Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Было даволі холадна, хоць апошнія дні пацяплела i снег растаў. Байцы збіраліся марудна, незадаволеныя; Сеўчанка мусіў выклікаць усіх па камандзе: «Батарэя, строіцца!»

Размясціліся ў цэнтры пазіцыі. «Акцёры» выступалі з узвышэння, на якім звычайна стаяў i сачыў за небам разведчык. Рана змерклася, бо пад вечар з мора прыплылі цяжкія хмары, надвор'е тут мяняецца ўвосень кожную гадзіну. Было дазволена курыць, i слухачы, якія сядзелі паўкругам хто на чым, большасць — на пустых снарадных скрынках, курылі, i успышкі цыгарак асвятлялі ix твары.

Першых выканаўцаў сустрэлі стрымана. Я цешыў сябе думкай, што здзіўлю батарэйцаў «Песняй аб Сокале» i — асабліва — «Дарогамі Смаленшчыны»; верш гэты моцна крануў мяне, я запомніў яго, прачытаўшы два-тры разы, i схаваў у ранец адзіны экзэмпляр газеты, каб ніхто больш не чытаў да майго выступлення.

«Песні…» вяла папляскалі, i зноў пры зямлі, пад нахіленымі постацямі, успыхнулі запалкі.

— Мне прыкурыць, Сухараў!

— Муха, не тушы!

— Дакурыць, Павел!..

Адна за адной загараліся цыгаркі. Я стаяў i ў думках лаяў сваіх сяброў, якіх дагэтуль любіў: чэрствыя людзі! Ім бы толькі курыць ды мацюкацца, ніякага адчування прыгожага. Паважалі б хоць Горкага!

«Дарогі…» чытаў, i самому хацелася плакаць, голас дрыжаў, перарываўся. «Дарогам… не апладзіравалі зусім, толькі чамусьці згаслі цыгаркі i зрабілася ціха-ціха. Ці не ляцяць самалёты? Не, Лёша фыркнуў у цемры бестурботна, спакойна, a ў яго самы тонкі слых, ён чуе шум матораў першы.

Я сеў за «сцэнай», на зямлянцы разведчыкаў, i, ашаломлены няўдачай, пакрыўджаны i ўсхваляваны, задумаўся i не вельмі слухаў іншых. I раптам выбух апладысментаў. Каму? Завошта? Віктар Вальноў спяваў пад акампанемент гітары.

Яму крычалі:

— Біс!

— Паўтарыць!

— Давай яшчэ!

Мне зрабілася сорамна: няшчасны эгаіст, я не чуў нават, што спяваў сябра, а сам патрабую нейкай асаблівай увагі i прызнання!

Ён паўтарыў «Воротился ночью мельник».

«Хітры масквіч ведае, чым можна зацікавіць людзей у такі момант — жартам, гумарам. Смутку, цяжкага роздуму хапае i так», — падумаў я. I зноў памыліўся.

Выйшлі Сеня Пясоцкі i сувязіст Лабада. Заспявалі:

Ой, там, за лісом, за дубиною, Сидів голубко з голубиною…

Голуба забілі, а галубку завезлі за Дунай, у палон. Сыплюць ёй пшанічку, прапануюць любога з дваццаці галубоў, але ніхто ёй не любы, бо няма такога, як яе быў мілы. Гэта пра нашых каханак, жонак, што засталіся там, у фашысцкім палоне. Пра Сашу. Я адчуваў слёзы на вачах, слухаючы песню.

Заапладзіравалі не адразу, быццам чакалі працягу — што ж далей? А потым пляскалі доўга, дружна, горача, без крыкаў, без просьбы паўтарыць, але з удзячнасцю, якая адчувалася ў саміх воплесках.

Узрушаны, я зноў апынуўся там, у родным краі, i зноў не слухаў нашых выканаўцаў. Вярнула мяне назад, на батарэю, у фантастычны паўкруг агеньчыкаў, Антаніна. Яна заспявала песню, якую кожны з нас тысячу разоў чуў i спяваў сам:

Дан приказ: ему на запад…

Нічога асаблівага не было ў яе спеве — танклявы, слабы, «бясколерны», як сказаў адзін музыка, голас. Але батарэя раўла ад захаплення. Біс крычалі так гучна, што чуваць, напэўна, было далека. Бо раптам, бліснуўшы ў хмарах, на нас, як шабля, упаў прамень пражэктара. Дзіўна выглядала ўся гэтая карціна — слухачы i спявачка — у белым, яркім святле. Асабліва спявачка. Я апынуўся ў цені, па-за праменем, i лепш, чым іншыя, бачыў яе — у ботах, кароткім шынялі, без шапкі, шапку яна трымала ў руцэ… Дзівосныя былі яе валасы: ненатуральна белыя ўдзень, яны ў святле пражэктара сталі блакітныя i, здавалася, ззялі.

Свяціў ваенны карабель. Свяціў доўга — секунд сорак, відаць, i там пражэктарысты любаваліся ёй. I ўвесь тэты час не сціхалі апладысменты. Яна бянтэжылася, жмурылася, закрывала твар рукой, хацела збегчы з пляцоўкі, але камісар утрымаў яе за руку.

Калі пражэктар згас, яна спявала валагодскія прыпеўкі.

Колькі гарачых размоў было пасля канцэрта! Хлопцы мае ап'янелі: забыліся на стомленасць, вочы блішчалі, гаварылі голасна, перапынялі адзін аднаго, смяяліся.

— Адна жанчына, a колькі шуму! — сказаў Астахаў з усмешкай дарослага, які апынуўся сярод дзяцей, i пажартаваў: — Недарма Сталін гаворыць: жанчына — вялікая сіла.

— О жанчыны! — як бы ў роспачы прастагнаў Фрыд. У добрым настроі ён заўсёды крыху тэатральны.

— У мяне, хлопцы, пяць сясцёр, а я адзін, — раптам паведаміў Муха, пра гэта ён раней маўчаў. У любы іншы час Чарняк, востры на слова, не прамінуў бы, каб не пакпіць з Мухі, якога недалюбліваў. Але тут папаўся сам: раптам, без дай прычыны, прызнаўся:

— Скончыцца вайна, вярнуся дадому — адразу ж ажанюся.

З яго пасмяяліся.

Я маўчаў.

Байцы радаваліся, а мне рабілася чамусьці сумна.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: