Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Ён няўлоўна ўсміхнуўся навізне і небяспечнасці гэтых думак.
Так ён і зробіць. Суд дык суд. I ўсім, хто страляў y крыжы, не пайсці жывымі. Ён заступіцца за свайго Хрыста. Усе яны адкажуць перад праўдай. Таму што яны не дапамагалі хлебу расці, не дапамагалі зямлі-маці раджаць. Яны толькі глумілі яе, і таму праўды ў іх не было, і яны былі ваўкі. A з ваўкамі — па-воўчы…
XII
Выйшлі з двара надвячоркам, калі ўздоўж вуліцы наскрозь ружавеў ад сонца ўзняты каровамі пыл. Мэкалі авечкі, непаразумела штурхаючыся ля варот, і адусюль даляталі лісліва-абыякавыя галасы гаспадынь:
— Шу-шу-шу.
— Красуля, Красуля… Ах, каб ты здарова была…
Чуліся рыпенне, шумныя ўздыхі, звонкія жаночыя галасы і добрыя плескачы па крыжах жывёл — гукі звычайнай вячэрняй сумятні.
Але нават у неспакоі быў спакой, таму што быў вечар. І, нібы падкрэсліваючы гэтую стому і спакой, сярэдзінай вуліцы ішоў на вячэру ў чарговы дом азярышчанскі пастух Данька, ляніва, ад няма чаго рабіць, прыкладаючы часам да вуснаў даўгую берасцяную трубу.
Гукі былі чыстыя і гучныя: Данька мог круціць трубы, як ніхто іншы. Дзеці ішлі насустрач яму, а пастух ішоў, так спакойна заграбаючы скуранымі поршнямі пыл, што аж зайздрасць брала. Дай бог быць на вялікдзень папом, узімку катом, а ўлетку пастухом. Дай бог! Бо нічога няма лепшага за гэты вечар, чыстыя гукі трубы і патаемныя позіркі дзевак на гожага пастуха.
Падышоўшы да дзяцей, Данька, які зусім і не глядзеў на іх, нечакана паднёс раструб берасцянкі да вуха Кандрату і раўнуў так, што хлопец аж падскочыў.
— Да-нька, каб на цябе!
— А чаго, чаго ты пасярэдзіне вуліцы ідзеш? — усміхнуўся роўнымі зубамі Данька.
— Ты, Данька, кінь, — сказала Янька. — Няможна.
Яна сядзела на закарках у Андрэя: пабойвалася кароў. Глядзела на Даньку з асуджэннем і павагай. Такі гарэзнік, а кароў не баіцца.
— Не буду, Янечка, — сказаў Данька, усмiхаючыся. — Дальбог, не буду, гаспадынечка. А хто ж мяне тады вячэраю накормiць, як не ты.
Ён гэты тыдзень харчаваўся ў Кагутоў і быў здаволены: есці давалі добра.
Кожная гаспадыня ўлешчвае пастуха.
— Чакайце, хлопцы, — сказаў Данька. — Бярыце вось.
Ён палез за пазуху і пачаў даставаць дзічкі, зеленаватыя, з карычнева-ляжалымі плямамі: кожнаму па жмені.
— Буйныя якія дзічкі, — сказаў Паўлюк, набіваючы рот.
— М-гу, — сказаў Данька, сакавіта чамкаючы вялікай дзічкай. — То ж посеркі [46] . Гэтыя есці мо-ожна.
Усе елі дзічкі. Данька, гарэзуючы, даваў Яньцы адну за адной. Дзічак было многа, яны не змяшчаліся ўжо ў дзіцячых далоньках, а пастух, такі спакуснік, даваў яшчэ і яшчэ. Дзеўка глядзела на яго ўмольна, не ведаючы, што рабіць.
46
Асабліва буйныя дзічкі, якія растуць ля затравелых лясных сцежак і дарог. У Прыдняпроўі некалі верылі, что яны выраслі з памёту мядзведзяў і дзікоў і таму былі такія вялікія.
— Кінь, Янечка, — сказаў гаспадарлівы Паўлюк. — Злазь з карка, тут кароў няма. Ну вось… А цяпер глядзі.
Ён палез у Данькаву запазуху і там падчапіў далонню, як каўшом, цэлую горку дзічак.
— На ў прыполік. І не глядзі на гэтага антыхрыста.
— Дык чаго гэта Кагуты сёння такія кагуцістыя? — спытаў Данька. — Толькі пяра аднаго ў Кагутоў няма. І куды ідуць такія прыбраныя Кагуты?
— Пастуха сустракаць, — сказаў Кандрат. — Дарагога госця.
— Ну, гэта яшчэ нічога, — сказаў Данька. — Ад азярышчанцаў можна чакаць і горшага.
Ён быў вывазень з другой вёскі і таму заўсёды трошкі кпіў з Азярышча.
— Вы людзі ветлівыя. Вы не толькі пастуха, вы сена калісь званамі сустракалі. Думалі — губернатар, бо губернатараў вам, па мужыцкай вашай цемнаце, бачыць не даводзілася, а Мінка-салдат казаў: "У-га! Губернатар! Губернатар, браткі, важны, як, не раўнуючы, воз з сенам". Дык вы ўцямілі. Здагадаліся, сустрэлі.
— Кінь, — сказаў спакойна Андрэй. — Брахня ўсё.
— А я хіба кажу: праўда? Куды вы?
— Да Загорскага ў госці, — апусціў вочы Андрэй. — Паклікаў.
— Да дзядзькаванага паніча? Д-добра. Вы ж там глядзіце, хлопцы. Не накідвайцеся на розныя дабраны-смакаваны, як Лапатаў кныр на панскі мэляс. Гонару трымайцеся. Не ў іх адных ён ёсць.
— А мы ведаем, — сказаў Паўлюк. — Мы не з пустымі рукамі ідзём. Мы во лузанцы нясём, гарэхі, мёд.
— Ды нешта позна ідзяце? — спытаў Данька.
Дзеці пераглянуліся. Потым Андрэй сказаў спакойна:
— А мы пераначуем. А раніцай пойдзем глядзець усё.
— Ну, глядзіце, — сказаў Данька. — Шчаслівай вам дарогі.
І ён пайшоў, заграбаючы поршнямі пыл.
…Дзеці выйшлі за весніцы. Ісці было прыемна. Ласкавы і яшчэ цёплы пыл прыемна казытаў пальцы, фантанчыкамі ўсплёскваў між іх.
— Добра, што ты не сказаў яму, Андрэйка, — вымавіў урэшце Кандрат. — Ніхто і ведаць не будзе. Нават бацькі. Толькі мы ды Алесь.
— Што я, дурны? Скажу я Даньку, што мы задумалі. Адразу б нас на возе ў Загоршчыну завезлі. А так збочым з дарогі, пройдзем лішнія тры вярсты ды і залезем у Раўбічаў парк. Разгледзім усё ды і пойдзем сваёй дарогай… А то ўсё: Раўбіч — чарадзей, Раўбіч у прычасць страляў, над Раўбічавым маёнткам цмокі лётаюць, да яго балотныя паны ездзяць… А хто бачыў? Хто ведае? Вось і трэба… памацаць…