Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Князь, падціснуўшы вусны, паглядзеў на яго, але нічога не сказаў.

Строгі будынак з вузкімі вокнамі стаяў у парку, прымыкаючы да пляцоўкі, абкружанай мурам.

— Мой арсенал, — сказаў Вежа. — Зброя, як кажуць, з часоў Гастамысла і да нашых дзён. Тут яе чысцяць, берагуць… Тут вучаць — у тым двары за мурам — коней, каб не баяліся стрэлаў… Усё гэта нікому не патрэбна… Як усё на зямлі.

…У арсенальнай зале адбылася сутычка.

Князь паказваў шаблі, старыя мячы, кінжалы, корды. І вось адна шабля, лёгкая нават на выгляд, з похвамі, інкруставанымі чырвонай яшмай і мядовым бурштынам, здалася Алесю такой прывабнай, што ён пацягнуўся да яе і пачаў абмацваць інкрустацыю рукамі.

Князь цярпець не мог гэтай прывычкі — мацаць.

— Віншую, — сказаў ён. — Гэта цябе на дзядзькаванні навучылі такім манерам, каб усё церці? Ды, можа, яшчэ, папляваўшы, крысом світкі?

Алесевы шчокі запунсавелі. Чапаць можна было ўсё, акрамя яго мужыцкага мінулага. Хлопец узняў вочы:

— А чаму б і не ўзяць у рукі?

— Гэта інкрустацыя.

— Гэта — сталь, — сказаў Алесь. — Усё астатняе толькі прывесак да яе. А яго можа і не быць.

— Гэта парадная зброя, — суха растлумачыў стары. — Аздоба.

— Зброя не можа быць аздобаю.

— Ого, — сказаў князь. — Дзе ж гэта ты вучыўся павазе да зброі?

Алесь глядзеў проста ў вочы гэтаму чалавеку, якога ён, здаецца, пачынаў ненавідзець.

— У мужыкоў, — сказаў ён. — У тых, у каго яе мала, але ўся яна пры справе.

— Пры спра-аве, — сказаў князь. — Панскія дровы сячэ.

— Мала што яна можа секчы, — сказаў Алесь.

Халодная ярасць аж звінела ў ягоных вушах. А князь падбаўляў жару:

— Каб яна пры справе была, як ты кажаш, не сядзелi б мы тут з табою. Так што ты мне сваiх чарнапятых не хвалi.

Са скрухаю паківаў галавою:

— Аддалі, называецца. Адно цікава было б ведаць: чаму цябе там для душы навучылі? У што ты верыш, акрамя "лусне пан па шчацэ — падстаў другую"?

— Я веру ў каня святога Міколы, — збялеўшы, сказаў Алесь. — І я пайду пры гэтым кані…

— Я шмат бачыў маладых людзей, смелых на язык, — сказаў дзед. — Яны, на жаль, не былі смелыя на справу… Ён "пры кані"… А ты не баішся, што гэты конь цябе ўбрыкне?

— Ён ведае сваіх.

— Ён ведае тых, хто ўмее ездзiць…

Яны выйшлi з арсенала ва ўнутраны двор i спынiлiся ля ўвахода на круглы манеж. Жэрдкi адгароджвалi iх ад арэны.

Якраз у гэты момант некалькі конюхаў вывелі са стайні каня. Яны часта пераступалі нагамі і нацягвалі вяроўкі, не даючы жывёле магчымасці кінуцца ўбок або павярнуць галаву і схапіць зубамі.

Конь дрыжаў ад ярасці. Маленькія вушы былі прыціснуты, белыя ноздры раздзьмуты. Ён ірваўся, але тыя, што так крыўдна прыніжалі яго, моцна нацягвалі вяроўкі.

— Тромб! Тромб! — пяшчотна шапнуў дзед.

Адзін з конюхаў здалёк звярнуўся да пана:

— Збіў усіх і ў стайню заляцеў. Як пачуе стрэл — вар'яцее.

— Паспрабуйце некалькі дзён страляць амаль няспынна, пакуль не атупее.

— Спрабавалі, княжа.

— Паспрабуйце яшчэ раз. Іначай які ж з яго конь? Ні на паляванне, нікуды. Татарам хіба на махан…

Пачуліся стрэлы. Жывёла прысядала на заднія ногі. Высакародны белы дрыкгант, увесь у дробных чорных плямах і смугах, як леапард.

— Пусціце! — нечакана крыкнуў Алесь. — Вы што ж, не бачыце? Ён не хоча.

— Памаўчаў бы ты, — суха сказаў князь, — хрысціянін.

— Ды ён жа не хоча. Ён пратэстуе! А яны не могуць!

— А ты можаш? — спытаў князь.

Алесь апусціў галаву. Усё было скончана. Прыніжэнне няшчаснага Тромба завяршыла ўсё. Eн ненавідзеў гэтага чалавека ўсёй сілай сваёй дзіцячай нянавісці. Так, ён не мог. Але чым вінаваты Тромб?..

Тромб раптам кінуўся ўбок, даў свечку — і людзі паляцелі ад яго.

Людзі сыпанулі хто куды — той на мур, той у стайню, толькі вароты ляснулі.

Поле бітвы ў імгненне асталося за канём. А ён то біў пярэднімі капытамі ў вароты, то насіўся па манежы.

Князь адчуў нейкую пустату і павярнуўся.

…Алеся не было побач з ім. Хлопец падлез пад жэрдкі. Ён быў ужо амаль на сярэдзіне манежа… Iшоў да каня, танюткі, вельмі маленькі на пустым, сляпуча белым крузе.

Позна было крыкнуць. Позна кінуцца надапамогу. І Вежа толькі ўчапіўся пальцамі ў валасы.

Раз'юшаны конь заўважыў новага ворага, стралою кінуўся да яго і ўскінуў у паветра страшныя пярэднія капыты.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: