Шрифт:
24. Калі жадаеш займець супакой, кажа філёзаф, дык абмяжуй сваю дзейнасьць нешматлікім. Але ці не ляпей сказаць «неабходным», і тым, што раіць розум чалавека, які зьяўляецца грамадзкім вымаганьнем, і гэтак, як ён вымагае? У падобным выпадку мы займеем ня толькі супакой душы, які абумоўліваецца прыгожымі ўчынкамі, але і тым, які абумоўліваецца іхнаю нешматлікасьцю. Бо большая частка таго, што мы кажам і чынім, не зьяўляецца неабходным; і калі-б хто-небудзь абыйшоўся бяз гэтага, дык быў-бы багацейшым на супакой і бяднейшым на турботы. Затым, у кажным асобным выпадку трэба пытацца самога сябе: Ці адносіцца гэта да ліку неабходнага? І адхіляць трэба ня толькі тое, што непатрэбнымі паступкамі зьяўляецца, але і неабходныя ўяўленьні, бо за імі надыходзяць непатрэбныя паступкі.
25. Паспрабуй, наколькі табе ўдасца, жыць жыцьцём добрага чалавека, які задавальняецца часткаю, атрыманаю з Цэлага, здаволенага справядлівасьцю свае собскае дзейнасьці і дабразычлівасьцю свайго настрою.
26. Ці агарнуў ты папярэдняе? Запазнайся, тады, і з наступным. Ня турбуй самога сябе, старайся быць простым. Чыніць хто-небудзь дрэнна? Гэта самому сабе чыніць ён дрэнна. Здарылася з табою што-небудзь? Добра. Усё, што здараецца з табою, было ад пачатку суджана табе і зьвязана з табою, дзякуючы канструкцыі Цэлага. Жыцьцё ёсьць кароткім. Трэба разумна і справядліва карыстацца сучасным. Не аддавайся празьмернасьцям і ў вольных гадзінах.
27. Сусьвет ёсьць або добра ўладжаным парадкам, або хаосам. Але бяспрэчна першым. Ці можа ў табе існаваць вядомы парадак, а ўва ўсім іншым павінен быць беспарадак? І гэта, калі ўсё разьлічана, разьдзелена і знаходзіцца ў сталай узаемадзейнасьці!
28. Ёсьць характары хмурыя, характары жаноцкія, упартыя, лютыя, дзіцячыя, жывёльныя, вялыя, хвальшывыя, недарэчныя, настырлівыя, тыранскія.
29. Калі чужы сусьвету той, хто ня ведае сутнасьці яго, дык ня меней чужы і той, хто ня ведае, што адбываецца ў ім. Уцекачом ёсьць той, хто ўхіляецца з прычынаў грамадзкіх; сьляпак - хто заплюшчвае духовыя вочы; жабрак - хто патрабуе помачы іншага і ня мае ў самым сабе ўсяго карыснага для жыцьця. Хто адыходзіць і аддаляецца ад розуму агульнае натуры, нездаволены тым, што адбываецца, адступнік ад сусьвету. Бо ўсё, што адбываецца, нараджае тая самая натура, якая нарадзіла і яго. Адрынутым ад Места зьяўляецца той, хто аддзяляе сваю душу ад душы ўсіх разумных істотаў - аднае для ўсіх.
30. Адзін зьяўляецца філёзафам бяз хітону, іншы бяз кнігі, а яшчэ іншы - паўголы. У мяне няма хлеба, кажа ён, і ўсё-ж, я верны розуму. І мяне навука ня корміць, але я застаюся верны ёй.
31. Любі ня хітрае мастацтва, якое ты вывучыў, і ў ім знаходзь для сябе задавольненьне. Рэшту жыцьця пражыві, як чалавек, які ўсёю душою аддаўся на волю багоў ува ўсім, што тычыцца яго, і не жадае быць нявольнікам, ані тыранам у адносінах да каго-небудзь зь людзей.
32. Ахіні ўзрокам разумнага чалавека хоць-бы часы Вэспазіяна, і ты ўбачыш усё тое, што і цяперака: людзі жэняцца, гадуюць дзяцей, хварэюць, паміраюць, ваююць, спраўляюць сьвяты, падарожнічаюць, абрабляюць зямлю, лісьлівяць, пагарджаюць, падазраюць, плянуюць зло, жадаюць сьмерці іншым, наракаюць на сучаснае жыцьцё, кахаюць, зьбіраюць скарбы, дабіваюцца ганаровых пасадаў і трону. Што сталася зь іхным жыцьцём? Яно загінула. Перанясіся да часоў Траяна: і там тое самае. Супачыла і гэтае жыцьцё. Паглядзі гэтаксама і на іншыя пэрыяды часу ў жыцьці цэлых народаў і зьвярні ўвагу на тое, колькі людзей памерла хутка пасьля дасягненьня жаданае мэты і расклаліся на элямэнты. Часьцей за ўсё трэба вяртацца да тых, якіх ты ведаў асабіста, як людзей, якія імкнуцца да нікчэмнага і пагарджаюць справаю, якая адпавядае іхнаму ўласнаму ладу, ня былі ёй вернымі і не здавальняліся ёю. Неабходна гэтаксама памятаць, што ўвага, якую мы ўдзяляем кажнай справе, ацэньваецца паводля самое справы і павінна быць суразьмернаю ёй. Такім чынам, калі ня будзеш займацца нязначнымі справамі болей, як гэтага вымагае прыстойнасьць, дык не давядзецца табе і расчароўвацца.
33. Словы, якія калісьці былі звычайнымі, цяперака патрабуюць тлумачэньня. Тое самае і зь імёнамі некалі праслаўленых людзей, як Камільлюс, Цэзон, Волезус, Леоннатус, неўзабаве гэтакі-ж лёс чакае і Сцыпіёна, і Катона, пасьля Аўгустуса, а пасьля чарга на Гадрыяна, і Антонінуса. Усё караткавечна і хутка ператвараецца ў міт, а пасьля і зусім забываецца. І я яшчэ кажу пра людзей, якія ў свой час былі акружаны нязвычайным арэолам. А што да рэшты, дык трэба ім толькі памерці, каб шчэзнуў пра іх і ўспамін. І што гэта такое - вечная слава?
– Праўдзівая турбота. Але, ці існуе што-небудзь, да чаго трэба аднесьціся паважна?
– Толькі адно: праведнае думаньне, агульнакарысная дзейнасьць, слова, няздольнае да маны, і ўнутраны настрой, які з радасьцю прыймае ўсё, што адбываецца, як прадбачанае, якое выцякае з агульнага пачатку і агульнае крыніцы.
34. Аддайся дабраахвотна Клёце, і няхай яна ставіць цябе ў тыя ўмовы, у якія хоча.
35. Усё хутка мінае: і той, хто памятае, і тое, пра што памятае.
36. Заўсёды думай пра тое, што ўсё, што ўзьнікае, узьнікае з прычыны зьіначаньня, і прывучай сябе да думкі, што нічога так ня любіць натура Цэлага, як зьіначваць існуючае і тварыць новае, падобнае. Затым, што ўсё існуючае ёсьць свайго роду сем'ем таго, што зь яго выйдзе. Ты ўважаеш сем'ем толькі тое, што пасеена ў зямлю, ці ў чэрава маці - і касьцянееш у невуцтве.
37. Твой канец ужо блізкі, а ты ўсё яшчэ ня выракся ўсяго штучнага, усё яшчэ ня вольны ад хваляваньня, усё яшчэ асьцерагаешся шкоды зьнекуль, не прасякнуты дабрасхільнасьцю да ўсіх, не разумееш, што мудрасьць - выключна ў справядлівай дзейнасьці.
38. Унікні ў кіруючы пачатак людзей, у тое, што іх турбуе, да чаго яны імкнуцца і ад чаго ўхіляюцца.
39. Зло караніцца для цябе ня ў кіруючым пачатку іншых людзей і не ў ператварэньнях і зьменах твайго цела.
– Дзе, тады?
– У той частцы самога цябе, у якой творыцца сіла хвармаваньня апініі адносна апініі зла. Няхай гэтая сіла замоўкне, і ўсё будзе добра. Няхай гэтая сіла знойдзецца ў супакоі нават тады, калі найболей ёй блізкае, яе цела, рэжуць, паляць, калі яно гноіцца і гіне, або няхай яна разважыць, што няма ні дабра, ані зла ў тым, што аднолькава можа здарыцца як зь нядобрым, гэтак і з добрым чалавекам. Бо тое, што ў аднолькавай меры здараецца з тым, што жыве супроць натуры, як і з тым, што жыве ў сузгоднасьці з натураю, яно нясузгоднае з натураю, як і згоднае·зь ёю.
40. Ты заўсёды павінен думаць пра сусьвет, як пра адзіную істоту, з адзінаю сутнасьцю і адзінаю душою. Падумай пра тое, як усё зводзіцца да яго-ж адзінага адчуваньня, як стварае ён усё адзіным імкненьнем, як усё задзейнічае ўзьніканьню ўсяго, якая ўва ўсім сувязь і адпаведнасьць.
41. Чалавек - гэта малая душа, якая абцяжаная трупам, казаў Эпіктэтус.
42. Няма нічога дрэннага ў тым, каб пратрываць зьіначаньне, як няма нічога добрага ў існаваньні, дзякуючы зьіначаньню.
43. Час ёсьць рэчка ўзьнікаючага і імклівы струмень. Хай толькі зьявіцца што-небудзь, як ужо праносіцца міма, але праносіцца і іншае, і зноўку бачыцца першае.