Машков Владимир Георгиевич
Шрифт:
— Ну і што з гэтага?
— Як што з гэтага? — шчыра здзівіўся я. — Як гэта без мяне адбудзецца? Я павінен усё бачыць.
— Нічога, — сказала Кіра. — Дзесяць хвілін ты і твая станцыя пацерпяць.
Яна счакала, пакуль я сеў на месца, потым падышла да стала і абаперлася аб яго рукамі.
— Сябры, — сказала важатая Кіра, — пачалася трэцяя чвэрць. Яна самая доўгая, але і самая кароткая, бо калі паспееш выправіць дрэнныя адзнакі, то застанешся на другі год. Мы павінны наладзіць шэфства над вучнямі, што адстаюць.
— А мы дапамагаем адно аднаму, — раздаўся нейчы голас.
— Усе дапамагаеце? — спытала Кіра.
— Усе! — у нашым класе вельмі любяць адказваць хорам.
— Гэта і дрэнна, — настаўленча сказала важатая. — Трэба, каб адзін вучань шэфстваваў над другім і каб адказваў за двойкі таварыша. Давайце прыставім моцных вучняў да слабых. Вось, прыкладам, Карабухін. Ён некуды спяшаецца, давайце пачнём з яго.
— Я пераблытаў, - сказаў я.
— Што ты пераблытаў? — усміхнулася важатая Кіра.
— Станцыя павінна спусціцца на Месяц заўтра, — сярдзіта адказаў я.
— Ну і цудоўна, — сказала важатая Кіра. — Дык каго мы прыставім да Карабухіна?
У класе запанавала магільная цішыня. Я з усмешкай разглядваў таварышаў. Ну, хто на гэта раз наважыцца?
У мінулым годзе мне дапамагала сама Галка Наважылава. Яна ўварвалася ў кватэру як на пажар, на хаду закасваючы рукавы.
— Давай хутчэй пачнём, — сказала яна. — У мяне часу ў абрэз.
Я моўчкі паплёўся на кухню, сеў за стол, на якім была навалена груда бульбы, і прыняўся яе абіраць.
— Ты дзе? — Галка ўляцела ў кухню. — А, — яна махнула рукой на бульбу,
— потым зробіш.
Я паматаў галавой:
— Нельга.
— Чаму?
— Сёння ўвечары да нас прыйдуць госці, і мама загадала, каб уся бульба была абрана. Сядай памагай. — І я падаў ёй ножык.
Жвавая Галка схапіла самую вялікую бульбіну і прынялася яе абіраць. Праз некалькі секунд у яе ў руках была ўжо ўбогая мізэрная бульбінка.
— Так справа не пойдзе, — незадаволена сказаў я. — Калі ты будзеш так абіраць, нам прыйдзецца тут тырчаць гадзіны дзве. Ты павольней, спакайней.
Галчынай энергіі хапіла яшчэ на тры бульбіны. А потым яна цяжка ўздыхнула.
— Ты мяне прабач, калі ласка, Але мне трэба на раду дружыны. Я ўжо спазняюся.
— Калі ласка. — Я і не думаў яе затрымліваць. — Прыходзь заўтра.
— Так, так, я прыйду заўтра, — заспяшалася Галка.
Назаўтра яе чакала гара нямытага посуду (“ад гасцей засталося”). Паслязаўтра я сустрэў Галку з анучкай у руках — мы выдатна памылі падлогу. І калі, нарэшце, пасляпаслязаўтра я адчыніў ёй дзверы з малярным пэндзлем у руках і сказаў: “Пафарбуем калідорчык і куханьку, а тады возьмемся за ўрокі”, - Галка не вытрымала. Яна сказала, што больш не можа і хай я займаюся як хачу.
Я быў задаволены.
Наступным мне рашыўся дапамагаць дабрадушны Рыжы Уладзя Шлык.
Я змерыў яго шырокія плечы, зірнуў яму ў сінія вочы і зразумеў, на што ён можа спатрэбіцца.
Нам прывезлі машыну брыкету і звалілі ў двары. Мама непакоілася, як перанесці торф у падвал. Вось я і сказаў маме, што да мяне прыйдзе таварыш і мы з ім хуценька ўправімся з торфам. Так і атрымалася.
Уладзя і не думаў адмаўляцца, ён толькі спытаўся:
— Ну, а потым зоймемся матэматыкай?
— Абавязкова. — Я ўдарыў сябе ў грудзі. — Толькі матэматыкай — чым жа нам яшчэ займацца!
І праца пачалася. Калі з’явілася мама, мы амаль палову брыкетнай кучы перацягнулі ў падвал.
— Малайцы, хлопцы, — узрадавалася мама. — Адпачніце трохі. Я вас зараз кампотам пачастую з піражкамі.
Мы селі на брыкеце і пілі кампот, і елі піражкі, а мама прыгаворвала:
— Які харошы ў цябе таварыш, Валерый. Бяры з яго прыклад.
— Бяру, мама, бяру. — Я жвава каўтаў піражкі і запіваў іх кампотам. Потым падняўся.
— Ну мы, бадай, працягнем.
Дабрадушны Уладзя ўздыхнуў і стаў нагружаць вядро карычневымі брыкецінамі.
Калі звечарэла, уся наша паветка была забіта брыкетам, а яшчэ невялікая куча засталася на двары.
У мяне ныла спіна. Уладзя не мог паварушыць рукамі, так яны балелі.
— Заўтра даб’ём, — я кінуў брыкет у вядро, яно зазвінела.
— Даб’ём, — здрыгануўся Ўладзя.
Назаўтра Ўладзя сказаў, што ў яго секцыя і ён не можа прыйсці цягаць брыкет. Паслязаўтра ён сказаў, што крыху прыхварэў. А вочы яго бегалі і хаваліся ад маіх вачэй.