Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— За што вы яго? І за што яны?

Алесь узняў на дырэктара цвёрдыя глыбокія вочы.

— Я не магу сказаць вам гэтага.

Ён успомніў, што калі за "прыгон" не пахваляць яго, то за лаянку Лізагуба на ўрад і іншыя мілыя штучкі не пахваляць не толькі Лізагуба. Папячыцель, а за ім і ўсе іншыя напэўна прычэпяцца да слоў дурня, каб яшчэ мацней прышчаміць хвост палякам.

— Я не магу сказаць вам гэтага, — паўтарыў Алесь. — Але паверце слову двараніна: варта было.

Дырэктар паціснуў плячыма. Хто, сапраўды, разбярэцца ў рахунках гэтых юных вандалаў? Ён пакасіўся на Крэста.

Але Крэст таксама маўчаў. Утапіць Загорскага яму нічога не каштавала, але тады да папячыцеля дайшло б, што ў гімназіі асуджаюць прыгон і ўрад, што сёння змялі і выкінулі з будынка добрую палову тых, што стаялі за ўсё гэта.

І першы будзе адказваць ён, Крэст, бо гэта ягоным патураннем выбухнула бойка. Вось табе і "даў магчымасць правучыць".

Таму Крэст маўчаў.

Звяртаючыся да "ваўчаняці", дырэктар паказаў на Лізагуба:

— Вы лічыце, што збіць да паўсмерці — годны ўчынак? Біць двараніна?

— Яшчэ раз кажу, — сказаў Алесь, — варта было.

— Вы не раскайваецеся? — спытаў Гедымін.

— Я зрабіў бы гэта заўтра. І паслязаўтра.

— Гм, — сказаў дырэктар.

…Алесь сядзеў у крэсле, захутаны ў коўдру і тры пледы. Твар у яго быў чырвоны, светлыя вочы блішчалі.

Насупраць, ля танканогага століка, сядзеў стары Вежа.

Дзед думаў. Ён не глядзеў ні на ўнука, ні на Халімона Кірдуна, што стаяў ля сценкі. Халімон, таксама пераапрануты ў сухое, быў чырвоны, як з лазні: выпіў тры кручкі гарэлкі. Ратаваўся хатняй методай.

Выхаванец і дзядзька ледзь не патапіліся сёння. Ехалі з Вільні нібы насустрач вясне, разводдзямі, веснім лёдам. А ўсімі ярамі ўжо свістала — вада не вада, а снегавая каша, набрынялая, здрадніцкая.

Яры раўлі так, што нават збоку, здалёк страшна было чуць іхні рык. Першы яр праехалі. І другі праехалі. А трэцім ледзь не сплылі ў Дняпро. Ледзь не засмактала іх празрыстая ледзяная вада, што струменьчыкамі тачылася праз снегавую саладуху, раўла, круціла, перамешвала сама сябе, цягнула ўсё старонняе на трохсажнёвую глыбіню.

З цяжкасцю выцягнулі іх дрыгавічанскія мужыкі…

— Т-так, — суха сказаў дзед. — Заплаціў ты, значыцца, першую даніну свайму вар'яцтву. Скончылі, іх высокасць, курс навук.

— Я ж расказваў вам, дзеду.

— Ухваляю. Годна. І па-рыцарску. Але мне не лягчэй. Бацькам таксама. Ды яшчэ ў яры палез. З баязлівасці? Каб хутчэй насустрач небяспецы?

— Не.

— Што ж рабіць?

— Нічога, — сказаў Алесь. — Я не разумею, чаго вы напалі, дзеду. Ніхто, акрамя мяне, не пацярпеў. Ну добра, ну я тыдзень лічыў, што выключылі. А потым проста, "улічваючы небяспечнасць", не далі мне вярнуцца да сяброў, прымусілі сядзець пад хатнім наглядам. Згодай папячыцеля прымусілі здаць экзамены і выпхнулі з Вільні. Далі ж скончыць.

— Не яны далі, — сказаў дзед. — Імя тваё дало.

— Не імя, — сказаў Алесь. — Боязь. Баяліся камісіі. Баяліся, што Лізагубавы словы ўсплывуць.

На вуснах у Вежы з'явілася іранічная усмешка.

— Ну і што? Ну і выпхнулі б Лізагуба ў Пензу, а цябе ў Арзамас. Яго за нянавісць да рускіх, цябе — за нянавісць да імперыі, да прыгону. Лягчэй бы гэта было?

Унукавы вочы ліхаманкава блішчалі.

— А вы хацелі б, каб мяне сямёра білі за тое, што я — гэта я, а я не адбіваўся б, а даў сябе біць?

Вежа глядзеў на Кірдуна.

Змрочны, добры Кірдун стаяў ля сценкі і чырванеў усё больш. Ці ад гарэлкі, ці мо ад сораму.

І раптам Кірдун, а па мянушцы "Халява", замест таго каб апраўдвацца, тлумачыць, словам, рабіць усё тое, што было асвячона традыцыяй, раптам зароў на поўны голас і перайшоў у наступ:

— У гімназію анахцемскую аддалі. А там усямёх паніча біць хацелі… Дзякуй богу, не далі добрыя людзі.

Дзед збіраўся быў прыкрыкнуць, але спыніць Халімона было немагчыма.

— Карактарыстыку дрэнную далі… — роў Кірдун. — Дзеля чаго? Дзеля смярдзючкі той. Будучы, бачыце, царскі злачынец знайшоўся. Невядома яшчэ, хто з іх злачынец, панічык ці цар.

— Ідзі, Кірдун, — нечакана мякка сказаў Вежа. — Ідзі, выпі яшчэ. За любоў — мецьмеш ад мяне.

Кірдун, прыхліпаючы, рушыўся да дзвярэй.

Алесь глядзеў, як Вежа невідушчымі вачыма таропаецца на чорны мокры парк, на голыя дрэвы, на лапікі снегу і на сіні ўздзьмуты Дняпро.

Трывожна крычалi ў галiнах гракi.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 123
  • 124
  • 125
  • 126
  • 127
  • 128
  • 129
  • 130
  • 131
  • 132
  • 133
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: