Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Злосць зноў падкочвае пад сэрца Корчаку. I ён кажа:

— Мы як ваўкі і як сабакі… Адных шчанюкоў нам з імі… ніколі… не пладзіць.

— Разумны, — кажа млынар, — ды толькі яшчэ ніколі воўк не вартаваў пакояў, a сабака не выў y начным лесе. Дык, значыць, і не лезьце ў хаўрус адзін да аднаго, не пніцеся. Яны, бач, справядлівасці захацелі.

— Кры-ыўда.

— Ну, a каб вы панамі сталі — не крыўда была б? Камусьці ўсё адно была б крыўда. Можа, яшчэ і горшая. Няма горш, як з хама пана, a з дзярма пірага.

Гэтыя буркатлівыя словы злуюць Корчака, але ён маўчыць.

— Можа, і горш, — кажа Паківач. — Бо ўсё адно, хто зверху будзе класці ногі на чужы карак. Дык y гэтых паноў ногі больш кволыя, чым твае ступакі. Іхнія ногі да дыгаў і скокаў звыклі, яны такога выспятка даць не могуць, як ты ў карчме.

— Іхнюю далікатнасць… зведаў… У крыжы стралялі, нехрысці.

— Навучылі, — усміхаецца Паківач. — I правільна зрабілі, што навучылі. Вы ж, палахліўцы, вёскай ад дзесяцёх уцякалі. Не з вашымі зубамі арэхі есці. Хоць бы тое падумаў, ці нападае ў Янаву ноч воўк?.. Не-е. Ён чакае той ночы, якую яму бог вызначыў, ён піліпаўкі чакае і тады ў сенцы ўлазіць, каб сабаку дастаць. Таму што бог яму тую ноч даў для ўлады. A да таго ён маўчыць, ён да сялібы не пойдзе, як вы… Палезлі — і наклалі ўсім сялом y порткі. Таму што як быццам і разам, a на справе — быдлячая чарада. Нішто вас не вяжа, кожнаму свая шкура даражэй… Калі не зменіцеся — так вам давеку быдлам і быць. Забасцё часам аднаго, дык адразу будзе над вамі новая пуга…

— Маўчы, Грынь, — сказала Марта. — Ты што, забыў, што ён ранены, што яго злаваць нельга.

— A i ты маўчы, — сказаў Грынь. — Давай, во, лепей перавязвай.

Марта разгортвала белыя анучы на грудзях Корчака. Паранены адчуў, як збалелае цела дробнай дрыготкай адказвае на штуршкі болю: Марта аддзірала палатно ад раны.

— Тц-тц-тц, — пацмокаў Паківач.

— Дрэнна? — спытаў Корчак, не расплюшчваючы вачэй.

— Лепей, — сказаў млынар. — Але яшчэ не зусім добра.

Яго грубыя рукі дасталі аднекуль жменю шараватай з прозеленню вязкай масы і пачалі раскладаць па ране. Корчак адчуў прыемны халадок.

— Падзякуй свайму богу: тры тыдні не пяклі… Лета, праснакамі абыходзімся, — сказала Марта. — Гэта плесня, што ў дзежцы на рошчыне вырастае, калі не пякуць хлеба.

— Ведаю, — сказаў Корчак. — Здымеш, a ніжэй добрая.

— Ну вось, — сказала Марта. — Калі ёсць божая воля — ачуняеш.

Пах рошчыны вярнуў Корчака да ўспамінаў аб хаце, аб жонцы і дзецях. Пасля ён успомніў хату і нябожчыцу матку. Матка збіралася саджаць y печ хлеб. "Хадзі сюды, сыночак", — казала яна. Ён ведаў і падыходзіў. Рукі маці былі голыя вышэй локцяў. "Нахіляйся", — казала маці. I потым яе рука з моцным плясканнем рэзка ўваходзіла ў надзьмутае грыбам цеста. Маці вырывала руку, і ён, малы хлопчык, прыпадаў носам да ямкі ў цесце, a адтуль — толькі на імгненне — шыбала кіслым і рэзкім, аж y вочы калола і ў галаве круцілася, неймаверна сытым і добрым духам. I гэта быў самы прыемны пах, дамавіты, як печ, як родная хата, і лепшы за кожны водар на зямлі — не нанюхаўся б і за ўсё жыццё. Таму што гэта быў — хлеб…

З прыемнымі дрыжыкамі (гэта адыходзіў боль) Корчак падумаў, што цяпер ён, пэўна, можа і не памерці…

…Таму што гэта быў хлеб, a ён верыў хлебу. У хлеб можна было верыць. У хлеб трэба было верыць. Ад хлеба жыццё і ад хлеба адужанне. Ад хлеба не можа не быць адужання. Ён нясе чалавека, і чалавек жыве дзеля яго, памагае яму стаць хлебам, a той за гэта дае чалавеку частку самога сябе. I ў гэтым хлеб вышэй за чалавека, бо чалавек аддае яму ўсяго сябе.

I гэта за хлеб лілася ў Півошчах мужыцкая кроў.

Ён, неяк адразу і да канца, зразумеў, што цяпер яму ніколі не есці хлеба, які падыходзіў y роднай дзяжы. Не есці ні ў хаце матчынай, ні ў сваёй хаце. Маці памерла, яе ніколі ўжо не ўбачыць. A ў сваёй…

— Грынь, — спытаў ён, — што ў Пiвошчах?

Паківачу стала весялей, — хлопец цікавіўся нечым, значыць, будзе жыць.

— У Півошчах зажывошчы, — сказаў ён. — Зажываюць над мужыкамі. Праўда, нікога не ўзялі, віцэ-губернатар абараніў. Таго-сяго адхвасталі за мэндлікі, ды і ўсё.

— Чаму так… абышлося?

— Кроера сам губернатар, Гамалея, пазваў y Maгілёў. Далі, відаць, прачуханa, бо вярнуўся злосны як сабака. Ягонаму фурману губернатарскі лёкай казаў за тытунцом, што на пана Канстанціна крычалі… Сам крычаў… Маўляў, з самага пачатку трэба было казаць, што згону плаціць не можаце… Злосны прыехаў Кроер… Заспяваеце вы цяпер, півошчынцы…

Паківач змоўк.

— Што пра мяне… кажуць?

— Пра цябе… Гм… Твае справы, брат, дрэнныя… Аднаму табе давядзецца расхлёбваць кашу за ўсіх. Я ж кажу, што вы не руя, a чарада. Ты збег, можа, нават забіты, цябе няма — твой і адказ. Ды і татары паказалі, што ты вілы кінуў, што з цябе пачалося… Ды і заядлы: крычаў, каб не ўцякалі.

Так, ён ведаў гэта і сам. Ён кідаў вілы, але ён не хацеў папасці. Які ж гэта спрытны мужык не пацэліць, калі захоча? Але апраўдвацца няма рацыі. Не павераць. Не захочуць паверыць. Таму што яны ніколі не нюхалі дзяжы, a значыць, y іхніх жылах цякла іншая кроў. Дзе крыві ні лыжкі, там праўды ні крышкі… Маці, калі была маладая, часам ціхутка спявала ўначы на прызбе. Месяц, такі поўны, выплываў над садам, і яна спявала:

Ой, за-а лесам, за пралес-ам З'а-л'а-т'ая дз'я-а-а-ажа…
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: