Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Як гэта ён не баіцца? — перапыніла Майка.

— Ён нічога не баіцца. А ліст з аказіяй прыйшоў, з верным чалавекам. Дык вось… "Каб вочы маглі спапяляць, — адзін попел ад яго астаўся б. Падумаць толькі, колькі ж ліха можа нарабіць адзін?

Дык вось, дванаццатага ліпеня Віктар з універсітэта звольніўся, і мы адразу паехалі "жалезным зміем" у Пецярбург. Нанялі пакойчык на Васільеўскім востраве. Першага жніўня падаў рэктару прашэнне, каб ласкава дазволіў здаваць прыёмныя экзамены. Прозвішча рэктара — Плятнёў. Друг Пушкіна, але чалавек, здаецца, досыць старамодны і да асаблівых навін не схільны. Прасіцца буду на юрыдычны, па разраду камеральных навук. Спачатку думаў быў у медыкі, як Віктар, але раздумаў. Здароўе людзей — гэта, вядома, надзвычай важліва. Але дрэнная тая медыцына, якая пачынае з лекавання хваробы. Перш за ўсё трэба хваробу запабегчы. Даць людзям людскія ўмовы. Каб жылі сытна, каб апрануты добра былі, каб жылі багата і ў добрай хаціне, каб не цягаліся па судах і правільна вялі гаспадарку, каб былі вольныя. З камералаў выходзяць самыя лепшыя гаспадары і адміністратары. А гэта — галоўнае. Бо нельга дазволіць, каб народ выміраў. Унь у нас на Гродзеншчыне. Неўраджаі некалькі год, халера лютуе, тыфус косіць людзей, гарачкі іх кладуць.

А яны, сабакі, на нас ціснуць. На ўсю краіну адна навуковая ўстанова: Горацкая акадэмія (гэта калі не лічыць смаргонскай, дзе мядзведзяў вучылі). Вядома, так ім лягчэй нас у кіпцюрах трымаць. Што з беларуса возьмеш? Цёмная бутэлька. Віленскі універсітэт закрылі, гімназіі ў Гродна ды Беластоку закрылі. З нашай, Свіслацкай, зрабілі вучылішча на сорак вучняў. А было ж некалі чатырыста!

Ну, добра! Вучыцца буду, як вол. А вывучуся. Не ведаю, як будзе з платай за навучанне. Пяцьдзесят рублёў срэбрам у год — гэта для мяне зашмат. Можа, вызваляць па беднасці. І яшчэ каб стыпендыю нейкую атрымаць. Але гэта раней як на другім-трэцім курсе не атрымаецца, так што няма чаго і думаць. Буду даваць урокі".

— Ты б прапанаваў яму дапамогу, — перапыніла зноў Майка.

— Не возьме. Ды яшчэ і аблае. Ён горды.

— То што рабіць?

— Папрасіў дзеда, каб Ісленьеў патрос сувязямі.

— Хіба можа?

— А што? Ён рускі, пецярбуржац. У кар'еры яму ніякія сувязі не памогуць, а ў такой лухце знойдуцца. Дзед пад сакрэтам накіраваў грошы за навучанне на ўвесь тэрмін. А там скажуць — "вызвалілі". Толькі ты нікому не кажы.

— Не скажу.

— Стыпендыю з часам атрымае. А не атрымае — зробім, як з платай. Ну і ўрокі. Я палічыў. За нядрэнны пакой — дзесяць рублёў. Есці, каб хаця два разы — восем. Кнігі — пятнаццаць. Форма з дзвюма зменамі — дваццаць. Значыць, за ежу і дах у год дзвесце шаснаццаць. А разам з вопраткай і кнігамі — усяго дзвесце пяцьдзесят адзін рубель.

— Я не думала, што ты і практычны.

— Я — усялякі… То слухай далей… "Дуніна-Марцінкевіча, аб якім ты пішаш, не ведаць — сорам. Першы наш сапраўдны паэт. У сорак шостым годзе надрукаваў у Вільні сваю "Ідылію" (здаецца, так), а ў мінулым, у Мінску, "Гапона" ды "Вечарніцы". "Гапона" з "Вечарніцамі" дасылаю, "Ідылію" дастань сам. Трохі гэта, канечне, занадта дабрэчае і на ружовай вадзіцы з панскімі (прабач, Майка, — сказаў Алесь) соплямі замешанае, але ён можа быць і злы. Нічога, што ён, пакуль тое, кроераў у нашым жыцці не заўважыў. Будзе і гэта. Галоўнае, наш чалавек. Таленавіты. Галоўнае — дыхнула наша пісьменства, з часоў агульнай панскай здрады забітае, загнанае. Сіраціна наша з табою першы свой голас падала. А чысты! А звонкі! Золата на хрусталі. Васількі ў жыце! Срэбныя кропелькі Каб ты ведаў, Алеська, як хочацца вершы пісаць! Але ведаеш: лёс разгарнуцца не дасць. І хапаеш сам сябе за руку. А Марцінкевіч малайчына! Я зайздрошчу табе, што ты яго бачыў.

З тваёй гімназічнай гісторыі і пасмяяліся мы, і задумаліся потым. Але мне стала трохі сумна, што ты гэты год не будзеш паступаць ва універсітэт і станеш, дзедавым намаганнем, прывучацца да гаспадаркі. Як паедзеш, то цяпер, вядома, у Пецярбург, а не ў Маскву. Будзем разам. А пакуль тое, я табе падрабязна пра свае справы пісаць не буду. Так, трошкі. Папера, сам ведаеш".

— Шкада, — сказала Майка.

— "Ты ведаеш, — чытаў Алесь, — я тут палюбіў рускіх людзей. Высакародны, харошы народ. І таксама няшчасны, як мы. Я раней іх ведаў па горшых узорах, па жандарах, што да нас панасылалі. Сам ведаеш, добры чалавек на такое не пойдзе, сумленных і шчырых у такім асяроддзі — дарэмна шукаць. А тут прыглядзеўся — лухту гэта на іх нашы панкі, накшталт твайго Лізагуба, вярзуць. І тое праўда, што няма дрэннага народа. Канечне, гэта не яны нас на часткі шматуюць, у пятлю пхаюць, выбіваючы дух. Гэта дзяржава катаў, абрыдлівая, страшная, гнілая. Турма людзей, турма плямёнаў. Жандары, алілуйшчыкі, прадажная погань! З турмы, з турмы гэтай трэба вырывацца, калі хочам жыць. Трэба разумець, што справа ў рондзе [77] , а не ў народзе. І што калі адасабляцца, то ад яго, а не ад людзей, што самі шукаюць сяброўства з намі. Шмат харошых хлопцаў. І сярод нашых, і сярод палякаў, і сярод рускіх.

77

Ва ўрадзе.

"Современник" чытаю даволі рэгулярна. І, ведаеш, у жнівеньскай кніжцы новае імя. Памяні маё слова, калі мы не дачакаліся новага свяціла. Ён рускі. Прозвішча — Дабралюбаў. Чалавек, па ўсім відаць, страшэнна памяркоўны, страсны і чысты. Нашы хлопцы ганарацца. Вучыцца ён у педагагічным. Гэта ў будыніне універсітэта. Пад адным дахам. Памятаеш, у Грыбаедава (па тваім спіску цытую):

Есть в Петербурге институт Пе-да-го-гический — так, кажется, зовут?.. Там упражняются в расколах и в безверьи Профессоры!

Прафесары "доупражнялись". Цяпер узнялі голас выхаванцы. Вось яно як!

Пасля напішу аб усім. Перадавай прывітанне бацькам, дзеду, Мсціславу. І, вядома, Майцы. Я люблю яе. Перадай.

Залатыя прыножкi, Дзе стаяць яе ножкі, Дзе яна сядзела, Там лаўка залацела".

Майка паружавела. Варухнула вуснамі.

— Во гэта кавалер! Не тое, што ты.

Алесь, нібы не слухаючы, чытаў далей:

— "Яна сапраўдная беларуская дзяўчына. І таму, прабач, браце, я не хацеў бы для цябе небяспекі".

Майчыны шчокі сталі чырвоныя.

— Што ты напісаў?

— Напісаў, што мне дарагі свет і ты. Але радзіма мне даражей за ўсё. І калі радзіме маёй дрэнна — мне таксама няміла нічога, акрамя радзімы. Не баліць нічыя бяда, акрамя яе бяды. Я тут не на тое, каб дыгнуць нагою ды сказаць je suis de passaga [78] . Я тут нарадзіўся і тут спадзяюся памерці.

Яна зірнула на яго з павагай.

Урга і Касюнька імчалі па свеце. Снежна-белы і мышастая. А свет вакол быў жоўты ад іржышчаў і хрустальна-сіні ад неба. Сям-там на апошніх лапіках поля жанчыны яшчэ ваявалі з каласамі. Жоўтыя бароды жменяў здрыгаліся і бязвольна клаліся пад сярпом. І тонка-тонка, высока, далё-ока дрыжалі, плакалі ў чыстым паветры празрыстыя крынічкі галасоў.

78

Я тут праездам (франц.)

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 133
  • 134
  • 135
  • 136
  • 137
  • 138
  • 139
  • 140
  • 141
  • 142
  • 143

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: