Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Трошкі, — насцярожана адказваю я, не разумеючы, чаго ён гэтак незвычайна пачынае размову. Але адчуваю, што гэта не так сабе.

— Пойдзеце ў санчасць, — кажа камбат і б’е бадылінай па снезе.

Снегавая пацяруха асыпае мне боты, трапляе начштабу на карту, і той з прыкрасцю страсае яе пачырванелай далонню.

— Таварыш капітан, — спрабую я запярэчыць, але камбат не хоча і слухаць — бадай, як і ўсе камандзіры, ён не любіць, калі яму хто пярэчыць.

— Пойдзеш у тыл. Усё роўна з такой галавой — не ваяка…

— Дык у роце нікога не застаецца. Вы ж ведаеце.

— Ведаю. Заўтра Басмак прыйдзе. А пакуль старшына Дарафееў пакамандуе.

Вядома, наш старшына можа пакамандаваць і сёння, і заўтра, чалавек ён сталы і страляны, і ўсё ж мне зусім не хочацца пакідаць роту і выпраўляцца ў санчасць. Калі б ён паслаў мяне на які дзень раней, хоць бы мінулаю ноччу, калі мы мерзлі пад агнём у снезе пасля няўдалае атакі. А то лацно яму ставіць на роту старшыну, калі часці ўваходзяць у прарыў, мінаюць нямецкія флангі, і ўжо вунь ён, Кіраваград. Удзень з Севярынкі мы бачылі яго прыгарады, дымы пажараў і высокія будынкі, якія штурмавалі нашыя «ІЛы».

— Вось з Кротавым і пойдзеце, — кажа камбат, ківаючы галавой на камандзіра шостае роты. Той стаіць чорны, быццам зямля, і не пазірае на людзей. — Ды яшчэ гэтых субчыкаў прыхопіце. Заадно. Каб канвойных не пасылаць.

Гэта ён пра трох немцаў, якія стаяць адзін пры адным, цесненька збіўшыся ў купку і страхавіта пазіраючы наўкола. Адзін з іх проставалосы, без шапкі, малады хлопец-крапак, другі без шыняля, у мундзірчыку, з абвіслымі кішэнямі і вялікімі, амаль прафесарскімі, акулярамі на блізарукіх вачах. Трэці — нізкі, таўставаты стары прастуджана сморкае распухлым чырвоным носам. «Вясёлая кампанія, нішто сабе, чорт бы яе ўзяў!» — пачынаючы злавацца, думаю я. Удружыў камбат, нічога не скажаш. Камбат жа, здаецца, не прыкмячае мае незадаволенасці, таксама, як і змрочнае паставы Кротава, і дастае з кішэні дзюралевы партабак, густа аздоблены адмысловай разьбой.

— Частуйцеся, старшына, — працягвае ён партабак да Шашка.

Той не прымушае сябе ўгаворваць, ступае на крок і ўпэўненым жэстам бярэ папяросу. Пасля да партабака цягнецца рукой начштаба. Кротаў з-пад насупленых броваў бліскае злым позіркам і, як мне здаецца, трудна, асуджальна ўздыхае. Нам папярос камбат не прапануе. Яны ўтрох моўчкі прыкурваюць, і старшына, адставіўшы ўбок абутую ў нямецкі валёнак нагу, праз дым узіраецца ў мяне адным вокам.

— Ты што ж гэта, младшой, з такім скрыпам загад выконваеш?

Я коратка зыркаю ў ягоны самазадаволены начальніцкі твар і, стрымліваючы ў сабе злосць, маўчу. Якая ў яго, урэшце, справа і хто ён такі, каб рабіць мне заўвагі?

Кротаў, якога, відаць, дапякаюць свае турботы, нервова паварочваецца да камбата.

— Дык мне што? Роту здаваць, ці як?

Камбат моршчыць лоб і старанна раскурвае папяросу.

— Ну, чаму здаваць? Што гэта вы ўжо… Адразу ў паніку…

— Роты пакуль не здаваць, — упэўнена аб’яўляе старшына, і камбат таропка папраўляецца:

— Так, пакуль не здаваць. Няма такога загаду здаваць.

— Дзела яснае, — змрочна ўздыхае Кротаў. — Дзела яснае, што дзела цёмнае. Ну і чорт з ім! Хай!

Ён адчайна лаецца і адыходзіць убок, сваім выглядам даючы зразумець, што абыякавы да ўсяго і не баіцца нічога. Камбат устае з капца і выцягвае голаў, зазіраючы ў хвост калоны.

— Ну, дзе там Касенка? Не дачакаешся!

Касенка, якога ён чакае, камандзір узвода разведкі, і я пачынаю думаць, што, можа, і яго пашлюць з намі ў тылы палка. 3 Касенкам, вядома, было б весялей, хлопец ён таварыскі і гаваркі. Толькі ці накіруюць яго ў тыл: цяпер, калі ідзе наступленне.

Тым часам над стэпам пачынае прыкметна цямнець. Сціхае ад самалётнага гулу зімовае неба, больш чутны робіцца шорхат кукурузы на ветры. На ноч бярэцца мароз, і я настаўляю каўнер свайго шынялька — вушы хоць і прыхаваны пад бінты, але памалу заходзяцца ад сцюжы.

Камбат чакае. Аднак замест Касенкі на дарозе з’яўляецца разведчык. Зухавата ляснуўшы абцасамі, ён спыняецца за пяць крокаў перад начальствам.

— Таварыш капітан, лейтэнант Касенка каня не даюць.

Камбат шчыра дзівіцца.

— Як гэта не даюць?

— Не даюць, і ўсё. Кажуць, хутар трэба разведаць. Хутарок там наперадзе.

— Хутар, хутар! Во і на гэтым разведае, — тыцкае ён на мухортага старшыновага коніка. — Чым не рысак! А то вылупляецца яшчэ! Тожа мне кавалерыст!

Разведчык пераступае з нагі на нагу, на ягоным круглявым расчырванелым твары наіўная збянтэжанасць — маўляў, мне што: лейтэнант не дае, а я тут пры чым? Але камбат, здаецца, гэтага не разумее і, нахмурыўшы вочы, строга глядзіць на байца.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: