Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
…Малельня была забітая, поп выгнаны ў Мілае, у старую царкву-крэпасць, самую непрытульную і сырую з усіх цэркваў, якія былі ў яго ўладаннях. Хутка туды ж накіраваліся і папы з Вежы, Святога і Вітахмо.
— Буду плаціць вам удвая, абы духам вашым не смярдзела бліжэй чым за дваццаць вёрст.
Ён ненавідзеў папоў, ненавідзеў цяпер бога, ненавідзеў салдат і жандараў, тых, ад якіх тхнула потам, даносам і крывёй, тых, якія арыштоўваюць людзей за настроі і гэтым зводзяць у магілу стварэнне, якое нікому не прычыніла зла. Ён ненавідзеў маладога цара, які зрабіў так, што людзей, дваран, якія адказваюць за свае палітычныя погляды, хапаюць у іхняй крэпасці.
Ён закамянеў. Ён песціў дачку, адараў грашыма, уборамі, каштоўнасцямі. І зусім не цікавіўся, што яна там робіць на сваіх балях. Ён ведаў, што ёй належыць дзве тысячы душ і што знойдзецца прыстойны чалавек, які будзе кахаць яе. Што можа знайсціся і непрыстойны, ён не падумаў. Дачка ўцякла з маладым афіцэрам размешчанага ў Сухадоле палка…
Пан Даніла цяпер спаў удзень, а ўначы чытаў, моўчкі гуляў па парку або слухаў у музычным павільёне "Рэквіем" Моцарта. Заўсёды адну і тую ж частку, "Лакрымоза". Граў, седзячы за глухой шырмай, арганіст, якога прывезлі з Сухадола. Пан слухаў з сухімі вачыма. Парушаць яго спакой баяліся і таму абвясцілі аб уцёках дачкі позна.
Прыступ гневу ў яго быў страшны. Дагэтуль спакойны, стрымана-моцны, пан быў у ярасці, быццам адразу хацеў выплюхнуць свой гнеў.
Яна! З кім?! З афіцэрам!
І гэта перапоўніла чашу ягонага гневу.
— Дзе?!
— У грэка-расійскім манастыры ў Ліпічах, — адказаў Кандраці, юнак, малочны брат, адзіны, хто не спалохаўся.
Ясна. Манахі заўсёды рады напаскудзіць яму. Чорныя божыя пацукі!
— Напэўна ўжо звянчалі, — сказаў Кандраці. — Позна.
— Позна?! — Крык быў такі, што палац замёр ад жаху. — Я ім дам, позна. Людзей! Шляхту!!! Мужыкоў узброіць!!!
— Не пойдуць, — сказаў Кандраці. — Збаяцца!
— А мяне яны не збаяцца? — крычаў пан. — Не пойдуць — шляхту выганю і няхай здыхае з голаду! Не пойдуць — кожнага дзесятага ў руднікі прадам! Кандраці, пляшку гарэлкі кожнаму! Мужыкам па тры рублі! Шляхце па пяць! Сем'ям забітых пенсіі! Коней! Гарматы!!!
Кавалькада з шасцісот чалавек рынула на Ліпічы. Грукаталі, падскокваючы на камянях, гарматы, вецер ірваў полымя паходняў. І ў п'яных людзей, якія скакалі за панам, усё ўзрастаў бязмэтны гнеў, наліваліся крывёю вочы.
Манастыр атачылі апоўначы. Манахі з муроў убачылі паходні, полымя падпаленых стагоў, якое рвалася ў неба, пачулі гігатанне коней. Яны чакалі гневу, але не такога.
Ігумен выйшаў на мур і ўбачыў проста перад брамай расхрыстанага пана з ашклянелымі вачыма.
— Дачка… — сказаў пан.
— Тут, — не схлусіў ігумен.
— Адвальвай браму, пёс.
— Не апаганьвайце абіцелі, — сказаў ігумен. — Манастыр не можа адмовіць рабам божым, якія ўмаляюць аб прытулку.
— А гарэць твой манастыр можа?
— А ў Салаўкі на затачэнне хочаш? — спытаў ігумен.
Ён адчуваў за сабою сілу дзяржавы, сілу муроў, чатырохсот манахаў і дзесяці гармат. Не адвучылася яшчэ брація з тых часоў, калі манастыр быў памежнай крэпасцю.
— Лізаблюд, — гнеўна сказаў пан. — Халуй пецярбургскі!
— Анафему накладуць, — сказаў келар. — Ты, быдла. Дзе?кала недабітае.
— А я вось дам вам анафему. Зводнікі! Па колькі капеек з ложка бераце?
— Не зневажай бога, прычакань Салавецкі, — сказаў ігумен.
— Гэта хто бог? Ты? Казёл ты!
У адказ з муроў рыгнула гармата.
— Д-добра, — сказаў пан. — Т-так. Добра вам будзе з нябёс на мяне ў Салаўках глядзець.
Спалоханы гэтым спакойным тонам, ігумен хацеў быў паклікаць утрапёнага Данілу, але той пайшоў ужо ў крывава-чорны змрок. А праз пяць хвілін адтуль зараўлі гарматы. Сорак штук.
Стралялі гадзіну, не па людзях, а па сцяне. Аконам хапаўся за галаву. Няхай бы білі ў браму, яе і аднавіць лёгка. Не, б'юць у мур.
…А пан з закамянелым тварам загадваў пушкарам сыпаць падвойны парахавы зарад:
— Нічога, не разарве! Сып! Бі… І вось што, распаліце ядры. Біце імі па дахах! Па дахах!
Манахі спачатку стралялі, а потым кінулі. Відаць было, як яны ўздымалі да неба рукі, стоячы на мурах. У барвяным зарыве твар пана стаў жахлівы…
Палалі шчапяныя дахі… І вось са страшным грукатам абурылася, упала ў хмарах чырвонага дыму кутняя вежа.
Абложнікі ўварваліся ў ахоплены полымем манастыр.
Манахі не абараняліся. Аконам ірваў на сабе валасы. Айца келара, які схаваўся на дражніку, за абразу торкалі носам у конскі гной.