Шрифт:
XXI
Не толькі ў Віркуцці, але і шмат па якіх маёнтках акупаванага Палесся ладзілі паны пышныя банкеты польскаму афіцэрству. Польскае шляхецтва перажывала мядовы месяц адраджэння свае дзяржаўнасці, зварот да жыцця, здзяйсненне гадаваных вякамі надзей. I тыя паны, што вярнуліся ў свае маёнткі, адчувалі сябе на сёмым небе і лічылі, што цяпер яны сапраўдныя, настаяшчыя, паўнапраўныя іх уладары. Уся палітычная абстаноўка складалася на іх карысць. Полынча мела сваю армію, узброеную на сродкі Антанты, якая адводзіла Полыпчы значную ролю ў вайне з Саветамі. Становішча ж Саветаў было дужа цяжкае.
Ім прыходзілася напружваць сілы супраць насядаўшай з усіх бакоў контррэвалюцыі ва ўмовах эканамічнай разрухі, нястачы, голаду і цяжкай спадчыннасці, пакінутай царызмам. Усё гэта палягчала задачу польскай ваеншчыне і жывіла надзеі польскай буржуазіі на перамогу ў вайне з Саветамі.
Следам за польскай арміяй ціснулася цэлая хваля буйной і дробнай шляхты, выгнанай рэвалюцыяй з іх котлішч, прадстаўнікі рэлігійнага культу і цэлая псарня іншых дармаедаў і паразітаў. I для ўсёй гэтай грамады ўзаконеных марадзёраў трэба было знайсці і месца і размеркаваць ролі. На гэты раз "ужондзіць" банкет узяўся павятовы "камісарж" пан Крулеўскі. Банкету надавалася спецыяльнае значэнне. Ладзіўся ён не толькі для таго, каб пагуляць і павесяліцца польскай шляхце разам з афіцэрствам: банкету прызначалася і іншая роля.
Маёнтак пана Длугошыца адзін з пышнейшых у павеце. Гэта — котлішча старога польскага роду. На працягу вякоў пераходзіла яно ад бацькі да старшага сына, пераходзіла як умацаваная, вякамі непарушная спадчыннасць. I толькі пры апошнім уладару, пры пану Лявону Длугошыцу, захісталася гэта спадчыннасць ад подыхаў вялікай рэвалюцыі. Пан Длугошыц змушан быў пакінуць свій маёнтак і падацца глыбей на захад. Цяпер пан Длугошыц вярнуўся ў сваё радавое гняздо, вярнуўся як чалавек, які тапіўся і якога адратавалі ад смерці.
Даволі было аднаго толькі абеглага погляду на палац, на дваровыя будынкі, на ўвесь маёнтак у цэлым, каб адразу ўбачыць, што гэта — старасвецкая рэзідэнцыя багатай, радавітай польскай фаміліі. Таўшчэразныя таполі і разложыстыя ліпы пышным вянком акружылі панскую сядзібу. На ўзвышку, атулены густым садам з шырокімі прагаламі, дзе разлегліся прасторныя, роўныя дарожкі, стаяў мураваны белы палац, высока ўзняўшы над садам сваю чатырохкантовуювежу. аздобленую рознымі скульптурнымі ўкрасамі. Горда і пыхліва выступаў ён з цэлага лесу купчастых дрэваў і стромкіх таполяў сваёй вежаю, масіўнымі белымі сценамі і чырвоным чарапічным дахам. У самым палацы, у яго шматлікіх пакоях, прасторных залах, дзе можна размясціць сотні народу, сабраны дабро і раскоша, скрозь якія прабіваліся людскія слёзы, гора і пакута. ПІмат чаго з гэтага дабра страцілася за часы рэвалюцыі, і пан Длугошыц, вярнуўшыся з выгнання, паставіў на ногі цэлы штат прыслужнікаў, каб знайсці і сабраць расцягненае дабро ў скарбніцу фамільнага палаца. З гэтых палацаў разыходзіліся ніці нянавісці і злобы да паўстаўшых "хлопаў", у гэтых палацах завязваліся вузлы змагання супраць новых асноў жыцця, заложаных Кастрычніцкай рэвалюцыяй. У гэтым жа палацы рыхтаваўся цяпер пышны банкет у гонар польскай дзяржаўнасці.
Зазіхацелі, загарэліся яркімі агнямі вокны палаца пана Длугошыца, узіраючыся ў цёмныя закуткі двара і ў панурыя лясы і балоты стоенага ў сваёй трывожнай маўклівасці Палесся. Вечарам, калі на лясы і балоты густа насунулася цемра, пачалі з'язджацца госці. Як звычайна вядзецца ў такіх разах, першымі з'яўляліся меней значныя асобы, уласнікі дробных фальваркаў, арандатары маёнткаў са сваімі жонкамі і дочкамі, у каго яны былі. Усё, што было лепшага для выезду на такую ўрачыстасць, надзявала шляхта на сябе і на сваіх коней. Слугі збіваліся з ног, прымаючы гасцей і прыбіраючы іх вазкі.
Пан Длугошыц, кожны раз сустракаючы новага госця, выказваў усе адзнакі гаспадарскай радасці і шляхетнасці: кланяўся, ветліва паціскаў руку, кідаў тую ці іншую фразу, адпаведна выпадку ці асобе госця-
Склад гасцей быў даволі стракаты і разнастайны. Тут былі абшарнікі розных катэгорый, арандатары і проста дробная шляхта, а таксама і прадстаўнікі інтэлігенцкіх прафесій, дактары і адвакаты. Вельмі заметную частку гасцей складалі вайскоўцы, дзе былі прадстаўлены ўсе іхнія катэгорыі, пачынаючы ад ніжэйшых афіцэрскіх чыноў і канчаючы генераламі. Быў тут і палкоўнік пан Дэмбіцкі. Сярод ваеннай і цывільнай публікі мільгалі таксама і постаці ксяндзоў у доўгіх сутанах. З прычыны важнасці і ўрачыстасці палітычнага моманту "свентыя ойцы" дазволілі сабе некаторую вольнасць, з'явіўшыся на банкет. Таксама адступалі яны і ад правіл ксяндзоўскага статута ў дачыненні да жанчын, выказваючы сябе болей кавалерамі, чым служкамі пана Бога. Праўда, паненкі і маладыя дамы ахвотней гарнуліся да вайсковых. Яно і не дзіва: ужо адна вопратка іх і асаблівае становішча, як ваяк, здабыўшых і здабываючых польскую вольнасць і незалежнасць, вельмі выгодна вылучала іх у вачах маладых шляхцянак. Затое ж трохі пабляклыя пад уплывам часу дамы кружыліся каля ксяндзоў, як мухі перад дажджом каля гаршкоў, з якіх нядаўна вылілі зацірку і не паспелі яшчэ вымыць і вышараваць рагожаю.
За нядоўгі час сам сабою зрабіўся адбор гасцей, іх натуральны падзел на групы. У кожнай групе былі свае спецыфічныя інтарэсы і тэмы гутарак, хоць усе яны вяліся пад лозунгамі маладой польскай дзяржаўнасці і яе гістарычнай місіі. Адно толькі моладзь — паненкі, панічы і маладое шыкарнае афіцэрства — з'яўлялася ў значнай ступені аўтаномнай у гэтым сэнсе, аддаўшыся цалкам парывам радасці нестрыманых хваль свае моладасці. Несціхана грымеў ваенны аркестр. Бурныя польскія танцы змяняліся адны другімі. Паненкі і маладыя дамы стараліся перашчагаляць адна другую прыгожаствам, далікацтвам рухаў, чароўнасцю сваіх дзявочых усмешак і вабнасцю погляду сваіх вачэй. Кавалеры вылузваліся са скуры, каб звярнуць на сябе агульную ўвагу і закасаваць усіх іншых. Якіх толькі талентаў не было выяўлена тут. Якіх толькі штук не выраблялі яны. Як хораша выкідвалі ногі, як лоўка тупалі, падскаквалі, а як хвацка кружылі сваіх дам. Як спрытна насілі іх на паветры і раптам прысядалі перад імі на адно калена, каб гэтак жа раптоўна падняцца і да канца выпаўняць сваю місію.
Каля палкоўніка пана Дэмбіцкага згуртавалася цэлая грамада гасцей. Тут сядзіць і пан Длугошыц, чалавек сярэдняга веку. Усё яго аблічча паказвае на арыстакратычнасць яго роду. Ён салідны і павольны, ва ўсім захоўвае меру і пачуццё свае годнасці. Ксёндз Ксаверы Пацяйкоўскі і Ян Галандзеўскі таксама людзі паважныя, дыпламаты, хітрыя палітыкі і людзі пранырлівыя, заўзятыя патрыёты. Болей думаюць і дбаюць аб справах людскіх, чым аб інтарэсах боскіх. Тут жа сядзіць і павятовы камісарж пан Крулеўскі, адвакат пан Ладунскі і некалькі дробных панкоў, яшчэ не паспеўшых дайсці да сваіх маёнткаў — маёнткі гэтыя яшчэ не заваёваны.