Шрифт:
Капыткоў дакорліва паківаў галавой.
Лялькевіч масіраваў натруджаную нагу.
— Баліць? — спачувальна спытаў Піліпенка.
Капыткоў закурыў нешта пахучае. Лялькевіч здзівіўся, бо ведаў, што батальённы камісар не курыў раней.
— Траву нейкую дзед параіў. Памагае, — i ўдакладніў: — Не наш Дзед. Сапраўдны. Лодачнік на Дняпры.
Камандзір засмяяўся:
— Чуў, Валодзя? Я — дзед несапраўдны. Камісар не прызнае маёй барады. Лічыць, што незаконна вырашчана, на прыватнай сядзібе…
Лялькевіч ведаў: Макар жартуе ад паўнаты пачуццяў, шчыра i проста. A Капыткоў нахмурыўся: відаць, яму здалося, што той намякае на яго колішнюю прэтэнзію на камандзірства.
— Аднак чаму ты дагэтуль маўчыш?
— Думаю аб сапраўдных i несапраўдных, — сумна ўсміхнуўся Уладзімір Іванавіч. — З'явіўся сапраўдны Шапятовіч…
Піліпенка свіснуў. Камісар папярхнуўся пахучым дымам i закашляўся зноў.
— A казаў, нічога асаблівага. Адкуль?..
— Не ведаю. З'явіўся ўчора на досвітку. Я ўмываўся…
— Рана ўстаеш.
— Убачыў мяне. Пазнаў.— Лялькевіч растлумачыў Капыткову: — Мы сустракаліся там, у Заполлі, калі ён прыязджаў да Сашы. I тады ён ca мной быў не вельмі ветлівы…
— Відаць, меў падставы.
— Не блазнуй, Макар. А цяпер… можна зразумець, што ён падумаў… Размова была кароткая… «Прысмактаўся, кажа, сукін сын?» I ўсё… Калі не лічыць невялічкага фізічнага дзеяння, ад якога — бачыш? — якія ў мяне нос i губа…
— Ды ну? Во чорт! А я думаў, адкарміўся так…
— Больш ніхто яго не ўбачыў. Сігануў на гарод i як скрозь зямлю праваліўся… Я не мог не сказаць Сашы. Яна паўдня яго па лесе шукала. Я паабяцаў ёй знайсці… Дапамажыце, таварышы…
Капыткоў хмыкнуў:
— Рамантыка. Дзе ты яго знойдзеш!
Лялькевіча абурыла гэтае хмыкание i гэтае недарэчнае слова. «Пры чым тут рамантыка? Пры чым?»— памкнуўся ён спытаць па-мужчынску, але рука сябра лягла на плячо i прыціснула да ложка. Вось за гэта абодва яны недалюблівалі сталага i ваеннаадукаванага батальённага камісара. Лялькевічу здавалася, што за ўзнёслымі словамі аб народзе i аб сваёй любві да яго, вялікага i мудрага народа, камісар часам не заўважаў людзей у ix штодзённай чалавечай сутнасці.
Перажыванні, пачуцці, асаблівасці таго ці іншага байца, камандзіра цікавілі яго толькі з адной мэтай — як ix можна выкарыстаць для выхавання ўсяго палка, атрада, для выхавання народа. Усё іншае — рамантыка. Слова гэтае ад яго чулі не ўпершыню.
— Не, дарагі Сяргей Мікалаевіч, гэта не рамантыка, — сказаў Лялькевіч знешне спакойна, але з націскам, праз сціснутыя зубы. — Калі жанчына рызыкавала не толькі сваім жыццём…
— Увесь народ рызыкуе жыццём…
— …не толькі сваім жыццём, — паўтарыў Лялькевіч, павысіўшы голас, — але жыццём дзіцяці, нарэшце, жаночым гонарам, каб ратаваць партызана… I калі яна так берагла сваю любоў да мужа… Не крывіцеся! У такой рамантыцы вялікая сіла! I вось цяпер ад таго, як вырашыцца гэтае недарэчнае непаразуменне, залежыць яе лес, яе будучае шчасце. I я не магу заставацца абыякавым да такога чалавека. Нарэшце, дзейнасць нашай групы…
— Дзе ты думаеш яго шукаць? Лягчэй знайсці іголку ў стозе… А можа, ён зусім…
Піліпенка тузануў сябе за бараду:
— Наконт зусім — не будзем, Сяргей Мікалаевіч! Паліцай прыйшоў бы не ў той час i не з таго боку. Безумоўна, наш хлопец, партызан… Відаць, з перакінутых з-за фронту. Добра, Валодзя! Пашу каем. Сёння ж пашлю да ўсіх суседзяў разведчыкаў… Гэтыя арлы пад зямлёй знойдуць.
Ён высунуўся з зямлянкі, крыкнуў:
— Дзяжурны, Дажору сюды!
Камандзір разведкі з'явіўся ўмомант, быццам чакау недзе побач, за два крокі. Ускочыў, казырнуў па-вайсковаму. А пасля зняў сваю старэнькую кепку; апрануты ён быў вельмі па-цывільнаму: шэранькі пінжачок з караткаватымі рукавамі, працёртымі на локцях, залатаныя на каленях штаны, мокрыя ад расы чаравікі.
— Што ты не ідзеш дакладваць, дзе твае пеўні высыпаліся сёння? Якіх дзяўчат мацалі — руднянскіх ці дзятлавіцкіх?
— Таварыш камандзір, — прытворна пакрыўдзіўся разведчик. — Не вельмі памацаеш, усюды гарнізоны.
— Што ў Астраўках?
— Каля сарака паліцаяў, семнаццаць немцаў. Два кулямёты, адна танкетка.
— Танкетка. Вось гады! Што ж, няхай будзе танкетка! — i Піліпенка растлумачыў Лялькевічу: — Вырашылі ўдарыць па гэтым гарнізоне пад… святога Спаса. Каб яны адчулі, што не вельмі мы ix спалохаліся. Што яшчэ?
— Учора ўдзень нехта шлёпнуў старасту Карповіча.
— Туды яму i дарога, гаду! Але хто гэта апярэдзіў нас? Не па-суседску працуюць суседзі. Наш падсудны.
— Апоўначы згарэла школа ў мястэчку. Гарнізон Гюнтэра, які кляўся галавой, што зловіць Дзеда. Быў бой… Стралялі… Сашка Кудлач назіраў з-за ракі. Толькі што прыляцеў адтуль… Шкадуе школы. Ён вучыўся там.
Лялькевіч, які моўчкі слухаў сур'ёзны даклад камандзіра разведкі i жартаўлівыя рэплікі Дзеда, сказаў:
— Слухай, Макар! Ты ведаеш, што я надумаў зараз? Гэта яго работа…