Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
…У сне ён адчуў, што нешта змянiлася, што кабрыялет стаiць, i прачнуўся ад няяснай трывогi.
Вакол зноў былi рунь i жаўранкi. А па гэтай рунi, здалёку, нехта ехаў на дарашаватым канi.
— Чаго сталi? — спытаў Алесь.
— Ды ён вось гукнуў…
— А гэта што за важны такi, што дарогi яму няма?
— А гэта жандарскi паручнiк Апалон Мусатаў… I чаго гэта з Сухадола яго прынесла, ды яшчэ аднаго?
Коннiк павольна наблiжаўся да рунi. Баяўся, вiдаць, кратовак i хамячыных нор. Часам амаль з-пад самых капытоў вырывалiся спуджаныя жаўранкi, конь стрыг вушамi, але, пакараючыся ўладнай руцэ, як па струнцы, iшоў да дарогi.
Урэшце коннiк пад'ехаў да самага кабрыялета. Алесь убачыў перш за ўсё вузкiя, зеленаватыя, як у рысi, вочы пад пясочнымi брывамi, храшчаваты нос i маладыя, але ўжо шчэцiстыя вусы i бакенбарды. Твар быў бы амаль грубы, хаця i прыгожы, каб не вiшнёвыя вусны i зусiм юны, празрыста-ружовы румянец тугiх шчок.
Гэты чалавек кепска загараў: твар быў таго самага колеру, што i трыкутнiк грудзей пад расшпiленым каўняром блакiтнага мундзiра.
Але цiкавей за ўсё былi рукi: учэпiстыя, вельмi характэрныя i прыхавана-нервовыя, са сплюшчанымi на канцах, як долата, пальцамi. Адна рука сцiскала павады, другая гладзiла карак каня.
Упоперак сядла ляжаў доўгi англiйскi штуцэр; два пiсталеты былi слаба засунутыя ў сядзельныя сумы.
— Дзень добры, Выбiцкi, — сказаў паручнiк.
— Дзень добры, пане Мусатаў.
Рысiныя вочы Мусатава абмацалi каня, кабрыялет, постаць Алеся.
— У вальтэр'янцы гуляеце? — спытаў паручнiк. — Глядзiце, звыкне вось такi ездзiць, а потым паспрабуе i вас выпхнуць.
— Гэта загоршчынскага пана сын, — быццам просячы прабачэння, сказаў Выбiцкi. — У Азярышчы быў дзядзькаваны.
У вачах Мусатава з'явiлася iскра цiкаўнасцi.
— Польскiя штучкi, — сказаў ён.
— Што вы, пане Мусатаў. Загорскiя з карэнных тутэйшых… Спрадвеку праваслаўныя.
— А самi ў каталiцкi лес глядзяць.
— Пабойцеся бога! У якi лес?! — Выбiцкi быў вiдавочна пакрыўджаны i за сябе, i за паноў.
— А чаму ж гэта стары Загорскi-Вежа загадаў малодшага брата вось гэтага хлопца ў касцёле ахрысцiць? Скандал быў на ўсю губерню.
Выбiцкi апусцiў вочы.
— Я чалавек маленькi. Не мне ведаць намеры старога пана. Але ж зразумейце i вы: чалавек ён старасвецкi, з капрызамi.
— Кацярынiнскага веку, — iранiчна дабавiў Мусатаў.
— Яго дзiвацтвы на грошах стаяць, — сказаў Выбiцкi. — Пад кожным яго капрызам — тысяча рублёў. Стане на ўвесь сухадольскi суд. Так што не нам а з вамi яго судзiць.
На хвiлiну замаўчалi. Звiнелi над рунню жаўрукi.
— Чаго гэта вы без дарогi? — спытаў пан Адам.
— Зараз нам дарогi непатрэбны… Нiчога не бачылi?
— Не, — устрывожыўся Выбiцкi. — А што такое? Мусатаў прамаўчаў. Толькi ўчэпiстая рука паправiла штуцэр.
— Чорны Война зноў у губернi, — сказаў ён пасля паўзы.
Пан Адам падаўся наперад.
— Уварваўся аднекуль, як шалёны воўк, — сказаў Мусатаў. — Спяшаецца рэзаць, пакуль пастухi не агойталiся. Два гады не было i раптам, як камень на галаву.
— А казалi, што вы яго тады… падвалiлi… два гады таму.
— Я каня ягонага падвалiў… На гэты раз буду разумнейшы. Яго звалю, а на яго канi ездзiць буду. I адкуль ён толькi коней такiх бярэ? Стрыжы, а не конi.
— Не ездзiлi б вы цяпер адзiн, пане паручнiк. Гэты не мажа.
— I я не мажу, — сказаў Мусатаў. — Ездзiў вось крынiцы ў ярах паглядзець. А раптам недзе ля вады дрэмле… Чорта з два.
— А дарэмна. З яра далёка вiдаць. А на аднаго i не трэба многа. Стрэл — i ўсё.
— Многа памагло егерам, што яны не адны былi?
— Ды што ўрэшце здарылася?
— Пазаўчора ранiцай абстраляў з пагорка няпоўны ўзвод егераў. У той жа дзень, вечарам, затрымаў фельд'егера ад генерал-ад'ютанта. Пошту спалiў. Учора сустрэў на дарозе спраўнiка з людзьмi i разрадзiў па iх стрэльбу. Удзень ледзь не нарвалася на яго земская палiцыя, але ражна дагналi. Толькi жарабцоў хвост бачылi. А ўначы Раўбiч паведамiў: Война праехаў праз вёску.
— I ўсё адзiн? — спытаў Выбiцкi.
— Усе адзiн. З апошняга мяцяжу адзiн. Ну, бывай, Выбiцкi.
I хвастануў карбачом каня. Пан Адам глядзеў яму ў спiну.
— Паехалi, панiч, — сказаў ён пасля паўзы.
Кабрыялет пачаў спускацца ў лагчыну. Паручнiк мiльгнуў кропкай на далёкiм пагорку i знiк… Пан Адам сядзеў натапыраны i неяк дзiўна ўсмiхаўся.
— Раўбiч яму паведамiў, — буркнуў ён. — Чорнага Войну, бачыце, так лёгка злапаць… Не ты, брат, першы. Ла-вi-лi.
— А хто такi той Чорны Война?