Вход/Регистрация
Белы Бім Чорнае вуха
вернуться

Троепольский Гавриил Николаевич

Шрифт:

— Значыцца, прывітанне! — І сеў на крэсла, выціраючы твар хусцінкаю. — Та-ак… На паляванне, значыцца?

— На паляванне, — незадаволена буркнуў Іван Іванавіч, — на слонак. Ды вы заходзьце — будзеце госцем.

— Вось та-ак… на паляванне… Давядзецца адкласці, значыцца.

Бім перавёў позірк з гаспадара на госця, здзіўлена і ўважліва. Іван Іванавіч сказаў амаль сярдзіта:

— Я не разумею. Растлумачце.

І тут Бім, наш ласкавы Бім, спачатку чуць загырчаў і неспадзеўкі гаўкнуў. Зроду такога не здаралася, каб дома — і на госця. Госць не спалохаўся, яму, здавалася, было ўсё роўна.

— На месца! — гэтак жа сярдзіта загадаў Іван Іванавіч.

Бім пакарыўся: лёг на ляжак, паклаўшы галаву на лапы, і глядзеў на госця.

— Бач ты! Слухае, значыцца. Та-ак… Значыцца, ён і на жыхароў у пад'ездзе брэша, напрыклад, як на лісу?

— Ніколі. Ніколі і ні на кога. Гэта першы раз. Слова гонару! — хваляваўся Іван Іванавіч і сердаваў: — Дарэчы, да лісіц ён нічога не мае.

— Та-ак, — зноў завёў госць. — Давайце па парадку.

Іван Іванавіч скінуў куртку і сумку.

— Я слухаю вас.

— У вас, значыцца, сабака, — пачаў госць. — А ў мяне, — ён выняў з кішэні паперку, — скарга на яго. — І падаў гаспадару.

Іван Іванавіч чытаў і хваляваўся. Бім прыкмеціў гэта, самохаць сышоў са свайго месца і сеў ля ног сябра, быццам баронячы яго, але на госця больш не глядзеў, хоць і быў напагатове.

— Глупства ўсё, — сказаў Іван Іванавіч спакайней. — Глупства. Бім — ласкавы сабака, нікога не кусаў і не ўкусіць, нікога не пакрыўдзіць. Сабака інтэлігентны.

— Хэ-хэ-хэ! — пакалыхаў жыватом госць. І недарэчна чыхнуў. — О-о, скаціна! — бяскрыўдна сказаў ён да Біма.

Бім яшчэ больш адвярнуўся ўбок, але зразумеў, што гавораць пра яго. І ўздыхнуў.

— Як гэта вы разбіраеце скаргі? — спытаў Іван Іванавіч ужо спакойна, усмешліва. — На каго скарга, таму даяце яе чытаць. Я і так паверыў бы вам, каб пераказалі.

Бім заўважыў у вачах у госця смяшынку. А той прама сказаў:

— Перш-наперш, так і патрабуецца. Па-другое, скарга не на вас, а на сабаку. А сабаку мы чытаць не дадзім… — І засмяяўся.

Гаспадар таксама слаба ўсміхнуўся. Бім нават і не падумаў: ведаў, што гаворка пра яго, а што да чаго, не мог уцяміць — вельмі ж незразумелы госць. Той тыцнуў пальцам на Біма і сказаў:

— Сабаку звальняць трэба. — І махнуў рукою да дзвярэй.

Бім зразумеў, што патрэбна ад яго: пайсці. Але ад гаспадара не адступіў і на сантыметр.

— А вы паклічце тую, што скардзіцца, — пагаворым, уладзім усё, магчыма, — папрасіў Іван Іванавіч.

Госць, зусім нечакана, пайшоў і скора вярнуўся з жанчынаю:

— Вось прывёў да цябе цётку, значыцца.

Бім яе таксама ведаў: невялічкая, крыклівенькая і тлустая, яна, аднак, цэлыя дні сядзела на лаўцы на двары з іншымі вольнымі жанчынамі. Аднойчы Бім нават лізнуў яе ў руку (не ад залішняе павагі да яе, а да чалавецтва наогул), ад чаго яна завішчала і пачала крычаць нешта на ўвесь двор, да адчыненых акон. Што яна там крычала, Бім не зразумеў, але напалохаўся, даў дзёру і задрапаў дома ў дзверы. Больш ён ні ў чым віны перад цёткаю не меў. І вось яна ўвайшла. Што з ім зрабілася! Ён пачаў туліцца да ног гаспадара, а калі той пагладзіў яго, то падціснуў хвост, пайшоў на ляжак і спадылба глядзеў на яе. Ён нічога не разумеў, што гаварыла цётка, а яна трашчала як сарока і ўсё паказвала на сваю руку. Але па яе рухах, па сярдзітых позірках, Бім зразумеў: гэта за тое, што лізнуў не таму, каму трэба. Малады-малады быў Бім, таму і не ўсё мог дакумекаць. Магчыма, ён думаў і так: «Вінаваты, вядома, але што цяпер зробіш». Ва ўсякім выпадку нешта накшталт гэтага было ў яго вачах.

Толькі няўцям было Біму, што вінавацяць яго несправядліва.

— Укусіць хацеў! Укусі-іць! Амаль што ўкусі-іў!

Іван Іванавіч, перабіўшы цётчыну траскатню, загаварыў да самога Біма:

— Бім! А прынясі мне пантофлі.

Бім споўніў гэта з ахвотаю і лёг перад гаспадаром. Той зняў паляўнічыя чаравікі і ўсунуў ногі ў пантофлі.

— Цяпер занясі пастаў чаравікі.

Бім зрабіў і гэта: па аднаму занёс іх пад вешалку.

Цётка прымоўкла, вылупіла вочы. Госць сказаў з пахвалою:

— Маладзе-ец! Ты бач, умее, значыцца. — Неяк крышку, здаецца, непрыязна паглядзеў на цётку. — А яшчэ ўмее што-небудзь?

— Ды вы сядайце, сядайце, — запрасіў Іван Іванавіч цётку.

Яна села, схавала рукі пад фартух. Гаспадар паставіў Біму крэсла і загадаў:

— Бім! На крэсла!

Паўтараць Біму не трэба было. Цяпер усе сядзелі на крэслах. Цётка прыкусіла язык. Госць задаволена паківаў нагою, прыказваў:

— Добра выходзіць, добра, добра.

Гаспадар хітравата прыплюшчыў вочы да Біма:

— А ну дай лапу. — І падаў руку.

Прывіталіся.

— Цяпер, дурненькі, павітайся з госцем, — і паказаў на таго пальцам.

Госць падаў руку:

— Здароў, браток, здароў, значыцца.

Бім зрабіў усё далікатна, як і патрэбна было.

— А не ўкусіць? — асцярожна запыталася цётка.

— Ну што вы! — здзівіўся Іван Іванавіч. — Падайце руку і скажыце: «Лапку!»

Тая і сапраўды выцягнула руку з-пад фартуха і падала Біму:

— Толькі не ўкусі, — папярэдзіла яна.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: