Шрифт:
— А з якога ты сяла?
Дзед Талаш назваў сваю вёску.
— А які камандзір стаяў у вас на кватэры?
— Так што камандзір таварыш Шалёхін, — крыху на стары салдацкі манер адказаў дзед Талаш.
Чырвонаармеец і начальнік заставы зірнулі адзін на аднаго. Дзедаў адказ адвёў падазронасць ад яго асобы.
— А скуль гэта воўчая скура? — пацікавіўся начальнік заставы.
Дзед расказаў гісторыю пра вепра і воўка і закончыў яе так:
— Я, таварышы, рашыў падараваць вепра вам, чырвоныя ваякі. А вепр ладны, пудоў на васемнаццаць. Дастаньце фурманку, паеду з вамі, пакажу. Ён тут не так і далёка.
Зайшлі на заставу. Начальнік вылучыў двух чырвонаармейцаў у сяло па фурманку.
А ўжо надвячоркам з вялікім трыумфам ехаў дзед Талаш з чырвонаармейцамі ў Высокую Рудню, везучы на развалках агромністую тушу дзікага вепра. Праславіўся дзед Талаш на ўсю Высокую Рудню, а для яшчэ болылага пыху ён насіў на сабе воўчую скуру, і калі ў яго запыталі, нашто ён цягае яе на сабе, то дзед хітра адказаў:
— Го! Я яшчэ буду выць па-воўчы!
Людзі смяяліся, а дзед сваю думку думаў.
XII
Пажылы, друзлы сівавусы палкоўнік сядзеў у штабе польскай дывізіі, схіліўшыся над ваеннай тапаграфічнай картаю Палескага раёна. Ён ставіў баявую задачу дывізіі і рыхтаваў ёй загад у сувязі з надыходзячай ваеннай кампаніяй супраць Чырвонай Арміі пасля зімняга перапынку. Палкоўнік пан Дэмбіцкі, даўшы волю і разгон сваёй стратэгічнай творчасці, старанна адзначаў на карце пункты важнейшых участкаў ваеннага ўдару, які, па меркаванню стратэга, павінен быў скрышыць супраціўленне Чырвонай Арміі, забываючы на тое, што ў часе бою абстаноўка мяняецца і што вынікі яго залежаць ад тысячы дробязей, якіх ніякі штаб не можа прадбачыць. Палкоўнік пан Дэмбіцкі не лічыўся і з тою акалічнасцю, што ў штабе яго праціўніка не заўсёды вялі рэй прафесіяналы-штабісты старой ваеннай школы, а бралі ініцыятыву людзі таленавітыя з рабочага асяроддзя, непасрэдна высунутыя рэвалюцыяй і ваенным часам. Тым не меней палкоўнік пан Дэмбіцкі рупліва размяшчаў на абраных участках тыя ці іншыя вайсковыя часці, прызначаючы ім розныя ролі. Але пан палкоўнік не мог цалкам аддацца сваім стратэгічным практыкаванням і выверыцьсвой планхоцьна ваеннай карце. Ужо некалькі разоў яго ўвагу перабіваў тэлефон. З розных пунктаў размяшчэння дывізіі паведамлялі яго аб варожым руху мясцовага насельніцтва, накіраванага супраць польскага войска. Пан палкоўнік злаваўся, што яго адрываюць ад важнай работы, і рэкамендаваў зварачацца да паліцыі і жандараў і прасіў, каб не турбавалі яго такімі глупствамі. Але калі яму далажылі аб раззбраенні польскага ваеннага канвоя натоўпам бяззбройных палешукоў, то пан палкоўнік падскочыў на крэсле, як бы яго кальнулі знізу шавецкім шылам.
— Цо? цо? цо? — зацокаў ён разоў тры і аж затросся і пачырванеў увесь.
Яго абурэнню не было канца — такая абраза, такі сорам прычынен быў польскаму войску ў асобе канвойнікаў, вёўшых няшчасных хлопаў. Пан палкоўнік аддаў строгі загад прыняць рашучыя меры аж да расстрэлу і канфіскацыі маёмасці за ўсякія "бандыцкія" замашкі, накіраваныя супраць славутага польскага войска, а канвойнікаў, даўшых сябе абяззброіць, судзіць ваенным судом.
Гэты загад быў далёка не на руку Мартыну Рылю, які падыходзіў да свае вёскі, і ўсім яго таварышам, арудаваўшым пад камандаю бывалага салдата Балука з-пад Цернішч.
Ужо надвечар таго дня, калі дзед Талаш спаткаўся з Мартынам Рылем каля тоўстага дуба, людзі з вёскі Вепры заўважылі адзнакі нейкай нядобрай праявы. Ваенны час, поўны неспакою і неспадзевак, прымушаў іх трымаць вуха востра і спасцярожліва. Пад вечар прайшла чутка, што ў ваколіцах вёскі паявіліся конныя польскія легіянеры. Напэўна, гэта была іх нейкая разведка, судзячы па тым, як яны туляліся, каб не быць заметнымі. Вепраўцы ўжо мелі выпадак бачыць на вуліцы і ў сваіх хатах польскае войска. Але палякі толькі паначавалі ў вёсцы, а назаўтра, забраўшы сякі-такі скарб, харчы для сябе і фураж для коней, яны падаліся кудысь у іншае месца. Дні праз тры пасля гэтага прыехалі жандары і забралі Мартына Рыля. Трое вепраўцаў: Мікіта Самок, Кузьма Ладыга і Кандрат Бус, спачуваўшыя бальшавікам і выступаўшыя за Савецкую ўладу, збеглі са сваіх хат і прыходзілі дамоў на кароткі час, рызыкуючы папасціся ў рукі польскай паліцыі ці контрразведкі. Вось чаму, калі прыйшла чутка аб паяўленні польскіх легіянераў, людзі затрывожыліся і спадзяваліся нейкага новага ліха. Але ноч прайшла спакойна, а раніца новага дня прынесла з сабою болей смелы настрой і ўпэўненасць, что нічога страшнага не здарыцца. I наогул удзень чалавек адчувае сябе болей смела. А палякі якраз раніцаю падкраліся незаметна, незаметна расставілі салдат вакол вёскі, пераняўшы ўсе дарогі, і толькі тады заўважылі іх вепраўцы, калі цэлы табар польскай конніцы галопам прамчаўся па вуліцы. Спачатку людзі не ведалі, чаго наехалі палякі. Сапраўдны страх пачаўся тады, калі палякі, разбіўшыся на некалькі груп, уварваліся ў двары. Мартынаў двор быў заняты ў першую чаргу. Два легіянеры, саскочыўшы з коней, рынуліся ў Мартынаву хату. Некалькі чалавек кінуліся ў клуню.
— Дзе арыштант? — загрымеў легіянер, пераступіўшы парог Мартынавай хаты.
Мартынава жонка млела ад страху і шырока раскрытымі вачыма пазірала на легіянера.
Не дачакаўшыся адказу, легіянеры пачалі варочаць, трыбушыць штыкамі падушкі і дзяругі. Яны ўчынілі сапраўдны пагром, усё кідаючы на зямлю, разбівалі прыкладамі гаршкі і міскі.
Трое малых дзяцей, насмерць перапалоханых, кінуліся да маткі, падняўшы немы крык і трасучыся ад страху. Старэнькі дзядок Мікола, Мартынаў бацька, нічога не разумеючы, жахліва ціснуўся да сцяны і маўчаў, пазіраючы на дзікае буйства азвярэлых вар'ятаў.
— Дзе арыштант? — крыкнуў на дзеда легіянер. Тады дзед Мікола сказаў:
— Вы ж забралі яго, шчоб вас боль забраў!
— Смярдзюк стары! — агнём злосці запаліўся легіянер і сунуў кулаком у зубы старому Міколу. Дзед стукнуўся патыліцай аб сцяну, а з зубоў і носа палілася кроў. Анямеў дзед Мікола, стаіць аглушаны і моўчкі выцірае далонню акрываўленыя губы і размазвае кроў па твары і па рэдзенькай сівай бародцы, звісаўшай, як мох на старым дрэве, на расхлістаныя загрубелыя ад старасці і холаду грудзі.
— О, пся крэў! — крычаў легіянер. — Мы пакажам, цо ест пожондэк і повага до польскего жолнежа.
Разграмілі Мартынаву хату, павыбівалі вокны і вывіхрыліся на двор.
Тое самае чынілася на дварах і ў хатах сялян, папаўшых у няласку і на падазрэнне паліцыі і польскай ваеншчыны.
Кандрат Бус, зачуўшы наезд польскай конніцы, схапіў кажух і шапку, адзеўся на хаду і кінуўся на задворкі, каб драпануць адтуль у лес. Ногі ў яго лёгкія, сам ён чалавек гадоў пад трыццаць — што яму значыць прабегчы з вярсту да лесу. Палякі ўязджалі ўжо ў двор, калі ён выбег з задворкаў на адкрытае поле. Выбіраючы лагчынкі, туляючыся каля хмызу, бег Кандрат, прыгнуўшыся, колькі было змогі. Ён завальваўся ў глыбокі снег, ногі яго вязлі, снег путаў іх і замінаў шпаркаму руху наперад.