Быкаў Васіль
Шрифт:
Аднак у магазіне чатыры патроны. Я перазараджаю карабін і пачынаю чакаць. Каляіна пада мной мелкая і шырокая. Грубы след «студэбекера» сям-там зацёрты Юркавым целам. Камякі снегу. Сляды. Конскі памёт. Калі добра пацэліцца, першымі стрэламі я магу падбіць пару фрыцаў. На большае разлічваць цяжка. Але і для таго трэба аддыхацца, супакоіцца. Хоць бы паспець!..
Аднак немцаў няма. I з-за пагорка не чуваць нічога. Што за дзіва? Нешта даўгавата яны марудзяць. А можа, ім напляваць на нас? Можа, павярнулі куды на іншую дарогу?
Я азіраюся. Танкіст з Кацяй на ўвесь рост нясуць Юрку. Астатнія ўжо ля будыніны. Здаецца, там пераезд. Якое-ніякое сховішча. I, значыць, жыццё… Гэта раптам абнадзейвае. А можа, і я паспею!
30
Не верачы, што ўсё абышлося, я пераходжу шасейку, якая на гэты бок бяжыць поруч з чыгункай, і кульгікаю на пераезд. Але гэта не пераезд, а хутчэй будка абходчыка — цагляная дамоўка, хляўчук, штабель шпал і некалькі абсыпаных снегам рэек на нізкай падстаўцы. Шлагбаумаў тут няма.
Хлопцы ляжаць у снезе за рэдзенькім паламаным штыкетнікам. Праз ягоныя шчыліны тырчаць на дарогу два аўтаматныя ствалы. Чакаюць. I лаюцца. Прынамсі, лаецца адзін Сахно.
— Якое вы мелі права? Я вас пытаюся?
Яго сусед-разведчык варочаецца ў снезе і запальчыва апраўдваецца:
— Дык жа забіты! Што я сляпы, ці што? У галаву ж куля…
Дашкандыбаўшы да хлопцаў, я бокам падаю ля танкіста і прасоўваю ў дзірку карабін. Наперадзе так нікога і не паказалася. Відаць, сапраўды, плявалі на нас немцы. Папалохалі, забілі аднаго і задаволіліся.
— Васілевіч! — гукае мяне Сахно.
— Я!
— Вы забітага бачылі?
— Ну, бачыў. А што?
— А вы ўпэўнены: ён забіты, а не паранены?
— Я не глядзеў. Вы ж самі там стаялі… Маглі пацікавіцца.
Сахно хвіліну маўчыць, разважаючы. Пасля рашуча ўстае.
— Вось што! — катэгарычна аб’яўляе ён і павяртаецца да разведчыка: — Зараз жа пойдзеце і даставіце сюды труп. Зразумела?
Разведчык таксама ўзнімаецца са снегу.
— А нашто труп?
— Каб я бачыў, што ён забіты! — трацячы раўнавагу, раптам крычыць Сахно. — Вы разумееце ці не? Ці вам трэба зброяй гэта ўнушыць?! Ну!
Ён гатоў азвярэць, размахвае пісталетам, і я цяпер не зайздрошчу хлопцу. Уставіўшыся ў капітанаў твар, відаць, разумее гэта і разведчык. Трохі памарудзіўшы, ён злосна плюе ў снег і, ні на кога не зірнуўшы, ідзе на дарогу. Пад плотам нас застаецца трое. Астатнія, напэўна, у дамоўцы.
— Саплякі! Разгільдзяі! — бушуе Сахно. — Я вам пакажу, як выконваць загады!
«Здорава!» — думаю я. Відаць камандзірская рука. I прынцыповасць. Аднак навошта гэтулькі крыку? Самі — не дурні, разумеем, што да чаго. Накрычаўшыся, Сахно сціхае, бы замыкае свае сківіцы, і кладзецца ў снег. Мы глядзім на дарогу. Разведчык хутка ідзе сабе з аўтаматам пад пахай. Справа, недзе зусім блізка — Кіраваград. У небе над ім расплываюцца дымы. Блізкая кананада калоціць пад намі зямлю. Аднак у якім баку перадавая — не зразумець: грыміць кругом. Невысока ўгары, абрынуўшы на зямлю крута замешаны грукат, праносіцца чарада «ІЛаў» — пайшлі на штурмоўку. На небасхіле бяспромнаю бляклай плямай праз рэдзенькую смугу блішчыць халоднае сонца.
На дарозе па-ранейшаму пуста.
Я пачынаю мерзнуць. I галава, і нага. У кажушковы рукаў набілася снегу. Там мокра. Турбуе думка: як Юрка? Такая дарога, мусіць, далася яму ў знакі. I тут, быццам у адказ на мой клопат, з-за рога дамоўкі з’яўляецца Каця.
— Младшой! А младшой! Друг кліча…
Ад кепскага прадчування ў мяне захлынаецца сэрца. Я ўскокваю з-пад плота. Зводдаль ускідвае голаў Сахно. У ягоным позірку прыдзірлівая строгасць службіста.
— На хвіліну, — кажу я і брыду за рог.
У дамоўцы паўзмрок. Выбітыя вокны завешаны вопраткай. На падлозе зляжалая салома. (Відаць, за гэтыя суткі забрыдаем сюды не мы першыя.) Але тут цёпла. Мяне сустракае пажылы прыгорблены чалавек у чорнай ватоўцы. У куце на саломе паныла сядзіць немец. Побач на нейкай світцы дрыжыць-калоціцца ў брудных бінтах лётчык. Немец час ад часу ахінае яго шынялём. Бліжэй да акна суцішана ляжыць мой спакутнелы сябар.
— Сядзь, — ціха кажа Юрка, адкрыўшы і аслабела заплюшчваючы вочы.
Я апускаюся ля яго на салому і маўчу. Я не ведаю, што з ім? Ці не самае горшае?..
— Цябе там не параніла? — ціха пытаецца Юрка.
— Не, Юра. Абышлося. А ты чуў? — пытаюся я, сцяўшы дыханне. Няўжо ён усё чуў, што рабілася на дарозе?
— Я разумею, — маючы на ўвазе нешта сваё, кажа Юрка. — З намі вазні!.. Самім столькі бяды! Але знаеш… Не кідай. Дужа прашу. Я-то чорт з ім… Але маці ў мяне, ведаеш жа… Не перажыве яна…
Ён змаўкае, і ў мяне адлягае ад сэрца.
— Юр! Ну што ты! — дзіўлюся я, адчуваючы сваю няшчырасць. Бо я не ведаю, куды мы яшчэ падамося? Як выкруцімся з гэтай бяды? Ці здолеем вынесці яго жывога? Не ведаю чаму, але мая рашучасць уратаваць яго пахіснулася. I ўсё ж я з раптоўнай упэўненасцю абяцаю: — I не думай пра гэта: не кінем!