Вход/Регистрация
Дрыгва
вернуться

Колас Якуб

Шрифт:

Пан Крулеўскі сядзеў у сваім кабінеце на шырокім мяккім крэсле. На стале, засланым зялёным сукном, стаялі прылады пісьма і розныя дарагія рэчы, для пісьмовага стала спецыяльна прызначаныя. Тут жа ляжалі і розныя паперы. А ўсё гэта павялічвала значэнне адміністрацыйнай асобы пана павятовага "камісаржа". На сценах віселі партрэты польскіх генералаў, такіх непрыступных і строгіх. Між гэтых запраўскіх ваякаў кідалася ў вочы духоўная асоба, партрэт біскупа, стрыжанага, брытага, з усімі біскупскімі атрыбутамі. Васіль, зірнуўшы на яго, падумаў сам сабе: "А чаго папаў сюды гэты галамоўза?" Але ўголас не выказаў свае думкі, бо Васіль быў чалавек палітычны і спрытны. Цэнтральнае месца сярод партрэтаў займаў партрэт даволі панурага віду генерала з даўгімі, спушчанымі ўніз, як у маржа, вусамі. На грудзях у яго быў цэлы музей крыжоў, медалёў і розных цацак, што вядуць свой пачатак яшчэ з таго часу, калі роданачальнікі нашых продкаў фарсілі ў хвартушках і звярыных шкурах.

I біскуп, і ўсе гэтыя генералы, і стол з яго ўкрасамі надавалі яшчэ болей важнасці і пыху асобе павятовага "камісаржа". Гэту асаблівасць адразу адчуў Васіль Бусыга, а таму прывітанне яго пану Крулеўскаму было яшчэ болей пачцівым, як звычайна.

Павятовы "камісарж" чуць-чуць кіўнуў галавою, і гэты ківок быў повен велічнасці і паважнасці.

— Цо повеш?

Пан Крулеўскі гаварыў цяпер па-польску, і ў голасе чуўся халодны, афіцыяльны, начальніцкі тон.

У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны, хоць сякія-такія польскія словы ён ведаў. Размовы ж ён меў пераважна з валаснымі пісарамі, з папамі, ураднікамі, часам з прыставам. Ад іх запазычаў ён і расійскія словы, хоць вымаўляў іх са сваім палескім акцэнтам.

— Прыйшоў я да гаспадына пана-камісара прачуць пра сэ-тэ, бо мы сяйчас тэрас жывэма, як гарох пры дародзы, нічаво ніц не ведаючы.

Пан Крулеўскі зірнуў на Васіля. Хацеў зрабіць заўвагу аб польскай мове ў Васілёвым вымаўленні, але замест гэтага запытаў:

— А як становяцца "веснякі" да польскай улады?

— Каторыя, проша пана, станавітыя, гаспадары, тыя Богу дзякуюць — парадак прыходзіць, каб можна спакойна жыць і працаваць.

— А рэшта?

— Усякія, проша пана, ёсць… Дык і трудна сказаць, покі блізка лачальства няма, каб хто мог цікавіцца гэтым.

Васіль Бусыга недагаварыў свае думкі: інстынкт самазахавання дыктаваў яму не расчыняць ёй занадта шырока дзвярэй. Але наконт начальства намякнуў ён тонка: быў жа Васіль кандыдатам на старшыню. Але гутарка на гэтым абарвалася: у двары павятовага "камісаржа" пачуўся шум, галасы і грубыя салдацкія вокрыкі, нагадваючы сабачы брэх. Пан Крулеўскі падняўся з крэсла, падышоў да акна. Туды ж павярнуў галаву і Васіль.

Двор запаўняла цэлая грамада палешукоў, пераважна маладых і сярэдняга веку людзей. Яе абкружаў ланцуг польскіх легіянераў. Лахматыя шапкі розных форм і колераў. Доўгія і кароткія заношаныя кажушкі, чорныя простага сукна пільчакі, світкі, і ўсе абутыя ў дрэнныя лазовыя лапці з высока накручанымі анучамі. Раменныя і берасцяныя кайстры, перакінутыя цераз плечы, завяршалі іх адзенне. Твары іх былі замкнёныя, панурыя, суровыя. Дасціпныя і праз меру адданыя канвойнікі навадзілі парадак у гэтым тлумным стракатым натоўпе, стараючыся паставіць сагнаных невядома адкуль і за што людзей у рады, лаяліся, штурхалі, пагражалі. Не прывыкшыя да такіх строгасцей і адчуваючы агіду да гэтага капральскага парадку, палешукі агрызаліся і на гэтым грунце вынікалі канфлікты, гатовыя перайсці ў цэлую буру грозных учынкаў.

— Што пхаешся, панская падэшва? Ды я цябе як піхну, дык ты і касцей сваіх не збярэш!

Высокі, плячысты, жылісты паляшук, сярдзіта ссунуўшы бровы, абсыпаў іскрамі знявагі і злосці штурхнуўшага яго канвойнага. Легіянер, сустрэўшы знішчаючы погляд злосных вачэй, трусліва здаўся.

— Мільч, сцерва! — прыкрыкнуў ён, але на ўсякі выпадак падаўся далей ад раззлаванага гіганта.

— Ды гэта ж Мартын Рыль! — апазнаў Бусыга хударлявага шырокага палешука з суседняй вёскі Вепры, і па яго целу прабегла нервовая дрыготка. Але гэта нечаканасць выклікала ў ім здаваленне.

Запыненых на некалькі хвілін палешукоў павялі за рог дома, дзе была падрыхтавана каталажка, служыўшая раней складам для рознага гандлярскага хламу. Хвіліны праз дзве з'явіўся капрал і далажыў пану Крулеўскаму аб прыводзе злачынцаў, бунтаўшчыкоў супраць новай улады, выяўна сімпатызуючых бальшавіцкаму "барбарству" і анархіі.

Вяртаючыся дадому ад павятовага "камісаржа", Васіль Бусыга разважаў сам з сабою аб сваім войтаўстве, — яно было забяспечана яму панам Крулеўскім, і аб сваіх абавязках, — яны выплывалі з яго войтаўскага чыну. I яшчэ думаў ён і аб Мартыну Рылю, а пытанне аб тым, ці сказаць аб гэтым Аўгіні, ці не, аставалася адкрытым.

VI

Хто ж такі Мартын Рыль, чый арышт узрушыў новага войта? I чаму вагаўся войт, сказаць аб гэтым Аўгіні ці не сказаць?

Я мушу вярнуцца крыху назад, адкінуць з дзесятак гадоў часу, зазірнуць у Вепры, каб сталі яснымі гэтыя пытанні.

Дзесяць гадоў таму назад у Вепрах не было дзяўчыны цікавейшай за Аўгіню, цяпер войтаву жонку. Вясёлая, жывая, дураслівая, свавольніца і першая штукарка на розныя забаўкі і выдумкі — вось якая была Кублікавых Аўгіня. Любіпа яна і з дзецюкамі пажартаваць, ды жартавала так, што кожнаму з іх здавалася, нібы ён і ёсць той, на якім запыніла яна^сваю дзявочую ласку.

"Нарвецца дзяўчына", — казалі пра яе сталыя жанкі і маладзіцы, калі гутаркі пра яе дурасці даходзілі да іх вушэй. Аўгіня жартаваць жартавала, але граніц у сваіх дурасцях не пераступала. Умела быць яна сталаю і сур'ёзнаю, і вочы яе, цемнаватыя, як лёгкі змрок ясных чэрвеньскіх вечароў, пазіралі тады строга і ўдумліва. I трудна было адзначыць колер гэтых вачэй, што свяціліся, як дзве роўныя, прадаўгавата-круглыя ямінкі-багны на цёмным балотным дне ў роспісе пышных раслін. Іх можна было ўспрымаць як карыя вочы, чуць-чуць пацягнутыя зелянкаваю павалокаю, а часамі яны здаваліся шэравата-зялёнымі. Можа, проста мяняліся яны ў залежнасці ад тых думак, ад тых маладых мар, што поўнілі дзявочую галаву і гушкалі яе сэрца ў той ці іншы час. Адно можна сказаць пра іх: яны вабілі — вось як вабіць воля і радасныя прасторы вясны, поўныя музыкі, звону і шуму жыцця, і зацягвалі, як надрэчная дрыгва, дзе звадлівым шэптам гамоняць высокія шумлівыя чароты і пахучы аер.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: