Вход/Регистрация
Дрыгва
вернуться

Колас Якуб

Шрифт:

Бабка Наста цяжка ўздыхнула, падцвярджаючы гэту горкую праўду.

На хвіліну цяжкая цішыня працяла хату.

— Ёсць і другі спосаб вызваліць хлопца, — парушыў цішыню Мартын Рыль, — аб ім і трэба падумаць.

Дзед Талаш раптам ажывіўся.

— Праўда твая, Мартын! — і дзед Талаш парывіста патрос Рыля за плечукі, — але скажы, як і'эта зрабіць?

— Падумаць трэба, — ухіліўся Мартын ад простага адказу, але, відаць, у галаве яго быў нейкі план.

— Ведаеш, дзядзька Рыгор, — падняў ён вочы на дзеда Талаша, — заяўляцца да іх не трэба. I да каго заяўляцца? Да гэтых прахвостаў? Пасадзяць самога, а хлопца выпусцяць ці не выпусцяць, невядома. Няможна ім, паганцам, веры даваць. Пайсці — гэта значыць пакарыцца ім. А скула ім у бок!

— Вось жа і я так мяркую, голубе… эге ж! Ці так, ці сяк, а жыць нам спакойна не дадуць… Ні ты, ні я аставацца дома не можам.

Панізіўшы голас, шэптам дзед сказаў з узрушэннем:

— У лес трэба перабірацца, ды не сядзець там, злажыўшы рукі, ды не пазіраць спакойна збоку, як яны тут гаспадараць і распараджаюцца намі.

Ні дзед Талаш, ні Мартын Рыль недагаворвалі сваіх думак да канца, але разумелі адзін аднаго вельмі добра.

— Нічога іншага не астаецца нам, дзядзька Рыгор.

— Эх, стрэльбы добрай няма ў мяне! — пажалкаваў дзед Талаш.

Рыль прамаўчаў: ён трошкі адчуваў сябе як бы вінаватым перад дзедам Талашом, што ў яго такі хвацкі карабін, з якога можна выпаліць сем разоў у адзін захад.

— Але я здабуду сабе стрэльбу, добрую, настаяшчую, — і дзед Талаш прыціснуў кулаком стол. I, трошкі памаўчаўшы, прамовіў, як бы адказваючы на свае думкі:

— Але аднае стрэльбы яшчэ мала… мала, браце, аднае нават добрае стрэльбы!

— Праўда, — кіўнуў галавою Мартын.

У хату ўвайшоў Максім.

— Ціха і спакойна, — далажыў ён.

Параіліся мужчыны. Стомленасць хіліла іх да думкі заначаваць тут з тым, каб заўтра досвіткам павандраваць куды-небудзь далей. Так і зрабілі.

Максім зноў заняў сваю варту, а дзед Талаш і Мартын Рыль прыляглі не раздзеючыся.

Хоць і стомлены быў дзед Талаш, але заснуў не адразу. Пагутарыў трохі з бабкаю Настаю, а потым у самоце думаў аб Панасе, аб яго вызваленні з панскай няволі і яшчэ аб тым, як здабыць сабе добрую стрэльбу. Дзедава фантазія трохі разгулялася і свавольна пераходзіла межы рэальных магчымасцей. А потым заснуў моцным сном.

Досвіткам пакінулі хату, падаліся ў лясныя пушчы. Лес і нетры палескіх балот стануць цяпер іх прыпынішчам і домам.

X

Нерухома стаяў густы амярцвелы лес, шчыльна прытуліўшы верхавіны да верхавін, пераплёўшы галіны, акрыўшыся белымі шатамікрохкай. шапаткой шэрані. Ні звер, ні чалавек, ні птушка не парушалі яго ранішняга зімняга спакою. Толькі дзесь у гушчары галін суха палускваў мароз, пераскакваючы з дрэва на дрэва. Пачынала святлець. З мроку вырысоўваліся стромкія камлі асін, кажаркаватыя дубы, шурпатыя крывыя бярозы, а паміж іх выступалі, як пачварныя дзяды, зломаныя бураю высокія расшчэпленыя абломкі дрэў і спілованыя пні з белымі круглымі шапкамі, з завостранымі вярхамі, ды белымі капцамі раскідаліся па лесе прыгожа скругленыя снежныя курганкі. Працяты марозам снег хрустка скрыпеў пад нагамі дзеда Талаша і грамознага Мартына Рыля. Ішлі яны не спяшаючыся, выбіраючы найболей глухія лясныя дарожкі і сцежкі, абыходзячы небяспечныя мясціны. Ішлі моўчкі, углыбіўшыся ў свае самотныя думкі.

Дзед Талаш — чалавек пераважна замкнуты. Сваімі думкамі не з кожным падзеліцца і думае іх спакваля, грунтоўна, асабліва калі справа ходзіць аб важных рэчах, і планы свае выношвае доўга. Але ўжо калі на што наважыцца, то не адступіцца, покі не дойдзе свайго. Так вось і цяпер. Вынасіў дзед Талаш, як маці дзіця, сваю неспакойную думку. Наўперад мільгала яна цьмяна і нясмела, але патроху ўсё болей і болей акрэслівалася, часцей і часцей турбавала дзедаву галаву, прымала рэальную форму і настырней патрабавала свайго выяўлення ў практычным дзеянні. А гэтай акалічнасці рашуча паспрыяла здарэнне з яго Панасам. Прыспела патрэба пагаварыць аб ёй з жывым чалавекам, з такім, хто зразумеў бы яго і прыйшоў бы яму на дапамогу, бо дзедава думка была такая, што вымагала дапамогі адважных людзей.

— Як ты мяркуеш, Мартыне, — парушыў маўклівасць дзед Талаш, пачаўшы трохі здалёку, — ці можна падабраць добрых хлопцаў…ну, на манер невялічкага войска?

Мартын Рыль зірнуў на дзеда Талаша. Ён дагадваецца, куды гне стары. Яму цікава ведаць, як мысліць сабе гэту справу дзед Талаш.

— Пашукаўшы, людзей знойдзеіп, — упэўнена гудзе ён і дадае: — ды вось ты і я — ужо нас двое.

— Эге ж! — азываецца дзед Талаш, а вочы яго пазіраюць кудысь углыб.

— Людзі, дзядзька Рыгор, ёсць. Пазбіраць іх толькі трэба ды на добрую дарогу наставіць, ды даць ім добрага камандзіра.

— Вось я, голубе, і думаю пра гэта.

Яны прымаўкаюць, думаюць. Мартын чакае, покі дзед выкажацца да канца.

— Калі будуць людзі, то чалавек, хто пакамандаваў бы імі, знойдзецца.

— Часамі адзін чалавек даражэй за цэлыя дзесяткі людзей.

— Эге ж!.. Але адзін чалавек без грамады — малая сіла.

Зноў прыціхлі на кароткі час.

— А ці чуў ты, — пытае дзед, — што па лясах зброя схавана з нямецкай вайны, калі салдаты фронт пакідалі?

— Ходзяць такія чуткі… Напэўна, ёсць… Кажуць, і кулямёты прыхаваныя ёсць… Ды шмат яе і паразбіралі, па дварах хаваюць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: