Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

А з царквы насустрач сонечнаму ліпеньскаму дню выходзілі людзі.

Алесь ішоў недзе пасярэдзіне працэсіі.

— На тваім пострыгу будзе хлопец, якому дадуць трымаць тваю пасму, — сказаў бацька. — Потым ты аддзячыш яму тым самым. Гэта азначае, што вы ўжо ніколі не будзеце ворагамі. Не маеце права.

— А калі і сябрамі не будзем?

Бацька легкадумна засмяяўся.

— Ніхто не прымушае. Але я думаю, вам будзе добра разам. Гэто ўжо маці і я пастараліся. Гэта сын майго лепшага друга, нябожчыка, — мяккая яму зямля, — Мсціслаў Маеўскі.

І вось цяпер Алесь ішоў і напружана чакаў, які ён будзе, гэты невядомы хлопец, з якім яны цяпер не маюць права быць ворагамі. Тое чаканне прымусіла яго быць няўважлівым да царквы і да набажэнства. Помніў толькі суровыя, нечалавеча вялікія вочы анёлаў, іхнія трошкі азызлыя твары і нясмелыя, уседаравальныя ўсмешкі. Помніў застылыя ўсплёскі іхніх крыл над яго галавой і незразумелыя па колеры, — ці ружовыя праз блакітнае, ці блакітныя праз ружовае, — складкі адзенняў. Помніў пералівістую, фіялетавую з золатам фелонь папа і тое, як падала ўніз ягоная епітрахіль — проста, бы драўляная.

Страшнае рыканне дыякана калыхала агеньчыкі свечак, прымушала часам дробна звінець шыбы. Страшнае, бы ў льва з пячоры, рыканне.

Усё гэта было як сон. Ён ведаў, што фрэскі іхняй старажытнай царквы былі дзівам, аб якім казалі ўсе альбомы, нават выдадзеныя ў Парыжы, што іхні пратаіерэй майстра і за гэта ўзнагароджаны камілаўкай, набедранікам і залатым наперсным крыжам, што загоршчынскага дыякана даўно збіраліся за яго дзівосны бас перавесці ў Магілёў і зрабіць іпадыяканам, каб прыслужваў толькі архірэю, ды пабаяліся псаваць адносіны са старым Загорскім. І ўсё гэта было як дурман, і ён бадай што ўзрадаваўся, калі набажэнства скончылася.

Ішоў з прыступак, скоса паглядаючы на новую асобу, якая звалася "пастрыжным бацькам". Пастрыжны ішоў з боку ад яго, ладны, чырвоны тварам, сівы грывай валасоў і кароткімі вусамі. На чырвоным загарэлым твары дзівоснымі здаваліся наіўна-сінія дзіцячыя вочы.

Гэта быў далёкі дзядзька Алеся, Пятро Басак-Яроцкі, гаспадар невялікага маёнтка, былы каўказскі афіцэр. На поясе ў Басака віселі срэбныя нажніцы.

І вось наперадзе Алесь убачыў кілім, а ля кіліма купку людзей. У баку ад іх стаяў хлопчык, якому было, напэўна, страшнавата ад урачыстасці цырымоніі. Белавалосы, з залацістымі вачыма — бы напоены сонцам мёд, — відаць, трошкі слабейшы за Алеся, больш хударлявы, ён стаяў на кіліме, трымаючы ў руках медальён на доўгім залатым ланцужку. Дзівосныя сонечныя вочы глядзелі трошкі ўгору.

Алесь не ведаў, куды яму ісці, і таму ледзь не зрабіў памылкі, накіраваўшыся да купкі людзей.

Басак-Яроцкі паклаў руку яму на плячо.

— Правей фронт, пляменнічак, — ледзь чутна сказаў ён.

Цяпер Алесь ішоў проста на хлопца. І ледзь ногі яго ступілі на пушысты вялікі кілім — са званіцы зноў грымнулі, радасна заліліся званы.

Хлопцавы вочы ласкава глядзелі на Алеся.

— Глядзець весялей, — шапянуў пастрыжны. — Падайце адзін аднаму рукі.

Алесь адчуў у сваёй руцэ руку Мсціслава.

У той жа самы момант усе астатнія, акрамя гэтых трох на кіліме, нават бацька, апусціліся на адно калена.

— Княжацкі сын Аляксандр Загорскі, сын Георгія, унук Данііла, праўнік Акіма і прапраўнік Пятра, схілі апошні раз сваю галаву.

Гэта абвясцiў Басак-Яроцкi сваiм хрыплаватым басам.

Алесь схіліў галаву.

— Отрак Аляксандр, — сказаў пастрыжны, — ты пастрыгаешся днесь у падлеткі, як гэта загадваюць звычаі гэтай зямлі. Бачыш ты свайго пастрыжнога брата? Абдыміцеся першымі мужчынскімі абдымкамі.

Яны абняліся. Алесь адчуў на плячы руку Мсціслава.

— Скажыце адзін аднаму на вуха некалькі братніх слоў.

Вочы Мсціслава смяяліся недзе ля вачэй Алеся. Потым Алесь пачуў шэпт.

— Папаўся? — спытаў малады Маеўскі. — Плюнь. Яны лічаць, што мы зеляпаны, дык давай мо прыкідвацца далей. Хай ужо цешацца.

— А я і плюю, — з нейкім раптоўным гарачым пачуццём да гэтага хлапца шапнуў Алесь.

Дарослыя з некаторым нават замілаваннем глядзелі на двух прыгожых падлеткаў, якія з такой відавочнай пяшчотай шапталі адзін аднаму на вуха словы братэрства.

— Ты, брат, накшталт таго скоч-тэр'ера. — Мсціслаў аж дрыжаў у абдымках Алеся ад прытоенага смеху. — Ведаеш, як іхніх шчанюкоў пазнаюць, чыстапародныя ці не?

— Ведаю, — усміхнуўся Алесь. — Бяруць за хвост і падымаюць у паветра. Сапраўдныя не вішчаць. Гонар трымаюць.

— Вось і ты трымай гонар. Пастарайся ўжо не вішчаць, як дварняк. Гэта глупства. Нязручна, але затое нядоўга.

Яны не заўважылі, што вусы старога Басака неяк няўлоўна і падазрона паторгваюцца.

— Пацалуйцеся, — сказаў Басак-Яроцкі. — І памятайце, вы казалі словы братэрства і цалаваліся яшчэ тады, калі былі дзецьмі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: