Вход/Регистрация
Дрыгва
вернуться

Колас Якуб

Шрифт:

Але чараўнічыя гэтыя вочы, здавалася, не мелі ўлады над Мартынам Рылем, і не Аўгіню вылучаў ён з чарады вепраўскіх дзяўчат. Аўгіня сама зачэпіць часамі пры здарэнні Мартына, хоць у гэтым нічога дзіўнага не было, калі прыняць пад увагу Аўгінін характар і яе дураслівасць. Мартын удзеліць ёй столькі ўвагі, сколькі патрабуюць дачыненні чалавека да чалавека. I болей нічога.

— Падабаешся ты мне, Мартын, — раз казала так да яго Аўгіня, а ў вачах яе іскрачкі дураслівай жартлівасці пабліскваюць.

Мартын спакойна ёй на гэта, нібы нічога не зважаючы:

— I ты падабаешся мне, Аўгіня.

А ў тоне яго ніякага ўзрушэння.

— А чым я падабаюся табе, Мартын?

— Тым, што я падабаюся табе.

— А калі б ты мне не падабаўся?

— Ну дык што ж?

— А ведаеш, за што цябе можна ўпадабаць?

— Не ведаю. Скажы.

— За тое, што ты высокі, што ў цябе, як відаць, будуць чорныя вусы. I вочы твае шэрыя, і калі ты часамі глядзіш імі, то робіцца страшна. Я люблю, калі хлапецкія вочы змушаюць затрасціся ад страху. Але я не пайшла б за цябе замуж: у цябе, калі ты пасталееш, будзе казліная барада.

I заліваецца Аўгіня вясёлым смехам.

Мартыну робіцца трохі непрыемна і ад гэтага смеху, і ад такога канца іх гутаркі. Ён адчувае сябе крыху зняважаным і абражаным. Покі сабраўся ён адказаць Аўгіні якім-небудзь трапным словам на яе заўвагу аб барадзе, яна паспела ўжо шмагнуць ад яго і, як відаць, зусім забыцца, што ў Вепрах ёсць чарнявы, высокі, шырокі ў плячах і тонкі ў стане Мартын. Але і Мартын хутка забывае ўсю гэту па істоце драбязлівую рэч. I толькі вечарам, калі ён лёг спаць, перад яго вачыма раптам устала Аўгіня. Яе заваблівыя вочы і ўся іх гутарка аднавіліся ў памяці. Разам з гэтым прыпомнілася і казліная барада, што вырасце ў яго, калі ён пасталее. Пры чым тут барада? Нашто яна прыпляла яе? Непрыемна ўспамінаць гэта. Мартын узважвае ўсе словы Аўгінінай гутаркі. Калі разабрацца па справядлівасці, то яна сказала яму болей прыемных слоў, чым прыкрых. Наконт жа таго, што яна не пайшла б за яго замуж, дык Мартын не думаў жаніцца з ёю і наогул аб жаніцьбе ён не думае. Але і гэта толькі словы яе, і іх можа якраз трэба разумець наадварот. I ці не напамінаюць яны яму аб чым-колечы? I ўсё ж такі казліная барада пераважае над усім. Мартын плюнуў, павярнуўся на бок і заснуў маладым здаровым крэпкім сном.

Мартын Рыль ехаў са стрэльбаю на чоўне ўскрай Прыпяці. Ён туліцца бліжэй да чаротаў, каб спрытней падкрасціся да дзікіх качак. Яму пашчаслівілася настраляць іх штук пяць. З таго боку Прыпяці шыбуе човен. На носе чоўна ляжыць зялёная вязка свежай травы і ёмкі сноп пышнага кучаравага чароту. На чоўне бялее гнуткая, руплівая дзявочая постаць у чырвонай хустачцы, завязанай канцамі назад. Спрытна мільгае вясло ў яе пругкіх руках, і човен борзда і роўна слізгаціць па шырокім лоне спакойнай Прыпяці. Мінуўшы сярэдзіну рэчкі, човен крута верне ў бок Мартына. Мартын сумыслу едзе павольна і пільна ўзіраецца ў затокі, дзе любяць жыраваць качкі, і не глядзіць на човен з дзяўчынаю, хоць ужо ведае, хто на ім плыве. Але яму прыемна.

— А я табе ўсіх качак папужаю, — чуецца малады звонкі дзявочы голас, і следам за гэтым даносіцца яе крык:

— А ты-га! А ты-га, качкі!

Гучны плеск вясла па вадзе павялічвае шум і гулка разносіцца па рэчцы між травяністых берагоў. I сапраўды некалькі качак узнялося з затокі, і свіст іх быстрых крылляў выразна чуваць у паветры. Качкі ляцяць якраз на Мартына. Мартын цэліцца. Гулкі стрэл коціцца па Прыпяці і глухне ў прыбярэжных травах і чаротах. Адна качка хіснулася, нырае ўніз, няёмка махае аслабелымі крыллямі і, апісаўшы дугу, раптам шлёпаецца ў ваду.

Аўгіня спрытна паварочвае свой човен. Уся яе гнуткая фігурка ходзіць ходарам, а на вадзе збоку чоўна пасля кожнага ўзмаху вясла кружацца віркі-леечкі з ціхім, залівістым шапатаннем.

Мартын раптам скідае з сябе павольнасць. Абагнаць Аўгіню, апярэдзіць яе і першым даплыць да забітай качкі! Гнецца вясло пад яго магутнымі наляганнямі, і човен, як шалёны, імчыцца да акрэсленага пункта. Але Аўгінін човен рушыў з болей блізкай дыстанцыі. Шансы даплыць першай на яе старане. Мартын пачынае каяцца, што ўступіў у спаборніцтва з ёю. Ды адступаць ужо позна, і не такі ён чалавек, каб бяссільна палажыць вясло і прызнаць сябе пераможаным. Знімаепільчак, кідае на мокрае дно чоўна. Яшчэ болей крута выгінаецца яго вясло, яшчэ шпарчэй разразае ваду вастраносы човен. Аўгіня бачыць, што верх бярэ Мартын. Ёй нават робіцца ад гэтага весела: яна мала што траціць, калі верх возьме ён, бо ў яго сілы не меней, як у добрага вала. Ды надзеі не траціць яшчэ і яна. Часцей замільгала вясло ў яе спрытных руках. Твар яе расчырванеўся, як макаў цвет. Дзве доўгія цёмна-русыя косы выбіліся з-пад чырвонай хустачкі, і калі яна налягае на вясло і адкідаецца назад, то канцы яе кос апускаюцца на ваду. Забітая качка ўжо недалёка. Не іначай, як Мартын падбярэ яе. Аўгіня пускаецца на хітрасць: яна крута верне свой човен наперарэз Мартынаваму чоўну. Замінка. Не паспеў Мартын і падумаць, каб абмінуць гэту перашкоду, як на іх вачах здарылася цікавая праява: качка раптам правалілася ў ваду, а на тым месцы вада ўзнялася, як бы яе штурхнула штось знізу, закалыхалася і роўнымі кругамі пабегла да самага берага.

— Мартын! Дзе ж качка?

У Аўгініных вачах адбіліся страх і здзіўленне.

Паглядзеў на яе Мартын, засмяяўся.

— Ні ты, ні я не даплылі, а качку сом схапіў!

Момант Аўгіня маўчала. Відаць, гэта здарэнне яе моцна

ўразіла.

— Паедзем, Мартын, назад!

Павярнулі чаўны, прытулілі іх бокам адзін да аднаго і паплылі на свой бераг.

— Ты, мусіць, злуешся на мяне, што я папужала табе качак.

— Не, не злуюся. Мала што бывае.

— Ну, я ж хацела на цябе паглядзець.

Мартын і сапраўды не злаваўся на яе. Апошнія ж яе словы зусім улагоджваюць яго. Але прыпамінаецца казліная барада. Яна робіць Мартына чэрствым і абыякавым.

— А чаго на мяне глядзець? — пытае.

— Ну, бо ты харошы, — адказвае Аўгіня і цягне яго сваімі заваблівымі вачыма.

— Для цябе, здаецца, усе харошыя, — з адценнем насмешкі заўважае Мартын.

— А хіба гэта нядобра?

— Не ведаю.

— Але ты лоўкі стралок, — мяняе гутарку Аўгіня.

Мартын хацеў бы весці пачатую гутарку далей, і змена тэмы яму не падабаецца.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: