Быкаў Васіль
Шрифт:
— Вы, нягоднік! Чуеце! Нягоднік і правакатар!
Ігар падаецца да дзяўчыны, хапае яе за руку.
— Эрна!
— Эрна, ды кінь ты! — з другога боку да яе падыходзіць Цяслюк.
Ігар ставіць яе з сабой побач. Жывы, рэзка акрэслены твар дзяўчыны гарыць ад абурэння.
— А я не баюся! Ваша шчасце, што іх у вас не было. Я б іх сама сарвала. Вы іх няварты. Вы правакатар!
— Вы чуеце? Вы чуеце, таварыш малодшы лейтэнант! Я прашу запісаць.
Малодшы лейтэнант ускоквае за сталом і, як утрапёны, глядзіць на дзяўчыну.
— Замаўчыце!
Эрна змаўкае, але ўся аж калоціцца ад узбуджэння.
Гарбацюк тыкае ў нас пальцам і крычыць афіцэру:
— Вы бачылі? Яны ўсе п’яныя. Прашу запісаць.
— Ану, вядзіце сябе прыстойна. Тут не рэстаран, — строга кажа малодшы лейтэнант.
Эрна марудна супакойваецца. Абхапіўшы за плечы, яе туліць да сябе Ігар. Я з усяе сілы стараюся стрымацца, каб выглядаць спакойным, хоць адчуваю — маёй вытрымкі хопіць ненадоўга.
Хмурачы рэдзенькія броўкі, стаіць малодшы лейтэнант, стаяць міліцыянеры ў парозе. Зацяўшы ў сабе прыкрасць і гнеў, моўчкі стаім мы. Адзін толькі Гарбацюк прыкметна ажыўляецца і ўсё памыкаецца да стала.
— Ось, бачыце! Ось, бачыце. Прамыя выпады! Так, так! Урадавыя ўзнагароды ёсць акт Савецкага ўрада. А яна што сказала? Я папрашу ўсё запісаць. Я не дарую. Я гэтыя ўзнагароды заслужыў у баях!
— Безумоўна! — парушае напружанае маўчанне афіцэр. — Ніхто не даў права зневажаць тое, што заслужана на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
З акамянеласцю, якая зусім не пасуе да яго маладога твару, ён сядае. Яшчэ раз кінуўшы позірк на Эрну, моцна страсае ручку.
— Ну, не ўсё, што блішчыць на грудзях, у баях заслужана, — кажа ў цішыні Цяслюк.
Гэты хлопец увесь час трымаецца неяк надзіва роўна і спакойна. На яго поўных сімпатычных вуснах, здаецца, пастаянна блукае дабрадушная ўсмешка. Нібы ўсё, што тут адбываецца, яго ніколечкі не датычыць.
Малодшы лейтэнант замірае з занесенай над паперай ручкай.
— Вы не мудрыце мне тут…
— А я не мудру, — ва ўвесь свой круглявы твар усміхаецца хлопец. — У мяне дзядзька — бацькаў брат — падпалкоўнік у адстаўцы. Усю вайну прасядзеў у Архангельску ў ваенным вучылішчы. Фронту і не нюхаў. А звольніўся — тры ордэны…
Малодшы лейтэнант недаверліва хмыкае.
— Раскажыце гэта каму-небудзь іншаму.
— Дарма не верыце, — кажу я. — Бывае і так.
— Бувае, — падтрымлівае мяне старшына.
Ён прысланяецца да сцяны і дастае з кішэні партсігар.
— Факт! — кажа Цяслюк. — За выслугу год і бездакорную службу.
Малодшы лейтэнант павяртаецца да старшыны.
— Прахарэнка, у цябе «Шыпка»? Дай-ка адну…
Ён раструшчвае канец цыгарэты і, нібы разважаючы аб нечым, усё аглядае нас. Мы ўсе ўставіліся ў яго. Цяпер ён — наш бог, уладар нашага лёсу. I мы адчуваем у ягонай нядаўняй настроенасці супраць нас шчарбінку.
Старшына Прахарэнка тым часам раскурвае цыгарэту і ссоўвае на вуха фуражку. Ягоны грубы, немалады твар кранае дабрадушная ўхмылка.
— У тыле іх більш давалы, чым на фронце, — з разважлівай дабрадушнасцю кажа ён.
Гарбацюк крута павяртаецца да старшыны.
— Гэта не сіаша справа…
— Чаму ж не наша? Наша.
— Калі не наша, то чыя ж? — кажу я з выклікам. — Гэта што, справядліва па-вашаму, калі ў тылавіка больш ордэнаў, чым у камандзіра палка?
Гарбацюк, гляджу, выклік прымае. Вочы яго загараюцца нядобрым агнём.
За сталом ускоквае малодшы лейтэнант.
— Спыніць гэтыя размовы! Спыніць зараз жа!
Ён зачырванеўся і хвалюецца. Я таксама хвалююся. I ўсё ж шкада, што нам не даюць тут схліснуцца як мае быць. Я б яго вывеў на чыстую ваду…
— Таварыш малодшы лейтэнант! Я прашу гэта запісаць у пратакол! — тыцкае пальцам у паперы Гарбацюк. Чырвоны, спатнелы твар яго пыша абурэннем.
— Запішам! А як жа? Гэта так не пройдзе! — з пагрозай кажа малодшы лейтэнант і пачынае таропка выкладаць на паперы нашу сутычку. У канцы кожнага радка ён страсае ручку.
Гарбацюк з помслівай важнасцю падцінае вусны. Падобна, што ён перамог.
— Сволач ты, Гарбацюк! — кажу я з ледзьве стрыманай лютасцю.
— Гад! — падтрымлівае мяне Ігар. У ягоных вачах таксама нянавісць да гэтага чалавека.
Гарбацюк хоча нешта адказаць, але ззаду праз шырока расчыненыя дзверы ў пакой уваходзяць двое. Абодва афіцэры міліцыі.
— Э-э! Што за грубасці? Што за грубасці? Маладыя людзі!
Лейтэнант за сталом ускоквае і аддае чэсць.
— Таварыш капітан!..