Вход/Регистрация
Белы Бім Чорнае вуха
вернуться

Троепольский Гавриил Николаевич

Шрифт:

— Ага, — адказаў Толік. — Гэта Бім. Ён добры.

— Зараз жа прагані.

— Мама!

— Зараз жа!

Толік прытуліў Біма да сябе.

— Не трэба, мама, калі ласка! — І заплакаў.

Музычна празвінеў званок. Увайшоў чалавек. Ён добрым, але стомленым голасам спытаў:

— Што тут у вас за крык? Ты плачаш, Толік? — Ён зняў паліто, разуўся, уссунуў пантофлі і, падышоўшы да хлопчыка з сабакам, сказаў: — Ну чаго ты, дурненькі? — І пагладзіў Толіка па галаве, палашчыў за вушка і Біма. — Бач ты! Сабачка. Глядзі, які сабачка. Бач, які сабачка… худы.

— Тата, тата, ён добры, Бім. Не трэба.

Мама цяпер ужо закрычала:

— Вось так заўсёды! Я гавару адно, а ты другое. Выхаванне называецца. Скалечыш дзіця! — Яна загаварыла на «вы»: — Будзеце локці кусаць, Сямён Пятровіч, але позна.

— Пачакай, пачакай, не крычы. Спакойна. — І павёў яе ў далёкі пакой, дзе яна крычала яшчэ мацней, а ён яе супакойваў.

З усяго гэтага Бім зразумеў, што Мама не хоча Біма, а Тата — за яго, і што ён пакуль што застанецца ў Толіка. Слоў не трэба было разумець нават чалавеку, але ён усё зразумеў бы і тады, калі б яму заткнулі вушы. А тут усё ж сабака з адаткнутымі вушамі і разумнымі вачыма. Як не зразумець! І праўда, Толік павёў Біма ў свой асобны пакойчык (там пахла толькі Толікам).

Ні Бім, ні Толік не чулі, што далей гаварылі Мама і Тата.

А там было вось што:

— Нашто ты крычыш пры Толіку такія словы: «Скалечыш дзіця» і ўсякае такое? Гэта ж згуба яму.

— А гэта не згуба: відавочна хворы сабака, бадзяга — і ў нашую ўзорную чыстату? Ты з глузду з'ехаў! Ды ён жа заўтра захварэе ад яго чортведама чым. Не дам. Зараз жа выгані сабаку!

— Эх, маці, маці! — уздыхнуў Сямён Пятровіч. — Ні грама ты не знаеш, што такое тактыка.

— Прападзі ты пропадам, Сямён Пятровіч, са сваёю тактыкаю!

— Ну вось, зноў за сваё… Трэба ж з галавою рабіць: і Толіка не траўміраваць, і сабаку прыбраць. — Потым нешта пашаптаў ёй на вуха і кончыў: — Так і зробім: прыбяром.

— Так бы і сказаў адразу, — супакоілася Мама.

— Не мог жа я гэта сказаць пры Толіку… А ты, дурненькая, завялася: «Прападзі з тактыкаю». — Ён пагладзіў яе па шчацэ (гэта значыць, памірыліся).

Яны зайшлі да Толіка. Мама сказала:

— Ну, хай жыве, што ж…

— Вядома, хай жыве, — падтрымаў Тата.

Толік зарадаваўся. Ён удзячна глядзеў на Маму і Тату, ён расказваў пра Біма і паказваў усё, што той умее.

Гэта была шчаслівая сям'я, дзе ўсе цяпер былі задаволены жыццём.

— Але адна ўмова, Толік: Бім будзе спаць у прыхожай і ні ў якім выпадку не з табою, — скончыў Тата.

— Вядома, хай, — згадзіўся Толік. — Ён жа вельмі акуратны, Бім. Я добра ведаю.

Бім прыкмеціў, вядома, што Тата — добры, спакойны, упэўнены чалавек. А калі, крышку пазней, Толік правёў Біма па пакоі, знаёмячы з кватэраю, то тады Бім прыкмеціў, што Тата еў адзін, з газетаю ў руках, і таксама спакойна і ўпэўнена. Добры чалавек — Тата, ён жа Сямён Пятровіч.

Дапознага прагуляў Толік з Бімам, расчасаў яго, крыху накарміў (больш не дазволіў Тата: «Галоднаму сабаку многа нельга, можна загубіць»), выпрасіў у Мамы матрасік (зусім новы!), паслаў у кутку прыхожае і сказаў:

— Вось тваё месца, Бім. На месца!

Бім паслухмяна падпарадкаваўся. Ён усё зразумеў: тут ён будзе пакуль што жыць. Усярэдзіне ў яго ўсё пацяплела ад ласкі і спагады маленькага чалавека.

— Пара спаць, Толік. Пара. Палова адзінаццатае. Ідзі кладзіся, — угаворваў Тата.

Толік лёг у ложак. Засынаючы, ён думаў: «Заўтра пайду да Сцяпанаўны і скажу, хай у мяне жыве Бім, пакуль вернецца Іван Іванавіч…» І яшчэ ўспомнілася такое: калі ён расказаў дома, што ходзіць да Сцяпанаўны і там ёсць Люся, а ён водзіць Біма, то мама пачала крычаць, а тата сказаў Толіку: «Болей туды ты не пойдзеш»; калі ж Толік плакаў, то тата напаслед сказаў маме: «Мы забыліся з табою, што такое тактыка?» І гладзіў Толіка па галаве, гаворачы: «Што ж цяпер зробіш? Трэба табе вырасці, вялікім чалавекам стаць, але не сабачнікам і не да бабак розных там хадзіць. Нічога не зробіш!» А цяпер вось Бім будзе жыць у яго і да «бабак» хадзіць не трэба… Ён толькі разочак сходзіць да Сцяпанаўны, каб сказаць ёй пра ўсё… і да Люсі… Яна харошая дзяўчынка, Люся… А Бім спіць. Добры Бім».

Ад гэтых думак Толік заснуў радасным сном.

…Глыбокаю ноччу Бім пачуў крокі. Ён расплюшчыў вочы, не падымаючы галавы, і глядзеў. Тата ціха падышоў да тэлефона, пастаяў, прыслухаўся, потым узяў трубку і паўшэптам сказаў толькі два словы:

— Машыну… Зараз жа.

Значэння гэтых слоў Бім, вядома, не зразумеў. Але заўважыў, што Тата трывожна глядзіць на дзверы, дзе спаў Толік, неспакойна зірнуў на Біма, пайшоў на кухню, вярнуўся адтуль з вяровачкаю і нейкім клуначкам. Бім здагадаўся: нешта не тое, неяк перамяніўся Тата — ён быў не падобны да самога сябе. Нешта падказвала Біму, што трэба забрахаць, бегчы да Толіка! Бім не сумняваўся, абавязкова б зрабіў так, але Тата падышоў і пачаў гладзіць Біма (значыць, усё добра), потым прывязаў вяроўку да аброжка, апрануў паліто, ціхенька-ціхенька адчыніў дзверы і вывеў Біма.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: