Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Косткам і тое спакою не будзе. Павінен быў ведаць гісторыю маленькага Наварца [55] . Прыйшоў з поўдня, прамяняў Парыж на імшу, памёр, забальзаміравалі італьянскім спосабам, на вякі. Паклалі ў нейкае там абацтва… Сен-Дэні, ці што? А тут Рабесп'ер… Санкюлоты падумалі-падумалі. Добры, здаецца, быў кароль, песенькі пра яго спяваюць.

"Vive Henri guatre…" [56] Ды і работы чалавечай шкада… А потым, далей ад граху, у агонь, разам з Людовікам Адзінаццатым, Акаянным… Так і табе будзе. Тваю Вандомскую калону абавязкова нехта скіне рана ці позна. Твой прах, які, ты мяркуеш, пакладуць у дом інвалідаў, — нехта выкіне.

55

Генрых IV.

56

Віват Генрых Чацвёрты… (франц.)

Ну вось, ведаеш, а пнешся.

А дарэмна ты не паспрабаваў раскілзаць мора!..

Такім думкам аддаваўся Даніла Загорскі, усё яшчэ ўмацоўваючы камяніцу, рыхтуючы яшчэ адну хітрасць і п'ючы, бы ў пустыні. А потым, калі Карсіканец сапраўды загрымеў, з Пецярбурга прыехаў рэвізор, каб расследаваць справу пра манастыр, генерал-ад'ютант Баранаў…

"Эге, сілаю браць не будуць, — падумаў пан. — Справа за часам прыахалола і здаецца ўжо не такой важнай. Трэба рызыкнуць".

І ён рызыкнуў: запрасіў генерал-ад'ютанта ў Вежу. А там на вячэру. А там — у камяніцу.

Баранаў убачыў валы, порах, гарматы, узброеных людзей, а ў камяніцы бясцэнныя габелены, антыкі, карціны.

— Чаму гэта тут? — Баранаў успомніў бочкі з порахам у скляпеннях і здрыгануўся. — Жыццё вам, спадзяюся, не абрыдла?

— Я фаталіст. Трапіць дык трапіць.

— А калекцыі?

— Я не хачу, каб імі цешыўся нехта яшчэ. Зрэшты, вам магу падарыць гэтага фаўна.

Фаўн з часам прыдбаў высакародную цёмную паціну, уцёртую ў мармур. Яна не зніжала яго белі, а толькі надавала яму рэльефнасць і прыгажосць жывога цела.

Фаўн з'едліва ўсміхнуўся Баранаву. Генерал не помніў сябе ад радасці. Гэта было больш каштоўна, чым "Нерон" Юсупава, звычайны афіцыйны бюст рымскіх часоў. У Юсупава была толькі адна "ступа" з такой вось пацінай. А гэта… Элада! У яго, Баранава, ёсць ужо бюст Агрыпіны. Цяпер ён пераплюне і Юсупава з яго "ступаю" і Шарамецева з ягонай славутай пампейскай "Козачкай".

— Бярыце, генерал. Я вызваляю гэтага фаўна ад наканаванасці.

Загорскі ўбачыў, што клюнула. Некалькі такіх пастак, для кожнага тыпу людзей, было расстаўлена ў яго.

— Пашкадуйце гэта, князь, — узмаліўся рэвізор. — Выбух — і…

— Усё адно жывём на вулкане. Не я, дык нехта другі.

Баранаў зразумеў намёк. Ды гары яно гарам, каб праз вежу нейкага ідыёцкага манастыра загінула такое. Але яму было страшна: а раптам і на яго данос?

— Вы ведаеце, што на вас ёсць ананімны данос, князь?

— Магчыма. У мяне шмат ворагаў.

— Аб манастыры.

— Чуў і такое. Спадзяюся, не ігумен скардзіўся.

— Не, ён якраз маўчыць.

"Яшчэ б ён крычаў, — падумаў князь. — Хто яго, калі ён крычаць будзе, бітага на месцы пакіне".

— Бачыце, ветру з манастыра… мне баяцца не даводзіцца. Я ж кажу: плётка ворагаў.

— А дачка?

— Ды што дачка. Вы лепей спытайце ў яе і ў зяця. Жывуць. Пасаг — дзве тысячы душ. Чаго ім яшчэ?

Баранаў паспакайнеў.

— А хто ж манастыр спаліў?

— Французы, любы генерал, французы. Усё яны, фармазоны. Буанапартэ…

— А кляштар?

— Але, — сказаў Загорскі, — частавалі нас там, частавалі. Такія гасцінныя людзі!

І ўсхапіўся:

— Няўжо яны скардзіліся?

— Што вы. Наадварот, хваляць.

— Вось бачыце, генерал, як можна звяртаць увагу на данос без подпісу… Дый наогул, што гаварыць аб гэтым… Давайце лепей у фараон перакінемся.

"Сволач, — падумаў Баранаў. — Яшчэ дражніць. Ну, я ж табе зараз за фаўна грошы прагуляю. Адмовіцца не магу, па няшчаснай слабасці маёй да антыкаў, дык я ж зраблю так, што я ў цябе гэтага фаўна куплю. І рукі будуць вольныя".

— Калі ласка, князь.

"Дурань, — думаў Загорскі. — Ты ж не толькі дурань, ты яшчэ і сволач. Паглядзім, хто прайграе. Каб прайграць у час ды ўмела, на гэта лепшыя мазгі патрэбны, чым у цябе…"

Перад світаннем Загорскі ўстаў з-за стала ў страшэнным пройгрышы: прагуляў Загоршчыну. Баранаў, не разумеючы, як жа гэта так атрымалася, што ён узяў хабар, маліў яго не лічыць гульні ўсур'ёз.

— Радавы маёнтак, князь. Яго ж нельга прайграваць.

— Нельга. Але карты. Няшчасная слабасць!

— Давайце не лічыць.

— А гонар, генерал? Не, картачныя даўгі трэба плаціць.

Баранаў і верыў у хабар, і не верыў. Але нават калі і не хабар, хто паверыць, што не хабар. Радавы маёнтак таго, каго рэвізуеш. Дый не дазволяць! Апекаванне над "умственно несостоятельным" князем. Жах! Сведкі побач.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: