Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Гэта зрабілі ў маі, а ў чэрвені Напалеон перайшоў Нёман. Загорскім не было каму займацца, як і ўсёй прыдняпроўскай зямлёй, аддадзенай ворагу.

— Што ж, — сказаў сябрам Загорскі. — Гуляйце. Прысуд пайшоў на абскарджанне.

Ён чакаў, прыглядаўся. Баі грымелі ўжо за Дняпром.

Напалеон быў яму сім-тым трошкі сімпатычны. Ва ўсякім разе, смелы. Воін. І, потым, усё ж было лепей, чым быць аддадзеным у лапы таму, хто загадваў хапаць людзей. Таму, хто адпраўляў людзей у манастыры.

Але, з другога боку, занадта ўжо радавалася Варшава. Ён нічога не меў супраць палякаў. Іх гонар быў блізкі яму, і ён прызнаваў іх права на крыўду. Але пры чым тут ён, Загорскі? Бацьку выслалі з Варшавы, а цяпер Варшава сама ідзе да яго на французскіх штыхах. Затычкай быць? Не, хопіць. Досыць з яго і праваслаўнай сволачы ў расах. Езуітаў — на ліхтар!

Ён нездарма быў вальтэр'янцам. Раздушыце гадзіну! Раздушыце інквізітараў — усё адно, папоў ці ксяндзоў. Абое рабое.

Таму на пытанні суседзяў ён адказваў ухіліста:

— А што карсіканец? Карсіканскай пачварай я яго называць не хачу. Але і ад Аўгуста ў ім — пшык. Я сам, магчыма, не горшы за яго, толькі рэвалюцыя мяне не падсадзіла да консулаў, арміі не дала.

Потым Напалеон узнамерыўся абмежаваць дамаганні Варшавы, стварыўшы літоўска-крыўскую дзяржаву. Варшаўскае панства пакрыўдзілася. Мясцовыя дваране запалалі неабгрунтаваным энтузіязмам, прапанавалі Загорскаму ўзначаліць рушэнне. Ён адмовіўся.

— Чаму? Вы не ўхваляеце думкі? — спыталі дэпутаты.

— Я не падтрымліваю вас, хаця і дзякую за давер.

Тыя не разумелі.

— Гэта не барацьба за радзіму, панове, — сказаў князь. — Ён убачыў вашу сілу і вырашыў скарыстацца з яе. Гэты спрытнюга мае свой розлік. Бо ён хоча вадзіць вас за нос, панове, і вы, прыдняпроўскія дваране, зараз у незайздроснай ролі ката? які цягае малпе з агню каштаны.

Ён апусціў павекі:

— І яшчэ, панове… Народ не з вамі. Ён ненавідзіць Кур'яна, шпіцрутэны, наборы. Але француз прыйшоў у яго дом, забраў яго сена, расстраляў бацьку, асіраціў дзяцей… Кіпцем зачапіў за сэрца. А вы ведаеце, што такое наш народ, калі яго — кіпцем за сэрца… Дык вось, я невялікі аматар кулагі, лапцяў, народных пахаў. Але супраць народа я не пайду…

Узняў павекі і паглядзеў проста ў вочы дэлегацыі.

— Каб я быў баязліўцам — я, ратуючы сваю шкуру, узначаліў бы ваша рушэнне, каб аддаліць расплату асабіста са мной… Колькі вас? Толькі на Магілёўшчыне каля трыццаці тысяч. Колькі б пайшло дваран з усёй тэрыторыі магчымай — гм! — дзяржавы? Шэсцьдзесят. Шэсцьдзесят тысяч адчайных галоў. Больш, чым карсіканец страціў пры Барадзіне. Карсіканец у Маскве. Шалі вагаў дрыжаць… Скажам, каб была надзея на поспех, — баязлівец у карты не гуляе. Што тады? Марыянеткі ў руках чалавека, якога ненавідзіць мой народ? Вялікая дзяржава Шлезвіг-Сухадольская… "Іх глаўбе, гер Кёніг…" — і рукі па швах.

Ён сумна ўсміхнуўся.

— Гэта не цацкі, панове. Не рабі другому таго, што табе не міла. Не сунь пальцаў паміж дзвярэй. Мой Янка зрабіў з гэтых дзвюх прыказак адну: не сунь пальцаў, дзе табе не міла. Не будзь гарматным мясам для чужых капрызаў. Вы не слугі Кур'яна і не слугі маленькага капрала. Цяпер вы толькі метал пад молатам… Вы яшчэ не раз будзеце глытаць жоўць… Але тыя, белыя, унізе, не з вамі, і не з Капралам, і не з Кур'яном… І вось таму я не буду бараніць свае шкуры, іхняй і вашай, і ўсякай іншае крывёй, а проста пачакаю. Пачакаю сярод вашай магчымай пагарды, пакуль не прыйдзе Кур'ян, каб як мага даражэй прадаць сваё жыццё… Усё.

Частка дваран усё ж пайшла, узброіўшы сваіх мужыкоў і шляхту. Пачуўшы аб гэтым, ён паціснуў плячыма:

— Les sal — lari'es [53] .

Ён вымавіў гэта так, што ў слове выразна прагучала спалучэнне "sal" [54] .

Ах, маленькі капрал, спрытнюга, маленькі абабівач грушак чужымі рукамі! Чаму ж ты тады не збіў з дрэва і нас? Гэта ж так лёгка. У Францыі няма прыгону. Зрабі, каб яго не было і тут, і ў Расіі. Як адразу загрыміць Кур'ян! Ды не, куды табе. У цябе ёсць сілы, — і тое не заўжды, — каб сутыкнуць ілбамі людзей з рознымі славалюбствамі і рознымі страсцямі, але ты не можаш утаймаваць мора. Ты баішся, што яно разбушуецца. І гэта доказ таго, што ты вялікі палкаводзец, але не вялікі чалавек. Вялікі не спалохаўся б мора. А ты спалохаўся. Табе так дорага каштавала закілзаць гэта мора там, у сябе. Ты занадта добра помніш, як кошыкі пад гільяцінай рабіліся слізкія ад крыві. Ты баішся таго ж і ў нас. А чаму? Нашто табе шкадаваць маю галаву? Ты ж не пашкадаваў бы падставіць яе пад кулю на адным з незлічоных рэдутаў. Значыць, справа не ў маёй галаве… Проста ты лялечнік, што тузае ніткі марыянетак, як кожны тыран, у якім заўсёды ёсць і будзе нешта ад халуя. Лялечнік, а не Ладымер з казкі, той самы, што ўзараў нарогам мора.

53

Н-найміты (франц.)

54

Бруд (па сугучнасці) (франц.)

Ну і чорт з табою! Ты даў мне толькі адну добрую параду. Буду адбівацца, калі па мяне прыйдуць. Але я паспрабую таксама паторгаць за нітачкі, калі да мяне прыйдуць з хітрасцю. Паторгаю проста з цікавасці, каб паглядзець, як яшчэ нізка можа ўпасці чалавек. Я ведаю, што Кур'ян душыцель, але я не ведаю, ці падлюга ён. Я выпрабую гэта на яго халуях. Які гаспадар, такія і слугі.

А дарэмна ты не паспрабаваў раскілзаць мора, карсіканскі дурасліўчык. Дальбог, цікавей загінуць ад рукі мясцовага Рабесп'ера, крывавага і з віламі (на гільяціну ён выдаткавацца не будзе, трымай кішэнь), чым ад Кур'яна з мізэрным задам, зацягнутым у ласіны. Янка-Рабесп'ер, дык гэта хаця цікава. А ты не пажадаў. І вось за гэта накладуць табе аж па самае… І паляціш ты рылам у свой жа гной. І пачнуць жа цябе па замках цягаць, імя гразёю абліваць, узвялічваць, зноў абліваць, пакуль не прыйдуць да вываду, што было дадатнае, а было і адмоўнае, і толькі не вядома, што пераважае, дый наогул, ці варта гэтым займацца, тым болей што ўся твая справа даўно патанула ў цемры вякоў і, за непатрэбнасцю, занесена на антрэсолі архіва матухны-гісторыі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: