Вход/Регистрация
Белы Бім Чорнае вуха
вернуться

Троепольский Гавриил Николаевич

Шрифт:

Але апошнія ваўкі пакуль што ходзяць па зямлі.

Адзін з іх уцёк ад ненавіснага і небяспечнага чалавечага паху, але не ад Біма. Мы не ведаем, чым бы кончылася іх сустрэча і колькі б праседзела ваўчыца ля дупла. Магчыма, яны і знюхаліся б (яна ж усё-такі была адзінокая ваўчыца, а Бім — самец). Не будзем гаварыць пра тое, чаго не было, толькі напомнім, што людзі бачылі сабаку ў воўчай чарадзе неаднойчы. Але Біма такая доля абмінула.

Калі ўцякла ваўчыца, узнік сам сабою моцны боль у хворых грудзях. Бім стаў задыхацца, таму і выпаўз з дупла ды так і ўпаў на месцы — што будзе тое будзе! І ўсё-такі ён не ўзяўся есці мяса нават пасля таго як зноў вылежаўся і змог устаць. Заставалася толькі адно: ісці наперад, столькі, колькі хопіць сілы.

І Бім пайшоў. Доўга і цяжка ўзбіраўся ён на круты, вялізны, на кіламетр, пад'ём. Дзесьці на паўдарозе ён наткнуўся на след ваўчыцы, перайсці яго не адважыўся (яна ж адсюль і ішла!), потым скіраваў у густы непралазны зараснік і ўбачыў воўка. Убачыў проста перад сабою, мёртвага. Гэта быў той, што ўцёк у сярэдзіну аблавы смяротна паранены, каля якога ўсё яшчэ кружылася і кружылася ваўчыца, час ад часу апавяшчаючы наваколле сваёю страшнаю чалавеку тугою. Мёртвы воўк. Шэрсць на ім аблезла лапінамі. Засталася толькі частка сатлелага звера. Толькі кіпці сталі доўгія, злавесна чыстыя і страшныя. Бім убачыў: нават у мёртвага, сатлелага воўка кіпцюры застаюцца. І ад іх страшна.

Бім заспяшаў паўкругам, на колькі было ў яго сілы, назад, на тую сцяжынку, абходзячы след, які напалохаў яго.

Нарэшце ён узышоў наверх, спыніўся на тым месцы, дзе ўчора была машына, агледзеўся і пайшоў зусім дакладна туды, куды трэба было, — дадому. І зноў у яго неставала сілы, зноў ён адлежваўся ў сцірце, а то і ў сасновай ігліцы, зноў па дарозе шукаў зёлкі і еў іх.

Па шашы бег худы, кульгавы сабака. Бег наперад, толькі наперад, паволі, цяжка, але наперад, да тых дзвярэй, ля якіх ёсць спагада, ля якіх Біму хацелася легчы і чакаць, чакаць гаспадара, чакаць даверу і самае звычайнае, простае чалавечае ласкі.

…А як жа Толік? А як жа ён пасля таго, як прачнуўся раніцаю?

Ён, яшчэ не адзеўшыся, у споднім, пабег да Біма і раптам закрычаў:

— Мама! Дзе-е Бі-ім? Дзе!!!

Мама супакоіла:

— Бім захацеў папысаць, тата выпусціў яго, а ён не вярнуўся. Уцёк. Тата яго клікаў, клікаў, а ён уцёк.

— Тата! — заплакаў Толік. — Няпраўда, няпраўда, няпраўда! — Ён упаў на ложак, хлопчык у споднім, і крычаў з дакорам, з мальбою, у спадзяванні, што гэта няпраўда: — Няпраўда, няпраўда, няпраўда!

Цяпер яго ўзяўся суцяшаць бацька:

— Вернецца ён, вернецца… А не вернецца, то самі знойдзем і возьмем яго да сябе. Абавязкова возьмем. Знойдзем — сабака не іголка.

Толік перастаў плакаць і глядзеў толькі ў адно месца. Потым зірнуў на бацькоў, выціраючы слёзы, і сказаў цвёрда:

— Усё роўна знайду!

Ён так упэўнена сказаў гэта, што бацька і маці апасліва паглядзелі адно на аднаго: «У хлопчыка свая думка».

Ад таго дня Толік стаў маўклівы ў школе і дома, нелюдзімы, насцярожаны да родных.

Ён шукаў Біма. Часам можна было бачыць у горадзе, як чысценькі хлопчык са шчаслівае культурнае сям'і, спыняў прахожых, выбраўшы каго толькі з выгляду, і пытаўся:

— Дзядзечка, а вы не бачылі белага сабаку з чорным вухам?

Раздзел 14. Дарога да родных дзвярэй. Тры хітрасці

Калі Бім падыходзіў да горада, ногі амаль не слухаліся. Бо ён жа зноў быў галодны. Ды і чым можна было пажывіцца каля шашы? Нічым. Хіба што кінутаю кім-небудзь лупінкаю ад кавуна, але гэта не харч, а толькі так. Такому сабаку трэба мяса, добрая куцця, капуста з хлебам (калі застаецца пасля абеду), адным словам, усё, што звычайна есць чалавек. Бім карміўся два тыдні ўпрогалад. З яго хворымі грудзьмі, пабітымі ботам, такая галадоўка — павольная згуба. Калі ж да ўсяго дадаць, што, змагаючыся з ваўчыцаю, ён моцна стукнуў расціснутую стрэлкаю заднюю лапу і штыльгаў на трох нагах, то можна ўявіць, які быў у Біма выгляд, калі ён уваходзіў у свой родны горад.

Але свет не без добрых людзей. На самай ускраіне ён спыніўся ля малюсенькага доміка з аднымі дзвярыма і адзіным акенцам. Вакол доміка ляжалі горы цэглы, каменняў, бетонных пліт, дошак, бярвення, жалеза і ўсяго іншага, а побач, з другога боку, стаяла палавіна новага вялізнага дома, але без акон, без дзвярэй і без даху. Вецер круціўся ў пустых дзірках акон, шыпеў над кучамі камення і цэглы, спяваў у штабелях дошак і завываў у верхатуры будаўнічага крана — і ўсюды на розныя галасы. Нічога дзіўнага ва ўсім гэтым не было Біму (усюды будавалі і будавалі бясконца), а па праўдзе кажучы, ён не раз прасіў у будаўнікоў: «Дайце, хлопцы, пад'есці». Тыя разумелі яго — падкормлівалі. Аднойчы нават жартаўнік з іхняе кампаніі на полуднім перапынку наліў у кансервавую бляшанку ложку гарэлкі і прапанаваў Біму:

— А ну, сабачка, дзюбні за здароўе тых, хто тут не крадзе.

Бім пакрыўдзіўся і адвярнуўся.

— Правільна! — усклікнуў жартаўнік. — Няма табе за каго выпіць, разумніца. Гэта я ведаю дакладненька.

Усе навокал засмяяліся і называлі штукара Шурыкам. Затое той жа самы Шурык адваліў нажом кавалак каўбасы — сапраўдная, з магазіна, а не тое, што са сметніцы! — і паклаў перад Бімам:

— За справядлівасць табе, Чорнае вуха. Вазьмі, мудрэц.

І зноў смяяліся людзі ў выквацаных камбінезонах. А Шурык дадаў, відаць, самае смешнае:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: