Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Потым яна ўжо не спявала… I хто б яшчэ сказаў на месяц: залатая дзяжа? Тыя не маглі. Ваўкі, якія стралялі. A з ваўкамі — па-воўчы… A значыць, ніколі яму ўжо не давядзецца жыць ля сваёй дзяжы.

— Ты — не таго, — быццам апраўдваючыся, сказаў Грынь Паківач… — Ты не бойся. Ніхто не выдасць… Вылечым… Пажывеш ды і пойдзеш y скіты, на Ветку… Там збеглых многа. Стараверы не выдадуць, бо лічаць, што ўлада — ад д'ябла. Пераправяць яшчэ далей… Аж на Кержанец… Так жа яно век і цягнуцца людзі: нашы — туды, a іхнія — да нас.

Корчак маўчаў доўга.

— Не, — сказаў ён урэшце. — Я не пайду… Тут мая зямля… Мой хлеб… Я не павінен пакідаць яго.

— Глядзі, — сказаў Грынь. — Можаш і тут, пакуль не дазналіся.

Яны маўчалі. Адзін пасмоктваў распаленую люлечку. Другі ляжаў з заплюшчанымі вачыма і думаў. Раптам цемра пад яго апушчанымі веямі ўспыхнула гарачым залаціста-чырвоным святлом, і ён здагадаўся: нехта адчыніў дзверы ў імшанік. Ён усведаміў гэта, але не ўзняў павек. Усё адно ён не можа пакуль што абараніцца, і, калі гэта прыйшлі па яго, ён не будзе глядзець на іх. Хай возьмуць такога. Ён так і памрэ з заплюшчанымі вачыма.

…A Грынь павярнуўся і ўбачыў y дзвярах Міхала Кагута, a за яго спіною твары Кандрата і Андрэя. Усе глядзелі проста на распрасцёртую постаць. Толькі Міхал глядзеў змрочна, a блізнюкі — здзіўлена.

Грынь устаў насустрач, ледзь не выпхнуў ix i зачыніў за сабою дзверы. Ён злаваў на сябе: варон лавіў, старая макітра, a пялёхканне млына прыглушыла колы завознікаў.

— Ну? — змрочна спытаў Грынь.

— У нашым завозна, — сказаў Міхал. — Дык мы да цябе.

— Хадзем.

Увесь час, пакуль цягнуўся памол, завознікі і млынар не абмовіліся і словам, моўчкі цягалі мяхі, моўчкі засыпалі, моўчкі пускалі ваду.

Грукат, значна больш гучны, чым раней, даляцеў і ў імшанік і супакоіў Корчака: значыць, не па яго.

A людзі ля млына не глядзелі адзін на аднаго. Ды і што было Кагутам да млынара? Млынар як млынар. Значна цікавейшы быў старадаўні млын, вузкая стужка адзінай дарожкі, якая вяла да яго і якой яны прыехалі, невялічкі ставок з лілеямі і драмучыя лясныя нетры вакол яго.

Як не цікавіцца? Ставок такі цікавы, раўнюткі. Страха млына зялёная ад моху. I латок увесь аксамітна-зялёны. I шкельцы зялёныя. A ствалы баравых дрэў зусім мядзяныя, бо сонца схіляецца. Зусім мядзяныя, быццам тысячы велічэзных змеяў-мядзянак сталі на хвасты. A над стаўком таўчэ мак камашня, таксама зусім залатая ад сонца. Вось і глядзі сабе, чалавеча. I нічога ты не бачыў, і нічога ты не чуў… Еш боршч з грыбамі, a язык трымай за зубамі… Хто моўча, y таго дума не воўча… М-ня… Вось яно, значыцца, і так, ці ведаеце вы…

I толькі калі Міхал ужо адсыпаў Паківачу належныя гарцы, a дзеці адышлі да воза, млынар ціха спытаў y Кагута:

— Бачыў?

— Не бачыў, — змрочна сказаў Міхал. — I дзеці не бачылі.

Дзікаватыя светла-сінія і бурштыновыя, як y коршака, вочы сустрэліся на хвіліну і зноў разышліся. Але Паківачу гэтага было мала. Яму трэба было ведаць, ці правільна зрабіў ён, Паківач.

— A каб y каго другога ўбачыў?

— I ўхваляў бы, і не ўхваляў, — з мужыцкай хітрасцю сказаў Кагут. — Я, брат, ніколі нікому нічога ніякага…

— …Ну, a калі што якое?

— Ну, a калі што якое, дык што ж тут такое, яно ўжо…

— Ну, a калі што якое? — настойваў Паківач.

— Ды яно ж, тым часам, і ў другіх не бачыў, і ў цябе. Я чалавек рахманы. Ды і бацька мой, a іхні дзед, таксама не абы-што, і ўсім, вядома, можна, калі ўжо так, і сказаць. Вось яно, тым часам, і так.

— Данясеш? — на чыстату спытаў Пакiвач. — Дзецi не данясуць, яны простыя душы. A ты?

Міхал паглядзеў проста ў вочы Паківачу.

— Не, — сказаў ён. — Не данясу.

Калі завознікі паехалі, млынар, трошкі супакоены, пайшоў да імшаніка. Перад дзвярыма спыніўся, думаючы аб тым, што трэба будзе ўсё ж перанесці параненага ў будан ля бортнага ўрочышча. I не таму, што Кагут данясе. Ведаючы дзеда Данілу, гэтага можна было не апасацца. Проста далей ад граху. A раптам нехта налезе. Розныя бываюць людзі. Прыйдзе, калі цябе няма, і давай шныпарыць…

З гэтымі думкамі ён адчыніў дзверы. Марта сядзела над параненым.

— Непрытомны, — ціха сказала яна.

Корчак не быў непрытомны. Проста яму трэба было застацца са сваімі думкамі, і ён не хацеў адгукацца.

Так, для яго больш не было роднай хаты і роднай дзяжы. Таму што яго аднаго гналі, таму што адной ягонай крыві хацелі за падзеі ў Півошчах. A хіба яго трэба судзіць? Хіба гэта ён страляў? Не, пачаў страляць Кроер. Скончыў той паручнік з рысінымі вачыма.

Корчак быў спакойны. Ён проста разважаў.

Караць павінны ix, a караюць яго. Калі зямны суд такі хлуслівы, такі няправедны — чаму б не судзіць кожнаму, папраўляючы яго. Чаму не губернатару? Чаму не дзядзькаванаму смаркачу Загорскаму? Чаму не… мне? Чаму сапраўды?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: