Машков Владимир Георгиевич
Шрифт:
— Так, цяжка. Мне вельмі цяжка. жыць. без фізікі, - зацягнуў я.
— Калі ты зараз жа не скончыш свае крыўлянні, я пайду!
Я ніколі не бачыў Іру такой сярдзітай, твар яе палаў, як пірог, выцягнуты з духоўкі.
— Я не крыўляюся, — раззлаваўся я. — Я заўсёды гавару сур’ёзна. Гэта вам усім здаецца, што я крыўляюся. Усе прывыклі і думаюць, што я клоун. І як убачаць мяне, то адразу раты ва ўсмешачку расцягваюць — чакаюць, што смяшыць буду. А я не клоун, я чалавек. І мне крыўдна, што мяне не разумеюць.
Іра выслухала мой маналог вельмі сур’ёзна, вочы яе гарэлі. Яна сказала:
— Я веру, што ты добры чалавек. Разумееш?
— Разумею, — я пракаўтнуў сліну. — Каб усе былі такія, як ты.
Я ўсміхнуўся Іры. Яна таксама ўсміхнулася.
— Слухай, паедзем у нядзелю ў Зялёнае на лыжах. Там ёсць такі кар’ер — любата! — выпаліў я.
— Паедзем, — згадзілася Іра. — Я вельмі люблю катацца з гор.
— Я таксама. І Сёмку з сабой прыхопім. Сёмка — файны хлопец.
— Мне Сёмка падабаецца. Ён вельмі добры.
— Да-мо-ві-лі-ся, — я размахваў рукамі і бегаў па пакоі.
— А цяпер зоймемся фізікай. — Іра была няўмальная.
Мае рукі яшчэ працягвалі цялёпкацца ў паветры, але іх рухі сталі запаволенымі. Ведаеце, як прапелер спыняецца.
Я сеў за стол:
— Зоймемся.
Іра зноў разгарнула падручнік фізікі. Я слухаў, што яна гаварыла, і глядзеў на яе. І ўсё ніяк не мог зразумець, як гэта мне не ўдалося ад яе пазбавіцца. Толькі потым мне прыйшло ў галаву, што я, мабыць, не надта хацеў ад яе пазбавіцца. Мне нават было прыемна, што такая дзяўчынка са мной займаецца.
А пра маму казаць няма чаго. Калі яна ўбачыла мяне, схіленага над кнігай, і не над нейкімі там “Трыма мушкецёрамі”, а над самавітым падручнікам фізікі, мама проста расчулілася. Яна частавала Іру ўсялякімі пячэннямі-варэннямі ды прыгаворвала, каб тая прыходзіла як найчасцей, што яна добра ўплывае на мяне, шалапута.
Вось дык сустрэча!
Адзін раз, калі мы скончылі займацца і мая галава гудзела ад формул і задачак, Іра прапанавала:
— Хочаш паслухаць, як я граю?
— Хачу, — не надта весела адказаў я. — Ты з усіх сіл пабарабаніш па клавішах, і я ўсё пачую.
Іра жыла на чацвёртым паверсе, а я на другім. І каб яна пастаралася, я б пачуў, як яна грае, седзячы ў сябе дома.
— Ты ўсё жартуеш, — пакрыўдзілася Іра. — А я і праўда няблага граю. Настаўніца кажа, што ў мяне добрыя музычныя дадзеныя, — пахвалілася яна.
Крыўдзіць Іру мне не хацелася, і я пайшоў глядзець, як Іра грае, хаця з большай радасцю пагойсаў бы на лыжах.
Нас сустрэла Ірына мама — высокая, худая жанчына ў пярэстым халаце.
— Дабрыдзень! — весела сказаў я.
— Добры дзень, — строга паглядзела на мяне Ірына мама.
— Гэта той самы Валерый, пра якога я табе расказвала, — патлумачыла Іра.
— Здагадваюся, — адказала Ірына мама і хмурна пакасілася на маленькія ручаінкі, што выцякалі з-пад маіх чаравікаў.
Я, канешне, перш чым падысці да Іры, вылецеў у двор і трохі пабегаў туды-сюды. І паспеў запусціць пару снежак высока, да самага даху.
— Зараз, мамуля, — заспяшалася Іра.
І мы з ёй сталі выціраць ногі аб дыванок. Я не вельмі стараўся, але ўсё- ткі, здаецца, паспеў працерці дыванок да дзірак, а Ірына мама ўсё не пускала нас ў пакой. Я хацеў быў павярнуць аглоблі, то бок, папросту кажучы, уцячы на вуліцу, але тут Іра сказала:
— Хопіць.
І пацягнула мяне за рукаў ў пакой, дзе сярод іншай мэблі вылучалася масіўнае, шакаладнага колеру піяніна, усё ў завітушках і карунках. Я на дыбачках прабалансаваў па нацёртым, бліскучым паркеце і паляпаў піяніна па вечку.
— Шыкоўнае!
– Іра проста расквітнела.
— Гэта вельмі каштоўнае піяніна. Такіх цяпер нідзе няма.
Ірына мама пайшла ў іншы пакой, і я зноў прыдбаў дар красамоўства.
– І ты на ім можаш усё, што захочаш, сыграць. Ці толькі па нотах? — спытаў я, развальваючыся з мяккім крэсле.
— Пакуль толькі па нотах, — адказала Іра.
Яна падняла вечка, паклала на падстаўку тоўстую кнігу і пачала яе хутка гартаць. Я прыгледзеўся. На старонках замест звычайных слоў, як у нармальных кніжках, былі чароды нотаў.