Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

I зноў рунь, адна толькi рунь. А над рунню, прывязаныя нябачнымi нiцямi, трапечуць жаўрукi. А на зямлi, на ўсiм яе густа-зялёным абшары, толькi адна рухомая кропка: едзе дарогаю рысорны англiйскi кабрыялет, а ў iм хлопчык адзiнаццацi год i трыццацiгадовы мужчына.

Хлопчык у белым палатне, як мужык. Мужчына ў чашунчовай тройцы, чаравiках i шыракаполым саламяным брылi…

— Можа, вам брыль аддаць, панiч? — голас у мужчыны легкаважны, з выразным польскiм акцэнтам. — Галоўку напячэ.

— Не трэба, пане Выбiцкi.

— То добжэ, глядзiце. Нех тылько панi потым не лае Выбiцкага, калi ў дзiцяцi забалiць галоўка.

— Я каровы на сонцы пасвiў. То яны часам загiзуюць i бягуць як шалёныя, а самому нiчога.

Пан Выбiцкi глядзiць на хлапчука, i на яго маладым, наiўным твары з'яўляецца пакутнiцкi выраз: дзiця пасвiла каровы, — Езус Марыя! Яму хочацца зрабiць хлопцу нешта прыемнае, i ён лезе пальцамі ў кiшэнь камiзэлькi.

— На цукерэк.

— Нашто? — сур'ёзна кажа мужычок. — Яны грошай каштуюць. Завязiце лепш сваiм дзецям.

— Але ж у мяне няма дзяцей, — непаразумела кажа Выбiцкi. — Зусiм няма. Бяры.

— Ну, тады ўжо давайце.

Пан Выбiцкi са скрухаю кiвае галавою. "Мужычок, зусiм мужычок. I гэта сын загоршчынскага князя. Спадкаемца амаль дваццацi дзевяцi тысяч сем'яў, калi прыйдзе час. Дурны звычай!"

Выбiцкаму да слёз шкада хлапчука.

Так яны едуць i едуць. А вакол рунь, рунь i рунь.

…Пан Адам Выбiцкi яшчэ шэсць год назад ледзь не памiраў з голаду разам з бацькамi. Быў ён з чыншавай шляхты, жыў, як большасць такiх, земляробствам. Але стаў на гаспадарку ў няшчасны час.

…Нават год яго нараджэння быў годам чорнага недароду. А потым пайшло i пайшло. Чатыры галодныя гады, з дваццатага па дваццаць чацвёрты. Год адпачынку. А потым пяць год страшнай пошасцi на худобу, калi па ўсiм Прыдняпроўi ледзь засталася дзесятая частка коней i iншай худобы. Каб не кончыцца наглай смерцю, давялося прадаць восем дзесяцiн зямлi з дзесяцi. Ды i апошнюю няма чым было абнасенiць, i яна зарастала гiрсаю, i асотам, i, ад вялiкай кiслаты, хвашчом. У дваццаць чатыры гады Адаму было ўжо так, што хоць у кавалкi iдзi. Тут яго i падабраў Юры Загорскi. Аканомам хлопца прызначаць было рана, i таму пан зрабiў яго чымсьцi накшталт фактара i перакупшчыка, з пенсiяй трыццаць рублёў месячных ды яшчэ з панскiм жыллём, вопраткай i ежай. З таго часу Выбiцкi ног пад сабою ад радасцi не адчуваў.

Фактар з яго быў нявопытны, але рухавы i, галоўнае, бездакорна сумленны, капейкi пад ногаць не зацiсне. I таму Загорскi прывык да яго i адпускаць не хацеў.

I вось зараз яны ехалi ў панскiм кабрыялеце, белы, як апошнi мужык, шэравокi панiч i Выбiцкi, гарбаносы i кашчавы, ушчэнт спалены сонцам, але са старанна дагледжанымi вусiкамi. Ехалi моўчкi, насцярожаныя адзiн да аднаго.

— Што ж, цi падабалася там панiчу? — спытаў нарэшце Выбiцкi.

— Вельмi.

— То ж бачыў я, што тая хлопка так плакала, быццам роднага сына за свет вязуць.

— Яна не хлопка. Яна Марыля, другая мацi мне.

Пан Адам пакруцiў галавою.

— За што ж гэта вы iх так паважаеце, панiч?

— Бо яны працуюць, як Адам i Ева, — завучана сказаў хлопец. — Аруць зямлю i прадуць лён. Выбiцкi ўздыхнуў:

— Э-эх, панiч. Прайшоў той час, калi на зямлi былi толькi Адам i Эва. Прайшоў i не вернецца. Цяпер над Адамам i Эвай цар, потым губернатар, потым ваш ойцец, а потым я, паўпанак.

На вуснах яго з'явiлася iранiчная ўсмешка.

— А яны з усiх нас пасмейваюцца, бо нiчога больш не могуць зрабiць. Пра цара не чуў, а губернатара, як яны кажуць, кулагай аблiлi. Князь, па iхняму прыслоўю, "лярва, хоць i ў барве". А я, наогул, "цi пан сам пан, цi пан у пана служыць?". "На назе бот рыпiць, а ў гаршку трасца кiпiць". Так што нiколi вам, панiч, не быць мужыком, а мужыку не быць панам. I таму час вам забыць аб тым, што вы гулялi з хлопскiмi дзецьмi ў цыркi [9] . Час вучыцца панаваць… Нiколi iм, на жаль, не быць вольнымі, як старапольская шляхта. Заўсёды над iмi будзе прыгон. Чалавек гэта такая халера што прыдумае…

9

Гульня накшталт бабак.

— А белае жарабя? — спытаў Алесь i схаладнеў ад самага нутра, бо зразумеў, што ледзь не ляпнуў лiшняе.

— Якое белае жарабя? — спытаў пан Адам, уважна гледзячы на Алеся.

— Камень унь у яры, — няспрытна выкруцiўся Алесь. — Ляжыць у траве, як белае жарабя.

— А-а, — сказаў абыякава Выбiцкi. — Дык гэта, панiч, хутчэй на белую авечку падобна…

Вочы ягоныя амаль зусiм непрыкметна смяялiся.

— Дык, значыць, вучылi вас там, панiч?

— Вучылi.

— То i добра. Прынамсi, не зблытаеце льну з пшанiцай.

Абодва зноў маўчалi. Цёплы ветрык павяваў у твары, кабрыялет мякка пагойдвала. Пасля амаль бяссоннай ночы Алеся хiлiла ў сон, i ўрэшце ён задрамаў…

…Не было ўжо нi рунi, нi жаўранкаў над ёю, нi сонца. Была ноч, i туман, i доўгiя конскiя шыi над белым возерам. Як тады, у начлежнай няпэўнай дрымоце, ён падступаў траха не да ног, гэты туман, i з туману паступова вырасталі, выходзiлi на ўзгорак, як на бераг, дзiўнай прыгажосцi белыя коні. Маўклiвыя белыя конi, якiя павольна перабiралi нагамi. Ён адзiн ляжаў ля напалову згаслага вогнiшча, а конi стаялi вакол яго i часта, пяшчотна схiлялi да яго галовы i дыхалi цёплым i харошым, а iхнiя вочы былi такiя глыбокiя i такiя добрыя, якiя бываюць толькi ў чалавечай мацi, калi яна глядзiць на дзiця… Конi стаялi i журботна, ласкава глядзелi на яго, а памiж iмi стаяла яшчэ мокрае белае жарабя са смешным тоўстым хвастом… I гэта было такое незразумелае шчасце, што Алесь ледзь не заплакаў. А малочны туман збягаў з зямлi, як вада, i ўсюдых былi белыя… белыя… белыя конi…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: