Вход/Регистрация
Дрыгва
вернуться

Колас Якуб

Шрифт:

Дзед Талаш моўчкі знёс гэту абразу і крыўду.

Больш таго, ён схапіў рукамі за шынель жалнера, што падаваў сена, і стаў перад ім на калені.

— Паночкі! Не бярыце апошняга сена! У людзей ёсць у запасе, а гэта мой апошні стажок…

– Ідзь до д'ябла, стары пёс! — ускіпеў жалнер і штурхануў дзеда ў грудзі.

Са спрытам маладога дзецюка ўсхапіўся з каленяў дзед Талаш. Вочы яго заіскрыліся страшнаю злосцю.

— Сабака! — грымнуў ён голасам, поўным нянавісці і помсты.

Сякера, як маланка, узвілася ў дзедавых руках, бліснуўшы ўгары халодным, вострым лязом. Жалнер, на якога замахнуўся дзед, пабялеў як палатно і падаўся крута ўбок, каб ухіліцца ад сякеры.

— Апамятайся, бацька! — падскочыў да дзеда Максім і схаліў бацьку за рукі.

Збянтэжаныя жалнеры замерлі на момант. Яны ніяк не чакалі такога рэзкага пераходу ў паводзінах дзеда.

— Бяры яго! Вяжы праклятага азіята! — першым апамятаўся жалнер з саней і саскочыў на дол.

Накінуліся жалнеры на дзеда Талаша і пачалі яго валтузіць, стараючыся паваліць старога. Разгарнуўся дзед Талаш, павярнуў сваімі шырокімі плячамі, крутнуўся, і жалнеры паадляталі ад яго, як шчэпкі. А адзін паляцеў потырч носам у снег.

— О, шатан стары! — прамовіў толькі ён, падымаючы сваю канфедэратку.

Не чакаючы новага нападу і адчуўшы, што справа абарочваецца ў нядобры бок, стралою махнуў дзед Талаш у густы хмызняк і знік з вачэй у момант вока. Цяпер толькі ўспомнілі палякі, што яны жалнеры, што ў іх ёсць наганы. Выпалілі некалькі разоў у той бок, дзе знік дзед Талаш.

Пачаў збягацца народ. Першымі дабеглі Васіль Бусыга і пан Крулеўскі.

— Вар'ят, вар'ят! — спачуваў палякам Бусыга.

— Бальшавік! — заключыў пан Крулеўскі.

Забралі палякі дзедаў стажок, а рэштку сена прымусілі Максіма павезці на сваёй фурманцы.

III

"Ваякі, трасца вашай галаве!" — сказаў сам сабе дзед Талаш, калі заціхлі стрэлы, а кулі прасвісталі па баках і над галавою, ляснуўшы сухім трэскам па галінах кустоў і па камлях. У дзедавых вачах яшчэ стаяла, як жывая, сцэна яго стычкі з польскімі жалнерамі і асабліва той момант, калі на яго наваліліся жалнеры, а ён паразмятаў іх, як вецер лёгкае смецце. Гэта значна падымала дзедаў дух і павялічвала яго ўласнае я. Аднак ён шпарка падаваўся глыбей у балота, у гушчары, у лес і толькі тады прыпыніўся і перавёў дух, калі адышоўся даволі далёка і ўпэўніўся, што пагоні за ім няма. На дзедава шчасце, і снег пасыпаў густы і спорны. Але што ж рабіць далей?

Выбраў зацішнае месца, прысланіўся да старой яліны пад навіссю спушчаных, прысыпаных снегам галін, дастаў раменны капшук, наклаў у люльку тытуню, выкрэсіў агню, закурыў. Пыхкае дзед Талаш люлькаю, выпускаючы дымок за дымком. Клубочкі дыму, працэджваючыся праз яловыя лапкі, выбіваюцца на прастор і гінуць у зімнім паветры, а сам дзед думае ды разважае. Паразважаўшы, прыходзіць да думкі, што трохі пагарачыўся. Добра яшчэ, што Максім утрымаў яго рукі, — было б горай, калі б ён засек жалнера. I невядома, што сталася б з яго сынамі і з бабкаю Настаю… Ох, паганцы! I нагнаў жа іх чорт на яго галаву. I як было іначай рабіць з імі? Прасіў, маліў іх, як добрых, станавіўся на калені, а яны толькі здзекаваліся з яго, як бы ён і не чалавек. I калі дзед Талаш пачынаў прыпамінаць, як абышліся з ім жалнеры, то злосць з новаю сілаю агортвала яго, і тады ён шкадаваў, чаму не расшчапіў галоў гэтым грабежнікам.

У выніку ўсіх гэтых думак і разважанняў само сабою напрошвалася пытанне аб тым, як даведацца, што сталася там, дома, з яго. сынамі і жонкаю і як расцэньваецца яго ўчынак.

А ў гэты час, як дзед Талаш сядзеў пад ялінаю і думаў свае думкі, там, у вёсцы, пан Крулеўскі расчышчаў дарогу і падрыхтоўваў поле грамадскай думцы на карысць польскай акупацыі, польскай улады і дзяржаўнасці. Ён сабраў вакол сябе паважаных гаспадароў, ведучы з імі гульню ў польскую дэмакратычнасць. Васіль Бусыга быў яго верным памочнікам. Калі пан Крулеўскі вёў рэй галоўнага свата польскасці, то роля Васіля Бусыгі зводзілася да ролі панскага падбрэхіча. Пан Крулеўскі лічыў сябе знатаком сялянскай псіхалогіі, стараўся гаварыць іх моваю, іх лексіконам. Настрой яго быў узняты, і ён чуць не захлынаўся, калі гаварыў аб польскай культуры, аб польскай дэмакратычнасці, аб польскай місіі быць шчытом для еўрапейскай культуры ад навалы бальшавіцкай азіятчыны. Толькі Польшча забяспечыць людзям волю і нацыянальную роўнасць.

Васіль Бусыга ілюстраваў панскія тэзісы наконт бальшавіцкай дзікасці і грабежніцтва практычнымі прыкладамі, з якіх відаць, як бальшавікі знішчалі дабро, як прыціскалі нават просты народ, хто трохі жыў багацей, забіраючы коні, каровы, адбіраючы кроўю і потам набытую зямлю і аддаючы яе гультаям, што не ўмеюць павярнуцца каля зямлі. Успомнілі тут і дзеда Талаша і яго "дзікі" ўчынак і асудзілі яго самым рашучым чынам. Недарма ж на яго кватэры стаяў чырвоны камандзір.

Дзед жа Талаш за гэты час абдумаў план свайго далейшага дзеяння. Ён выйшаў з свае засады, прыслухаўся, разгледзеўся. У верхавінах лесу журботна шумеў вецер, расцярушваючы між галін і на галіяах дрэў бялюсенькую снежную сець. На доле было ціха і глуха. Дзесь лявей вёскі як бы даносіліся далёкія стрэлы. А можа, гэта проста толькі здавалася дзеду Талашу. Яшчэ пастаяў з хвілінку і паволі рушыў у бок свайго дому. Ішоў дзед Талаш не спяшаючыся, выбіраючы глухія лясныя сцежкі, так добра знаёмыя дзеду, ішоў роўняддзю балотных палос вады, туляючыся між аголеных лазовых кустоў, і востра ўзіраўся ў белую імглу снежнага пуху. Ішоў дзед Талаш з такім меркаваннем, каб на сядзібу папасці ў сутонне, каб лепш быць прыхаваным ад людскога вока.

А пад вечар таго самага дня ў вёсцы з'явілася група польскіх жалнераў. Увайшлі яны ціха, непрыкметна, нікога асабліва не напалохаўшы. Пан Крулеўскі, як відаць, праінфармаваны ў гэтай справе, меў гутарку з начальнікам, пасля чаго і жалнеры, і пан Крулеўскі зніклі з вёскі, а праз некаторы час сюды ўвайшоў цэлы аддзел жалнераў на чале з афіцэрам. Ішлі жалйеры па вуліцы дужа брава, з падкрэсленым выглядам /ваяк і пераможцаў. Малады фарсісты афіцэрык строга, коратка, як і належыць запраўскаму ваяку, аддаў распараджэнне, спыніўшы сваё войска на плошчы, паставіць варту, адзначыў пункты, дзе варта павінна быць асабліва пільнай, загадаў наладзіць сувязь, выслаць дазоры і наогул трымаць вуха востра. Частка жалнераў пайшла ў нарад, а рэшта разышлася па хатах.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: