Быкаў Васіль
Шрифт:
— Так. Што здарылася? — міралюбіва пытаецца капітан і знімае фуражку. Пасля, прыгладжваючы не надта пышныя валасы, глядзіць на мяне. — Па якому праву вы аблаялі гэтага грамадзяніна?
— Па праву франтавіка! — кажу я занадта цвёрда і, можа, занадта ўзрушана.
Але дабрадушна настроены капітан на мой адказ ніяк не рэагуе. Ён пераводзіць позірк на Ігара.
— А вы, малады чалавек, па якому праву? Мусіць, вы-та не франтавік?
Шэрыя вочы Ігара робяцца жорсткія, тугія скулы на шчоках выпінаюцца яшчэ болей.
— Па праву сына франтавіка. Дарэчы, забітага.
Капітан счапляе на жываце пальцы і павяртаецца да Гарбацюка.
— Ну, але ж і вы, мабыць, франтавік?
Гарбацюк падцягваецца ўсёй сваёй постаццю.
— Так точна. Гвардыі маёр запасу.
— Ай-я-яй-яй-яй-яй! — прытворна бядуе капітан. — Таварышы франтавікі! У Дзень Перамогі такія абразы! Як вам не сорамна? Што ў вас такое здарылася? Ану, Сямёнаў, дай-ка пратакол.
Малодшы лейтэнант падае аркуш паперы і з важнасцю ў тоне тлумачыць:
— Палітычныя выпады, таварыш капітан.
— Так, так, так… Так, — прыгаворвае капітан і хутка прабягае вачыма па радках пратакола. — Так! Гм! Ды глупства ж гэта! Чапуха! Звычайная склока. Курам на смех…
Малодшы лейтэнант збянтэжана хмурыцца і чырванее.
— I такім глупствам вы марочыце мне галаву? — урэшце пытаецца ў яго капітан. — Пусцяковая справа. Згодны, Сямёнаў?
— Так точна. Я думаў…
Рыпаючы новымі ботамі, капітан падступае да нас.
— Ну што вы, як дзеці? Ай-яй! Франтавікі! Ці варта зводзіць старыя рахункі? У такі дзень. Ну, можа, што і было ў вайну. Але ці варта тое ўспамінаць? Столькі гадоў… Мірыцеся і — з Богам. Нават і пратакола пісаць не будзем.
— Не! Пішыце. Калі мы ўжо тут апынуліся, дык усё пішыце, — кажу я.
Мяне пыдтрымлівае Ігар.
— У нас не проста сварка. Мы прынцыпова…
Капітан падыходзіць да яго і спыняецца.
— Кіньце вы. Якія там прынцыпы? Ну выпілі і паспрачаліся. Заўтра праспіцёся — самім сорамна будзе.
— Мы не п’яныя.
— Ну, тады проста вы злыя. Маладыя і злыя. Ай-яй…
— Мы не злыя! — кажа Эрна. — Мы за справядлівасць! Павінна ж быць элементарная справядлівасць.
— Справядлівасць? Безумоўна. Гэта пахвальна. Чаму ж тады вы зняважылі гэтага грамадзяніна. Ён жа вам у бацькі гадзіцца.
— Не пра мяне гаворка! — з адценнем пакутніка ў тоне адзываецца ад парога Гарбацюк. — Я дакладваў і прасіў запісаць: яны дапусцілі выпады.
Капітан змаўкае і, асцярожна ступаючы блішчастымі ботамі, накіроўваецца да парога.
— Якія іменна выпады?
— Выпады! — цвёрда вымаўляе Гарбацюк. — Вы разумееце якія.
— Хлусня, — кажу я. — Гэтага не было.
Капітан спыняецца пасярод пакоя. Вусны яго строга падціскаюцца.
— Не, было… — фальшыва гарачыцца Гарбацюк. — Я не магу тут пры ўсіх паўтарыць, што ён казаў у рэстаране. Але я напішу… Калі вы не прымеце адпаведныя меры, я напішу куды трэба.
Капітан робіцца строгі. Яго тон мяняецца на адрывісты.
— Сведкі ёсць?
— Я сведка! Я чалавек асаблівага даверу. Гэтага дастаткова.
— Вы памыляецеся, грамадзянін. Гэтага недастаткова.
Ад гэтых слоў у мяне выбухае зларадства. Ага — праўда за намі. Чорта з два ён нас праглыне! Падавіцца… Ён толькі іграе на нервах. Пракляты рудымент. З якой шчыліны вылез гэты змарнелы без людской крыві клоп? Няўрымслівы прыліў гневу і рашучасці падхоплівае мяне з месца і штурхае да расчырванелага потнага Гарбацюка.
— Чуў? Не тыя часы! Ты трохі спазніўся!
Я ледзьве валодаю сабой. Да болю ў арбітах напружваюцца мае вочы. I сціскаюцца кулакі.
Ззаду крычыць малодшы лейтэнант:
— Грамадзянін! Спыніць! Зараз жа адыдзіце на месца!
Але потны Гарбацюкоў твар таксама люцее. З лютасцю ён падаецца мне насустрач.
— Магчыма! Тваё шчасце. Я спазніўся. А то б я зламаў табе хрыбет! Не такім ламаў. Шкада, мала! Не ўсім! Засталіся…
Мае кулакі раптам робяцца важкімі. У вачах зноў туман, і ў тумане не Гарбацюк — Сахно. Ззаду патрабавальны суровы крык, якога я ўжо не слухаю. Нехта падскоквае збоку, каб ухапіць мяне за руку. Але я апярэджваю і, паддаўшы ўсім корпусам, б’ю яго ў сківіцу.
Далей — крык, віск. Гарбацюк кідаецца да мяне. Але яго ўжо хапаюць. Мяне хапаюць за рукі раней. Ля пляча насуплены твар старшыны. Я, аднак, не вырываюся. Я яго болей не ўдару. Гэта адзін раз. I — дзіўна — мне робіцца лягчэй. Я хутка спакайнею. Я чую побач адабрэнне — «Правільна». Гэта Эрна.
А ён яшчэ тузаецца з міліцыянеравых рук. Ды дарма. Хлопцы трымаюць моцна.
— Гэта безабразіе! Дайце мне начальніка аддзялення! Я буду скардзіцца!..
Моладзь ля сцяны ажыўляецца.
— Колькі ўлезе.