Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Алесь зайшоў і адразу страшэнна здзівіўся: у крэсле за сталом сядзеў чалавек, якога яму менш за ўсё хацелася бачыць і якога ён менш за ўсё спадзяваўся сустрэць тут. Слаба загарэлы, з празрыста-ружовым румянцам на тугіх шчоках, пан Мусатаў сядзеў за сталом і папіваў ледзяную ваду з лімонным сокам.

Вузкія, зеленаватыя, як у рысі, вочы пільна і весела глядзелі на княжыча. Учэпістыя, прыхавана-нервовыя рукі сціскалі сплюшчанымі на канцах, як долата, пальцамі вузкую шклянку, усю запацела-дымную, у пацерачках кропель.

— Што такое, пане Аляксандр? — спытаў Мусатаў. — Вы не чакалі бачыць мяне тут?

— Чаму не, — сказаў Алесь. — Кожны мужчына можа прыехаць на стайню да пана Раўбіча.

Выйшла падобна на поўху, і Алесь пашкадаваў аб гэтым, убачыўшы Раўбічавы вочы.

— Яны, відаць, таксама не чакалі, — усміхнуўся ружовымі вуснамі жандар.

Алесь азірнуўся і ўбачыў пана Мнішака і Юлляна Раткевіча, таго самага прадстаўніка малодшага роду, які некалі на дваранскай зборні падаў запіску аб неабходнасці вызвалення сялян. Нервовае жаўтаватае аблічча Раткевіча было стрымана-злоснае.

— Я прасіў бы вас не жартаваць так, — спакойна сказаў Раўбіч. — Я, урэшце, сам запрасіў вас да сябе.

— Прабачце, — сказаў Мусатаў. — Я прыехаў не ўчора і не заўтра, як вы мяне запрашалі, а сёння. Самі ведаеце, справы… Але я ад усёй душы ўдзячны вам за лаяльнасць і за пастаянную гатоўнасць памагаць уладам.

— Не варта падзякі. Урэшце, каму як не нам клапаціцца аб парадку ў наваколлі.

Алесь ужо нічога не слухаў. Бо за спінамі Мнішака і Раткевіча ён раптам убачыў маладжавы і наіўны твар… пана Выбіцкага, загоршчынскага аконама. Выбіцкі хаваў вінаватыя вочы і выглядаў ніякава, нібы спайманы на чымсьці. І гэта было зразумела, таму што яму не належала тут быць, таму што ніхто — ад пана Юрыя і Алеся і да апошняга мужыка — не думаў, што ён тут. Таму што яшчэ ўчора пан Адам Выбіцкі на дзень адпрасіўся ў пана Юрыя, каб з'ездзіць па пакупкі ў Сухадол.

Недалёка ж ён ад'ехаў ад Загоршчыны.

Варта было б здзівіцца гэтаму, але, урэшце, гэта была ягоная справа…

Да таго ж тут сядзеў халуй, сышчык, якога нельга было дапускаць у справы сваіх людзей. Дзеля нейкай мэты Раўбіч запрасіў яго сюды, вызваліўшы для сябе адзін дзень. "Учора" або "заўтра". Дрэнна ж Раўбіч яго ведаў. Такі заўсёды з'явіцца тады, калі яго не чакаюць, менавіта "сёння". "Сёння", а не "ўчора" ці "заўтра".

Алеся не абыходзілі справы пана Раўбіча. Але ён бачыў, што Мусатаў з цікавасцю назірае за сустрэчай аконама і маладога гаспадара. Пільныя зеленаватыя вочы глядзелі з іранічнай дапытлівасцю.

Загорскі дастаў з кішэні пулярэс і пачаў корпацца ў ім.

— Добры дзень, пан Адам, — неахвотна, нібы злуючыся на аконама, сказаў ён і дастаў з пулярэса сто рублёў.

— Дзень добры, пане Алесь, — адказаў Выбіцкі.

— Бацька вельмі нездаволены вамі, — сказаў Алесь і ўбачыў, як спалохана здрыгануліся веі аконама. — Ён лічыць, што вы маглі б правесці справу хутчэй… Вазьміце вось.

Рука Выбіцкага непаразумела ўзяла грошы.

— Вы затрымаліся на лішні дзень і за гэты дзень не маглі дабіцца нават дробязнай скідкі. Вы ведалі, што без Шаха нашаму заводу — зарэз, і нічога не дамагліся. З вашай літасці мы пераплачваем пану Раўбічу сто рублёў на гэтым жарабцы.

Выбіцкі, нарэшце, зразумеў. Настолькі зразумеў, што нават "абурыўся".

— Вы яшчэ малады, князь, каб чытаць мне натацыі.

— Малады я або не — не вам меркаваць. Я — гаспадар і разам з бацькам плачу вам грошы… Мяркую, дарэмна плачу.

— Прабачце, княжа, — спалохана сказаў аконам.

Мусатаў адвярнуўся, відавочна страціўшы ўсякую цікавасць да зборні.

— Вось так, — сказаў Алесь.

Ён зірнуў на Раўбіча і вырашыў ушпіліць трохі і яму за тое, што вось даводзіцца ехаць вярхі ў блізкі свет.

— А вы, пан Яраш, дзейнічаеце зусім не па-суседску. Карыстаецеся нашай пільнай патрэбай і таргуецеся, нібы мы чужыя людзі. Не скінуць нейкай там сотні!

— Сабе даражэй, — зніякавеў Раўбіч.

— Справа тут у прынцыпе. Адносіны не могуць быць добрасуседскія, калі сусед не саступае суседу.

Раўбічавы вочы няўлоўна смяяліся.

— Ну до ўжо, до, — сказаў ён. — Мы тут без вас паразумеліся з панам Выбіцкім. Шах адправіцца ў Загоршчыну адразу ж. Я адмовіўся ад прыбаўкі. І… ведаеце што, даруйце яму.

— Ды я і сам не хацеў бы, — сказаў Алесь. — Я ж ведаю яго непадкупную сумленнасць. Ведаю, што ён не стане займацца нічым, акрамя спраў гаспадара. Проста крыўдна было.

Жандар цяпер ужо зусім не слухаў. Наадварот, сам завёў спрэчку з Раткевічам. Ён вёрз нешта такое, што можна было прачытаць у кожнай правай газеце.

Алесь адчуваў, што самая прысутнасць гэтага чалавека тут, у Раўбіча, абражае веліч ягонага пачуцця да Майкі і самае паветра любага дома.

— Я прасіў пана Мусатава аб дапамозе, — сказаў Раўбіч. — Проста чорт ведае што. У маёй Хаданоўскай пушчы нейкія падазроныя людзі. Ёсць высечкі. Днямі аб'ездчык бачыў ля вогнішча ўзброеных людзей.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 131
  • 132
  • 133
  • 134
  • 135
  • 136
  • 137
  • 138
  • 139
  • 140
  • 141
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: