Шрифт:
— Менш лічыце, а лепш страляйце. «Не сыпце гарох». Залпы!
A Малашкін нечакана зрабіў вывад:
— Вы, Шапятовіч, развялі гнілую дэмакратыю ў аддзяленні. У вас кожны разважае за камандуючага. Палітыкі! Каб я не чуў гэтых размоў!
Крыўдна. За хлопцаў крыўдна. Без сну, на марозе яны не выказалі ніводнай скаргі. I размовы ix шчырыя, патрыятычныя. Як кажуць, баявы дух высокі. Асабліва ён узняўся пасля таго, калі камісар паведаміў, што фашысты добра атрымалі па зубах на подступах да Мурманска i адкінуты за Заходнюю Ліцу. Праз гэта яны шалеюць i так люта бамбяць горад i порт. А тут яшчэ, на злосць ім, у заліў увайшоў караван англійскіх суднаў — першая дапамога саюзнікаў.
Мацнее мароз. Сярэдзіна кастрычніка — i такі мароз. А там, у нас, гараць золатам лясы і, безумоўна, яшчэ цёпла. Роўна год назад я ішоў у армію. Саша праводзіла мяне далека ў поле, па дарозе на Рэчыцу. Ранак быў ясны, сонечны, плыла павуціна бабінага лета, i ляцелі жураўлі. Усяго адзін год! А здаецца, мінула вечнасць. Колькі месяцаў яшчэ можа працягнуцца вайна? Астахаў неяк сказаў — два гады. Вар'ят!
19 кастрычніка
З падбітага намі «Ю-87» выкінуўся з парашутам лётчык. Прызямліўся кіламетры за два ад батарэі, на схіле голай гары.
Сеўчанка загадаў:
— Малодшы лейтэнант Кідала! Вазьміце разведчыка Бурава… — камбат на момант задумаўся, мяркуючы, даволі двух чалавек для такой аперацыі ці замала, — сяржанта Шапятовіча… Затрымаць немца!
Але калі мы ўжо сталі на лыжы, даў новую каманду:
— Адставіць Бурава! Сяржант Пясоцкі! Пойдзеце вы!
Відаць, камбату падказаў камісар (я бачыў, як яны ціха перакінуліся словамі), што трэба чалавек, які ведае нямецкую мову. А ведае яе адзін Сеня.
Мы шпарка пайшлі па свежым снезе, усе аднолькава задаволеныя такім заданием — узяць жывога фашыста, які толькі што скінуў бомбы на горад. На лыжах нас у мінулую зіму навучылі хадзіць добра, мы рабілі пераходы па сто кіламетраў. Але наспець за Кідалам нам з Сенем было нялёгка. Высокі, дужы, ён адразу вырваўся наперад.
Немец, вызваліўшыся ад парашута, адыходзіў на захад — узнімаўся на тару, каб пераваліць цераз грэбень i схавацца ў лесе; ён, безумоўна, бачыў яшчэ раней, з самалёта, што заходні схіл гары лясісты. Над ім пакружыў наш знішчальнік, даючы зразумець, што калі фашыст будзе ўцякаць, то яго легка могуць прышыць да скалы кулямётнай чаргой. I ўсё роўна ён упарта лез на гару.
— Вось гад! Куды ён лезе? На што спадзяецца?..
— Горы, тундра, снег… Уцячэ ад нас — па яго слядах пойдзе штурмавік-самалёт. Яму хочуць захаваць жыццё, а ён лезе на смерць, — абураўся я, ідучы побач з Пясоцкім.
— Ты не ведаеш, якія яны фанатыкі. Фашызм — гэта страшэнны фанатызм… Я не магу зразумець, як з такой працавітай цвярозай нацыі, як немцы, маглі выхаваць гэтулькі фанатыкаў-забойцаў,— разважаў Сеня. Яму хацелася пагутарыць, але было цяжка: беглі мы надзвычай шпарка, а вецер біў у твар, i Сеня задыхаўся.
Каля падножжа гары мы ўзялі лыжы на плечы. Немец ужо быў амаль на самай вяршыні.
— Дай папераджальны стрэл, — сказаў мне Кідала.
Я ўзлёг грудзьмі на камень, нацэліўся, але вышэй галавы, каб часам не забіць. Стрэліў. Немец азірнуўся i… раптам знік, відаць, скочыў у нейкую яму.
— Вось жа падлюга! — вылаяўся Кідала i выхапіў з кабуры пісталет, нібы намерыўся весці ў атаку цэлы полк. — За мной!
I зноў мы не паспявалі за ім. Ён быў лягчэй апрануты — у шынялі, мы — у кажухах. Ногі то слізгалі па голым абледзянелым каменні, то, у горных упадзінах, угрузалі па калена ў снезе. Непамерна цяжкія зрабіліся вінтоўкі i лыжы. Пот заліваў твар, перад вачамі зіхацелі вясёлкі, сэрца стукала, здавалася, не ў грудзях, a ў горле. Я хапаў на хаду снег.
— Не еш, прастудзішся, — папярэдзіў Сеня.
— Калі ён ідзе гэтак жа, як мы, нам не дагнаць яго да ночы, — прахрыпеў я.
— Дагонім раніцой, — спакойна адказаў Сеня.
— Хіба Сеўчанка даў такую каманду?
— Была каманда ўзяць яго жывым.
Сказаўшы гэта, Сеня раптам ціха войкнуў, схапіўся за жывот.
— Што?
— Кальнула ў жывот. Боль… Вось тут.
Твар яго, дагэтуль расчырванелы, збялеў.
Я разгублена схіліўся над ім:
— Што ж рабіць? Можа, астанешся, пасядзіш, адпачнеш?..
Ён падняўся, абапіраючыся на маё плячо, усміхнуўся праз боль:
— Ну што ты! Кідала скажа, што я збаяўся.
— Скажа на цябе, пасля бомбы?
Дні тры назад генерал уручыў ім узнагароды за подзвіг з бомбай: медалі «За адвагу»; яны першыя ўзнагароджаныя на батарэі.
— Вунь, чуеш! — паказаў Сеня наперад.
Кідала, які апярэдзіў нас метраў на трыста, махаў пісталетам i крычаў, каб мы ішлі хутчэй.