Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Фу, думаў не даганю ўжо, — з прыкметнай палёгкай ад таго, што пазбыўся адзіноты ў начным полі, кажа Шашок і прытрымлівае каня. — Ну як, не паразбягаліся фрыцы?

— Не разбягуцца, — кажу я.

Старшына скіроўвае каня па левай каляіне і блізка пад’язджае да немцаў. Кротаў на хаду азіраецца (здаецца, ён ужо паспакайнеў) і з хвіліну ўглядаецца ў старшыну і яго каня.

— Ну што, не адкалолася?

— Не адкалолася, — ахвотна адказвае Шашок. — Заўпарціўся разведчык. Не хацелася скандал учыняць.

Усё зразумела: Шашок на тым самым мухортым коніку, на якім і прыехаў у батальён. Значыць, Касенка праявіў характар да канца. Ён такі, гэты наш лейтэнант. Разведчык!

— Я б таму каню лепш кулю ў вуха, чым вам аддаваць, — кажа Кротаў.

Шашок не адказвае, прапускае міма ўвагі гэтую адкрыта непрыязную заўвагу і развязна крычыць на немцаў:

— Шнэль! Шнэль, вашу матары! Затапчу, фашысты!

Ён і сапраўды падсцёбвае повадам каня. Задні немец кідаецца з каляіны, проставалосы адхіляецца ад конскае храпы. Старшына задаволена рагоча.

— А, палахліўцы, такую вашу… Саступай дарогу рускаму воіну!

— Ану, канчай! — пагрозліва азіраецца Кротаў. — Спярша вазьмі ў палон, а пасля будзеш канём таптаць.

Шашок прыціхае і зверху ўніз насцярожана аглядвае ротнага.

— А вам што, шкада?

— Не шкада. Агідна!

— Значыцца, зашчышчаеце? Немцаў зашчышчаеце?

– Ідзі ты…! — узрываецца Кротаў. — Хочаш дзела прышыць? Не баюся я вас!

— Так, так! — Шашок шматзначна сціхае, нешта затаіўшы ў сабе, і далей ціха едзе сабе за ўсімі.

Немцы пераглядваюцца, відаць, штось зразумеўшы з гэтае сваркі, і мне робіцца няёмка перад імі. От яшчэ знайшлі месца лаяцца! Ну, але ўсё гэты Кротаў… Вядома, ён цяпер злосны, таму і сапраўды можа нарабіць сваркі.

Толькі, відаць, я дарма непакоюся, пасварыцца як мае быць яны не спраўляюцца. На чарговай танкавай паваротцы ў кукурузе нам сустракаюцца людзі.

Гэта сувязісты. Абвешаныя шпулькамі з кабелем, тэлефоннымі апаратамі, са зброяй на грудзях, яны палахліва кідаюцца ўбок з каляін, калі бачаць нас. Пасля, мабыць, пазнаўшы сваіх, нясмела выходзяць з рэдзенькае кукурузы і заміраюць на дарозе. Позіркі іх чамусьці трывожна скіраваны ўбок.

— Што такое? — пытаецца Кротаў, калі мы набліжаемся да іх.

Сувязісты топчуцца на месцы, рухі іх дужа скутыя, галасы сцішана ўстрывожаныя.

— Там немцы, — урэшце зацята паведамляе адзін з карабінам на шыі.

— Ледзьве не напароліся, — ахвотней дадае другі, не адрываючы позірку ад прыцьмелае кукурузнай далечы.

Два другія моўчкі ўзіраюцца туды. Я таксама пазіраю наперад.

– Ідзі ты, хлопец, ведаеш куды! — злуецца Кротаў. — Адкуль тут ім узяцца? Вунь дзе немцы, — паказвае ён назад, на зарава над Кіраваградам.

— Канешне, — не вельмі ўпэўнена пацвярджае Шашок. — Я надвячоркам тут ехаў — нікога не было.

Сапраўды, адкуль тут узяцца немцам, ужо амаль што ў глыбокім тыле палка? Батальёны далёка наперадзе, калі б што, дык ужо даўно заўважылі б і прынялі якія меры.

— I танк. Стаіць, кукурузай абкладзены.

«Тыгр»! — быццам не чуючы нашых пярэчанняў, у нейкім няўцямным трансе бубніць сваё сувязіст.

Кротаў са знарочыстай праставатасцю ў голасе пытаецца:

— Танк?

— Танк.

— «Тыгр»?

— Ага, мусіць, «тыгр». Дужа вялікі.

— Знаеш, баец! Быў бы ты ў маёй роце, я б табе паказаў «тыгра». Ён бы табе пасля кацянём здаўся! — грозіцца Кротаў і ківае на мяне. — Пайшлі! А вы цягніце сувязь! Куды загадана. I без панікі каб. Жыва! Вам зразумела?

Сувязісты, аднак, усё топчуцца на месцы. Ад камандзірскай упэўненасці i рашучасці ў іх, відаць, не прыбыло. Ціха перагаворваючыся, яны застаюцца, а мы ідзём далей. Я пачынаю пільней, чым дагэтуль, узірацца ў начное наваколле. Кротаў перасоўвае на рамяні кабуру. Немцы, наўрад ці зразумеўшы што з гэтае размовы, ціха брыдуць у сваёй каляіне. Старшына Шашок моўчкі едзе ззаду. Ён першы парушае нашу няпэўную маўклівую насцярожанасць.

— Младшой! — звяртаецца ён да мяне. — Ты гэта вось што…

Я гляджу на старшыну, ён, зверху цікуючы па баках, нешта рашае.

— Ты вось што… Вядзі іх прама. А я… А я падскочу ў батальён. Забыў адно дзела.

«Што ж, падскоквай. Мне што? Толькі ніякай у цябе справы там няма. Проста ты спалохаўся, пісарская душа», — думаю я.

Кротаў, нядобра бліснуўшы вачыма, азіраецца, але маўчыць. Шашок таропка заварочвае каня і з месца пускае яго галопам.

— Наклаў ужо… — чмыхае Кротаў. — Ну і чорт з ім! Без яго лягчэй.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: