяжкоў, па пратоцы.
Бім здагадаўся, што яго не хочуць браць. Ён таксама ўгаворваў суседзяў, але ў цемнаце яго ніхто не зразумеў. І ўсё ж аўтамабіль рушыў.
Ужо сонца ўзышло, калі спыніліся ля леснічоўкі знаёмага лесніка. Выйшлі ўсе ціха, без адзінага слова, як і Бім. Потым доўга ішлі ланцужком паўз узлесак. Ніхто не курыў, не кашляў, не стукнуў нават ботам аб бот, ступаючы па-сабачы: тут кожны ведаў — куды, хто і нашто. Не ведаў толькі Бім, але ён таксама ценем ішоў услед за гаспадаром. Той на хаду крануў Біма за вуха: добра, маўляў, маладзец Бім.
Паперадзе, за галоўнага, ішоў учарашні госць-паляўнічы. І вось ён падняў руку — усе спыніліся. Трое пярэдніх пайшлі ў лес яшчэ асцярожней, па-кашачы, і скора вярнуліся. Цяпер Галоўны падняў над галавою фуражку, махнуў ёю ўперад. Па гэтым знаку палавіна паляўнічых пайшла за ім, сярод іх апошні і Іван Іванавіч з Бімам. Так што Бім ішоў апошні: цішэй за яго ніхто не мог ісці, але, нягледзячы на гэта, Іван Іванавіч узяў яго на павадок.