Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Пастаяўшы перад брамай, пагладзіўшы Алму, якая прыўстала на луцэ, топчучы лапамі хвасты дзвюх качак, малады коннік паціснуў плячыма і рушыў каня ў змрок алеі. Сонца было яшчэ даволі высока.

Адхон, зарослы векавымi дрэвамi, цягнуўся з левага боку. У адным месцы на яго ўзбягалi звiлiстым серпанцiнам мармуровыя сходы з шырокiмi прыступкамi. Але гэта вiдавочна было не для каня. Затым алея павярнула ў шырокi яр, дзе буяла разнатраўе. Ён не ведаў, што з самага "вялiкага сядзення ў камянiцы" за паркам перасталi сачыць. Калi ж сядзенне скончылася, дзеду так спадабалася чароўнае спалучэнне працы садоўнiка, якi распланаваў i да часу выхоўваў дрэвы, i свавольства прыроды, якая вызвалiла iх ад прыгнёту нажнiц, што ён загадаў пакiнуць парк у спакоi. I вось цяпер парк буяў, i ў iм было надзiва хораша. Сярод буйнага лесу, ледзь ачышчанага ад ветрабою i пустазелля ды ад куставога смецця, траплялiся вельмi рэдка, толькi каб паказаць, што гэта не лес, што гэта назнарок, то два-тры дзiкiя камянi над уваходам у пячору, то зялёны амур, увесь у штучна ўзрошчаным на iм моху. Амур глядзеў на коннiка, прыклаўшы палец да вуснаў, а ля яго ног было высечана на каменi: "Сhut!" [57]

57

Цс-с! (франц.).

Алея забірала, па нябачнай дузе, усё лявей і лявей, і вось вачам адкрыўся бакавы двор палаца, прагна, быццам клюшнямі краба, ахоплены двайной каланадай. У тым месцы, дзе яна расступалася, залацілася расчыненая агароджа вялізнай брамы. І зноў мёртвая цішыня. Пясок двара роўны, і на ім ніводнага следу. Быццам ён так і ляжыць сто год.

Пасярэдзіне двара моўчкі стаіць мармуровая, у натуральную велічыню, копія з фларэнтыйскага Давіда.

Алесь злез з каня і пачаў адвязваць качак, спіною адчуваючы бязлюддзе і мёртвую цішыню.

. . . . . . . . . . . . .

Ён не здрыгануўся, ён увесь час чакаў гэтага і, усё яшчэ стоячы спіной да голасу і адвязваючы качак, адказаў:

— Дзень добры!

Потым, трымаючы качак у руцэ, павярнуўся на голас.

На верхняй прыступцы нізкага ганка стаяў, невядома як і адкуль з'явіўшыся, чалавек.

Ён быў, бадай што, трошкi менш сажнёвага росту, магутны, але здаваўся маленькiм i самотным сярод гэтага мёртвага двара.

Чалавек стаяў і глядзеў на яго з вышыні спакойна, трошкі іранічна і дапытліва.

Алесь працягнуў чалавеку качак.

— Гэта вам.

— Спадзяешся, што за дзень больш не з'ясі? — халодна спытаў той.

— Спадзяюся.

Чалавек ацэньваў. У чалавека была сівая грыва валасоў, якая, насуперак звычаям веку, не ведала парыка.

Нерухомы чалавек усё глядзеў на Алеся і ацэньваў:

"Да чаго падобны на прадзеда, на Акіма. Нават жэсты. Нават манеры. Нават голас. Валасы, праўда, і ў нявесткі каштанавыя, але гэта не ад яе… Такія вось у Акіма, у бацькі, былі… І не спешчаны… Сакалятнік, як прадзед… Манеры толькі горшыя: велічы мала. Гэта ўжо ад праклятага веку… Усё Акімава… Не, не ўсё… У таго былі сінія вочы, а ў гэтага шэрыя, матчыны… Значыць, дрэнь унук, бо гата жанчыне добра, а мужчыну, ды яшчэ Загорскаму — н-не… Будзе як сынок: ні цёплы, ні халодны… Ды яшчэ, крый божа, у царкву пацягнецца… Да пацукоў, да Кур'яновага пляменнічка-капрала…"

I, нібы адразу страціўшы ўсякую цікавасць да Алеся, чалавек сказаў:

— Так таму і быць… Хадзем, князь…

Гэтае "князь" прагучала роўна, спакойна.

Вежа кінуў качак на гарматны ствол і пайшоў паперадзе, выціраючы далоні. Пайшоў, не цікавячыся, ідзе за ім нехта ці не.

Касюнька асталася сярод двара, і толькі Алма пабегла за дзедам, зрэдку азіраючыся на ўнука, быццам не разумеючы, што звязвае яго са старым і што наогул трэба з ім рабіць: кусаць за лыткі ці падціскаць хвост…

— Сабака?.. Хто дазволіў?

— Ніхто, — сказаў Алесь, гледзячы проста яму ў вочы. — Я падумаў, што калі вы не хочаце бачыць людзей, дык, можа, сабака зробіць хоць трохі разнастайным наша баўленне часу?

— Маеш рацыю, — сказаў стары князь. — Сабачая нізасць не так рэжа вока. Яна — прыроджаная… Даволі мілы сабачка.

Выйшлі з тунеля, і тут вачам адкрыўся партэрны фасад палаца, вялізны, трохпавярховы, з круглым бельведэрам, што быў укрыты золатам.

— 3 паўднёвага фасада ёсць каскад, — сурова сказаў князь. — Сотня статуй. Некаторыя з механізмамі. Не будзеш даглядаць, загубіш — шэлег табе цана.

Алесь маўчаў. Яму не хацелася гаварыць з гэтым чалавекам. А князь, здавалася, не заўважаў.

Чацвёртая балюстрада абрывалася над адхонам. Уніз вялі сходы, паўз якія праязджаў Алесь. А далей алея, бераг Дняпра, далячынь. Без канца.

…Князь спяшаўся. Ён ужо шкадаваў, што вырашыў пазнаёміць гэтага чужога чалавека з яго будучымі ўладаннямі. Гэта было ўтомна.

— Надумаешся прыехаць… па неадкладнай справе — адразу ж едзь, — суха сказаў князь.

— Наўрад ці надумаюся прыехаць.

— Чаму гэта?

— Дома весялей.

— Магчыма. Але забаўляць цябе мне, летнаму чалавеку, не да твару. У мае часы дваране твайго ўзросту валілі дзікоў… У вас замест гэтага, здаецца, царква?.. Ёсць яна?

— Ёсць.

— Табе, вядома, там цікавей. Прыедзеш — пастаў там за мяне свечкі Кур'яновым святым, Кукшы, ды Сергію, ды яшчэ якой-небудзь святой Матруне Мокрападоліцы.

— Пастаўлю, — суха сказаў Алесь. — Чаму не зрабіць паслугі таму, хто веруе.

Удар быў несправядлівы, пад самае сэрца, але хлопец не ведаў гэтага.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: