Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Ніколі ў жыцці я не даносіў ні на кога i люта ненавіджу людзей, якія гэта робяць, ходзяць скардзіцца начальству, пускаюць плёткі, нагаворваюць адзін на аднаго. Але я доўга думаў пра сённяшні выпадак. I ўвесь час мне ўспаміналіся словы Кідалы: «Фашыста пашкадавалі?.. Сваячка знайшлі?..» Словы гэтыя вельмі абуралі мяне, бо нагадвалі тыя недарэчныя абвінавачанні, якія ён кінуў Сеню ў першы дзень вайны. Я не вытрымаў. Пайшоў да камандзіра i камісара. Расказаў ім.

Камісар слухаў з затоенай, але добрай усмешкай на твары. Я думаю, ён радаваўся за нас з Сенем, што камсамол, школа, лад наш выхавалі нас такімі. Камісар — найвялікшы гуманіст i, безумоўна, разумев нас.

Сеўчанка хмурыўся i, выслухаўшы, вылаяўся:

— Гора мне з вамі.

Я спалохаўся: няўжо ён асуджае нас? Не.

— Дурань ён, ваш Кідала. Але я зраблю з яго чалавека! — I папрасіў, каб мы нікому больш пра гэта не расказвалі.

14 лістапада

Каторы дзень раскрываю свой сшытак і… нічога не магу запісаць. Мне сорамна перад самім сабой, перад тымі, каму трапіць мой дзённік… Перад Сашай… О, лепш не ўсгіамінаць, не запісваць! Можа, спаліць, знішчыць, каб нішто не вымушала мяне на прызнанне? Каб ніякіх дзённікаў i ніякіх слядоў. Але хіба лягчэй будзе ад усведамлення таго, што ніводзін чалавек ніколі ні аб чым не даведаецца? Я даваў слова, што буду да канца сумленны; нічога не буду таіць — ні падзей, ні думак; не схлушу, каб зрабіць сябе лепшым, прыгажэйшым. Не, я мушу ўсё запісаць шчыра!

Мяне легка раніла асколкам у плячо. Завезлі ў санчасць, якая размешчана ў бараку цагельнага завода; там, у гліняных карьерах, схаваны ўсе тылы дывізіёна — цагельню ні разу не бамбілі. Мяне паклалі ў вялікім светлым пакоі. Хоць гэта спачатку так здалося, пасля зямлянкі. На самай справе пакойчык невялічкі — шчыльна стаялі чатыры бальнічныя ложкі. З ix толькі адзін быў заняты, ляжаў абмарожаны сувязіст з НП.

Упершыню за многа месяцаў я адпачываў у поўным сэнсе слова: i целам i душой. Мне ўсё было прыемна, прыносіла асалоду — чыстая бялізна, знаёмы пах лекаў, адчуванне ўласнага цела, нават лёгкі боль раны, дотык мяккіх Антанініных рук, калі яна перавязвала, размовы, якія мы вялі з ёй. А потым кнігі, якія яна пачала прыносіць. Я накінуўся на ix з прагнасцю галоднага i глытаў адну за адной, па дзве-тры ў дзень. Я нічога не чытаў з пачатку вайны, акрамя газет, бо кароткія перадышкі ў нялётныя дні аддаваў дзённіку. Я так захапіўся чытаннем, што нават Антаніна мяне раздражняла, калі заходзіла i пачынала гаворку, a гаманлівага суседа проста ўзненавідзеў за тое, што пустой балбатнёй ён перашкаджаў мне ўглыбіцца ў кнігу.

— Пачытай ты што-небудзь лепш, — прасіў я, каб ён змоўк.

— Я ў добры час не чытаў, а ты хочаш, каб я цяпер затуманьваў галаву. Наліха мне гэта! — адказваў ён.

Вось жа ёсць людзі!

У той дзень сувязіст выпісаўся, i я застаўся адзін, вельмі задаволены гэтым. Нарэшце ніхто не будзе перашкаджаць мне. Раніцой заглянула Антаніна, зрабіла перавязку, сказала, што едзе на нашу батарэю. Я i гэтай акалічнасці ўзрадаваўся, бо толькі што пачаў «Запіскі з мёртвага дома». А ваенурач i другі фельчар заходзілі рэдка.

Антаніна вярнулася пад вечар, заглянула ў палату, пасяброўску спытала:

— Не сумуеш? — i паведаміла: — Я сёння буду дзяжурыць.

«Узрадавала! Прыйдзеш i будзеш ад няма чаго рабіць балбатаць. Не дасі пачытаць», — падумаў я. Але яна не прыходзіла. А я, праглынуўшы за дзень «Запіскі…», пачаў “Угрум-раку”. Маленькая лямпачка пад столлю свяціла цьмяна, але я не зважаў на гэта — вочы мае могуць чытаць i пры месячыку.

Рыпнулі дзверы.

— Усё чытаеш? — з дакорам спытала Антаніна. — Папсуеш вочы — самалёта не ўбачыш, камандзір, — i выключыла святло.

Я прыціх, не адказваў, чакаючы, калі яна выйдзе, каб падняцца, уключыць святло зноў i чытаць далей. I раптам я адчуў яе гарачае дыханне. Яна схілілася нада мной, рука яе дакранулася маёй галавы, валасы ўпалі на твар, ад ix асаблівага, непаўторнага паху закружылася ў галаве. Нейкая дзіўная непераможная сіла прымусіла мяне абхапіць рукамі яе шыю, прыцягнуць да сябе. I вось ужо зліліся нашы вусны… I яе грудзі, тугія, гарачыя, пад якімі часта i моцна грукала сэрца, прыціснуліся да маіх грудзей… Тады ўсё паплыло, завіравала, зазвінела дзівоснай музыкай, знікла ўсё зямное, рэальнае, быццам узляцеў некуды туды, дзе калыхаўся, пераліваўся вясёлкамі, вабіў хараством сваім гэты падманлівы цуд — паўночнае ззянне…

А потым я ляжаў, душэўна i фізічна спустошаны… Пустата была ў сэрцы, у мозгу, ніводнай думкі i ніякага адчування, адна чарната, як у бездані. Потым яна пачала запаўняцца нечым брыдкім, здалося, штосьці жывое i слізкае паўзло ў душу, забруджвала цела. Я доўга не разумеў, што гэта такое, толькі адчуваў, што няма сілы супраціўляцца, i бязвольна чакаў, калі яно выявіць сябе, гэтае слізкае i агіднае. Што ж яно такое? I раптам яно прыйшло, гэтае вызначэнне, вырысавалася найагіднейшым у свеце словам — здрада.

Але, здрада! Я здрадзіў самаму дарагому i светламу, што было ў маім жыцці. Калі гэта дайшло да свядомасці, я, відаць, застагнаў. Яна, Антаніна, хацела абняць мяне.

— Не трэба! — у роспачы крыкнуў я.

— Фу, дурань які! А яшчэ жанаты! — пакрыўджана фыркнула яна, саскочыла з ложка i выбегла з палаты.

Раніцой я так настойліва патрабаваў, каб мяне выпісалі, што ваенурач не стаў затрымліваць. Я не хацеў бачыць яе, гэтую кошку, хітрую прытворшчыцу, якая выдавала сябе за ўвасабленне чысціні, шчырай дружбы, а на самай справе… Безумоўна, я не першы ў яе… Успомніліся пісьмы, пра якія яна казала… Ад гэтай думкі рабілася яшчэ горш.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • 107
  • 108
  • 109
  • 110
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: