Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Звонкім, добра пастаўленым галаском юная выхаванка школьнай самадзейнасці бадзёра чытае верш. Ніхто не забыты, нішто не забыта. Гучна звіняць над плошчай высокія, поўныя аптымізму словы. Малайчына дзяўчо!

Невядома чаго, я праціскаюся між людзей да помніка. Што я там хачу ўбачыць? Скрозь — твары, твары, твары. На мяне ніхто не звяртае ўвагі. Тым лепш. Я разумею, што знайсці тут каго — безнадзейная справа. Як іголку ў стозе сена. I ўсё ж лезу ўсярэдзіну. Гранітнае падножжа манумента завалена зелянінай вянкоў. Колькі хваёвых галін! На вайне яны спадарожнічалі забітым у іх апошнім шляху на зямлі. Разам іх клалі ў магілы. Часта замест дамавін…

Да агню, аднак, не падступіцца. Там піянеры. Стройныя рады белых сарочак і кофтачак. Урачыстая чырвань гальштукаў. Яны салютуюць. Я спыняюся ў шчыльнай групе моладзі. Хлопцы і дзяўчаты. Зноў вастраносыя туфлі, абцасікі, шпількі. Пышныя і старанныя прычоскі. I над плошчай усё той жа прыглушаны россып транзістараў:

А за окном то дождь, то снег, И спать пора. Но никак не уснуть…

Яны жывуць сваім, куды больш ім блізкім. I я іх разумею. На самой справе: прайшло амаль дваццаць год. Шмат хто нічога ўжо і не памятае з таго, што было ў раннім дзяцінстве. Многія нарадзіліся пасля вайны. Вайна для такіх — абстракцыя.

Марудна я прабіраюся між іх шчыльных груп. Мне патрэбен Вечны агонь. Навошта — не ведаю сам. Хіба каб наблізіцца. У кожным агні ёсць невытлумачальная зваблівасць. Магчыма, гэта інстынкт, выпрацаваны ў глыбінях стагоддзяў. У старажытных агонь быў сродкам жыцця, ачышчэння і ахвярнасці. Цяпер ён сімвал іншага сэнсу. Мне хочацца толькі зірнуць на яго і тым далучыцца да памяці мёртвых.

Не дужа ветліва рассоўваючы людзей, я ўсё ж прабіраюся да абеліска. Праўда, агню амаль не відаць. Над хвояй празрыстымі хвалямі струменіць гарачае паветра. У шырокім маўклівым крузе замерлі людзі — дарослыя і дзеці, мужчыны і жанчыны. Строгія позіркі ўсіх скіраваны да адной кропкі — сімвалу вялікага сэнсу. Твары ўрачыста засяроджаны. Яны вельмі мудрыя і вельмі светлыя, гэтыя твары. Мне здаецца, я ніколі не бачыў такімі нашых людзей. Цяжка нават паверыць, што гэта самыя звычайныя твары самых звычайных людзей. Зрэшты, тут тыя, па лёсе якіх усім сваім цяжарам праехала вайна. Ледзьве паўзіраўшыся, я ўжо разумею гэта.

Што ж, пэўна, я таксама не буду тут лішні.

Я выцягваю галаву з-за нейчай высокай чорнай спіны і моўчкі стаю з усімі. Мяккай пазалотай пабліскваюць карнізы і ляпныя рэльефы помніка. Насупраць, нібы мармуровая скульптура, — нерухома жалобны твар жанчыны. Яна ў вялікай чорнай хусціне, з-пад якой выбіваецца на лбе пасма зусім белых валасоў.

Непадалёк, скрыжаваўшы на грудзях рукі, сядзіць інвалід у калясцы. I раптам я чую ціхі голас таго, што стаіць перада мной.

— Ён які, агонь? Сапраўдны?

— Самы сапраўдны, татка. Гэта ад газу агонь. Як на кухні ў Кузьмічовых.

Васьмігадовы хлапчук тармосіць за руку чалавека. Той, аднак, роўна стаіць, трошкі схіліўшы голаў.

— Вялікі?

— Вялікі, татка. Толькі вянкамі заклалі — не відаць.

— А вянкоў многа?

— Многа. На мазаўскі самазвал не ўлезуць.

— Самазвал ён як «студэбекер», так?

— Што?

Хлапчук не пачуў або не разумее незнаёмага слова. Я тлумачу:

— Многа вянкоў. Пэўна, на поўны «студэр» з верхам.

Чалавек на паўабарота паварочвае да мяне пабіты порахам, рабаваты твар.

— Дзякуй.

Калі ласка. Хаця навошта дзякаваць. Жорстка памечаныя вайной, мы і так выдатна разумеем адзін аднаго. Мы — пабрацімы аднаго лёсу. I мне робіцца добра тут, у гэтым цесным страі. На гэтым стыхійным мітынгу без прамоўцаў.

Хлопчык з-пад бацькоўскай рукі з паважнай цікаўнасцю азіраецца на незнаёмага чалавека.

Аднак добрага патроху. Здаецца, жаданне выканана. Неяк унутрана прасвятлеўшы, я пачынаю вылазіць з натоўпу.

Усё ж Вечны агонь у памяць аб тых, хто загінуў — гэта здорава! Калі толькі вечнасць яго не акажацца кароткай.

Здаецца, у адносінах да ўвекавечання забітых я памыляўся. Памяць аб стратах у нашай краіне, як ні ў адной іншай, шматзначная і сімвалічная. Напэўна, ніколі ў мінулым народ не губляў столькі невядомых салдат, як у апошняй вайне. I дагэтуль нікому невядома, колькі маці не дачакаліся з вайны ні сыноў, ні паведамленняў пра іхні лёс. I ляжаць яны ў зямлі невядомымі. Героі і негероі з невядомымі чалавецтву пакутамі і невядомымі подзвігамі, невядомымі лёсамі і імёнамі. Дык хай будзе благаславенны агонь у іх памяць!..

Я рашуча выбіраюся з плошчы. Аднак гэта не проста. Уздоўж тратуара рады людзей. Нехта шчоўкае «Зоркім». Жанчына на выцягнутых руках высока ўзнімае дзіця. Хай бачыць і памятае малы.

За тратуарам рад чырвоных газіровачных аўтаматаў. Ля іх таксама людзі. Лязгае мядзяк, нетаропка гудзе жалезнае нутро, і аўтамат акуратна адмервае сваю порцыю. Стараючыся не ступаць у лужы на асфальце шукаю шклянку. Ля крайняга аўтамата, засланяючы адзін аднаго, нешта шальмуюць двое. Ужо немаладыя. Па ўзросце — былыя франтавікі. У абодвух у руках па шклянцы, але не падобна, каб з газіроўкай. Той, што стаіць насупраць, перахапіўшы мой заклапочаны позірк, з фамільярнасцю, на якую не пакрыўдуеш, падміргвае:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: