Шрифт:
Ён поўз па грэчцы, па калючым іржышчы, праз межы з сухім пустазеллем. Як многа стала межаў!
Раз-пораз спыняўся, прыпадаў вухам да зямлі.
Зямля маўчала. Гукі былі ў паветры — чужая музыка, чужыя спевы i п'яныя выкрыкі.
«Балююць, гады!»
Яны злавалі, гэтыя гукі, напаўнялі сэрца гневам.
«Гранату б вам туды, паразіты!»
Калі дапоўз да рэшткаў былой агароджы i пачуў смурод прыбіральні, яшчэ больш узлаваўся i абразіўся. Ворагі смела балююць, а ён мусіць паўзці па роднай зямлі, каб убачыць маці друга, сказаць, што загінуў яе адзіны сын… Даволі! Пятро падхапіўся на ногі.
«Калі тут бальніца, то ў прыбіральню ходзяць хворыя, i на таго, хто будзе ісці адгэтуль, не павінны звяртаць асаблівай увагі».
Падмацаваўшы сваю злосць такім лагічным разважаннем, ён на поўны рост, але павольна, як ходзяць хворыя, рушыў да хаціны, якая чарнела з боку белага будынка бальніцы. Ды раптам угледзеў тых, што весяліліся. На другім баку вуліцы, у школе, нябачнай за густымі прысадамі, было адчынена адно шырокае акно: іншыя вокны былі, відаць, замаскіраваныя, a толькі гэтае смела глядзела ў ноч — праз бальнічны двор за раку, на луг i далёкі лес, як бы кідаючы выклік тым, хто хаваецца там, у лесе, — гаспадарам зямлі.
Так здалося Пятру, i ён ажно закалаціўся ўвесь. У вялікім класным пакоі (можа, у тым, дзе вучыўся Сеня!) танцавалі фашысты. Дык хіба можа ён, партызан, прайсці міма? Хіба можа прыйсці да маці з адным сумным паведамленнем аб смерці сына? З гранатай у кішэні, ён не мае права паглядзець, як весяляцца ворагі, i пайсці далей. Калі ўжо рызыкаваць, дык толькі так, каб адпомсціць за Сеню, за сябе, за Сашу — за ўсё тое светлае, што страчана i растаптана. A калі ён, можа так здарыцца, не прыйдзе да маці Сені — няхай яна дару е.
Пятро павярнуўся назад, у поле. Адышоў паволі, потым, нахіліўшыся, пабег. Перабег дарогу i па-за гародамі (за школай было некалькі хат) падкраўся да прысад маладых таполяў, лісце на якіх i ў гэтую ціхую бязветраную ноч спалохана трапятала.
Школьная агароджа была некранутая, не тое, што бальнічная, i нават умацаваная: зверху абнесена калючым дротам.
Безумоўна, можна пералезці i цераз дрот, але Пятро пабаяўся, што на ім зроблена сігналізацыя, i папоўз уздоўж агароджы, шукаючы якой-небудзь шчыліны.
«Умацаваліся, сволачы!»
У адным месцы, у лагчынцы, штыкеціны былі крыху падняты ад зямлі. Пятро падкапаў рукамі i пралез.
У школьным садзе, праз які ён прабіраўся, стаяў густы водар спелых яблык. У галоднага хлопца ажно пацякла сліна. Нясцерпна захацелася падняцца i сарваць хоць адзін яблык.
Але ён перамог такую спакусу.
Вось i будынак школы, нізкі i доўгі. Над дахам узнімаюцца ў зорнае неба чорныя пікі таполяў.
Пятро прыслухаўся. Знадворку ціха. I ў школе сціхла музыка.
«Ці не разыходзяцца?» — падумаў ён з трывогай. Трымаючы ў левай руцэ пісталет, у правай гранату, ён шпарка прабег апошнія метры. Прытуліўся да цёплай сцяны, ад якой пахла нагрэтай смалой.
Не, яны не разыходзяцца. Яны рагочуць.
«Няхай парагочуць яшчэ хвіліну. Многім з ix больш не прыйдзецца рагатаць на гэтым свеце».
Не адрываючыся ад сцяны, ён асцярожна пасунуўся ўздоўж яе да вугла.
Шырокая палоса святла лягла на дарожку, пасыпаную жоўтым пяском, на акуратна падстрыжаны куст бэзу, на калітку… Пятро ўбачыў усё гэта ў адзін міг, асабліва кальку: адразу адзначыў, што над ёй няма калючага дроту. А яшчэ ўбачыў, якое дзіўнае ў святле лісце таполяў — не зяленае, a срэбна-алюмініевае, як луска рыбы.
Абышоўшы ганак, ён апынуўся каля адчыненага акна, зазірнуў у пакой. Яны сядзелі за сталом, падымаючы чаркі. Пятро палічыў: шэсць афіцэраў i дзве дзяўчыны. Адна залівалася п'яным смехам, другая з гуллівай сур'ёзнасцю гаварыла свайму суседу, ківаючы пальцам:
— Я вас пакараю, Ота. Колькі разоў я вам паўтарала: паруску трэба казаць не «девки», а «девушки»… Вам недаравальна! Вы не Густаў, які ні бэ, ні мэ, ні кукарэку…
Пятра перасмыкнула ад гэтых слоў.
«Шкуры прадажныя, а не «девушки»!»
— Волен вір дойч шпрэхен! Лібэ мэдхэн! [10] — закрычаў афіцэр, паднімаючыся. — Айнэн тост аўсбрынге… [11]
— Гэта ты, Генрых? — пачуў Пятро ззаду ціхі голас.
Ён не ўздрыгнуў, не кінуўся ўцякаць. Спакойна ўзняў рукі над галавой, вырваў чаку i па-жаночаму, з-за левага пляча, шыбнуў гранату ў пакой, на стол. Тады толькі адскочыў у день пад таполі.
Выбух пагасіў святло. Пятро кінуўся да каліткі, модна піхнуў яе, яна з трэскам адчынілася. Ён выскачыў на вуліцу i пабег у поле. Але крокаў праз колькі спатыкнуўся. Падумаў: «Няўжо я так стаміўся?»
10
Будзем гаварыць па-нямецку! Мілыя дзяўчаты! (ням.).
11
Прапаную тост… (ням.).