Шрифт:
— Адкрый, душачка, роцік, — i сунуў у рот перапрэлай смярдзючай саломы.
Страха хлява была дзіравая, i ў куце пасля нядаўніх дажджоў стаяла гнойная калюжа.
Коля паказаў на яе рукой:
— Лажыся.
Гусеў закруціў галавой, паказваючы вачамі на сухое месца.
— Без панскіх выбрыкаў! Кладзіся, дзе паказваюць гаспадары. Тут будзе мякчэй… I прахалода… Ну! Раз… Два…
Вось так.
Начальніку звязалі ногі.
Хлопцы выскачылі з хлява i з захапленнем паглядзелі адзін на аднаго.
Але што далей? Ініцыятыва перайшла да Даніка.
— Коля! Ляці да Старога!
— А хто Стары?
— Поп.
— Аляксей Сафронавіч?
У «палідэйскага» ад здзіўлення зрабіліся па яблыку вочы.
— Дык i ён наш? Вось гэта дык здорава!
Мікола Трапаш прымкнуў да падпольшчыкаў у самым пачатку, калі яшчэ не служыў у паліцыі. Але тады ён ведаў толькі трох чалавек: Толю Кустара, Даніка, нябожчыка Цішку. Лялькевіч i Аляксей Сафронавіч вырашылі, што з іншымі членамі арганізацыі яго знаёміць не варта — хлопец крыху неўраўнаважаны, i невядома было, як ён павядзе сябе ў паліцыі. Але, выбраўшыся ў раён, Коля наладзіў сувязь з падпольшчыкамі ў горадзе i шмат чым дапамагаў ім. Кустара i Даніка ён інфармаваў пра гэта даволі скупа ды наогул сваіх старых сяброў пачаў забываць, лічыў, што маленькая група вясковых хлопцаў мала чаго варта. А сябе як падпольшчыка ён ставіў высока: устанавіў сувязь з армейскай разведчыцай-радысткай, а таму лічыў, што ў яго асобае становішча ў падполлі.
I, можа, толькі цяпер, калі даведаўся пра Шапятовіча, пра дзядзьку Аляксея, з якім рыбачыў змалку, Коля адчуў усю глыбіню i шырыню народнага супраціўлення захопнікам. Вось яно як разгортваецца! I якія розныя формы ix дзейнасці, барацьбы!
Калі Коля паехаў, Данік схапіў на рукі Ленку i кінуўся шукаць Полю. Яна працавала ў людзей, у другім канцы вуліцы. Малацілі на адкрытым таку. Здалёк было чуваць, як гакалі ў чатыры цапы, нібы ў далёкія, дзедаўскія часы.
Убачыўшы Даніка з малою, Поля, якая жыла апошнія дні ў трывозе i страху, адразу адчула, што нешта здарылася.
— Поля! Адлучыся на хвіліну. Госці.
Яна не спытала, якія госці. Толькі гаспадар незадаволена прабурчаў:
— Хто гэта надумаў у такі час у госці хадзіць? Ты ж там, Пелагея, не вельмі баўся… Госці гасцямі, а хлеб сам на стол не прыходзіць.
Данік па дарозе, на сцежцы за гародамі, растлумачыў сястры:
— Правал, Поля. Прыязджаў Гусеў арыштоўваць Уладзіміра Іванавіча. Хацеў забраць мяне з Ленкай. Мы з Колем Трапашам звязалі яго, ляжыць у хляве. Добра, што ён прыехаў з Колем. Трэба ўцякаць. Зараз жа. Не заходзячы дадому нават…
— Божачка мой! — заплакала сястра. — Я так i ведала — не міне нас бяда. Што ж мы рабіць будзем? I хата, i карова… Яны ж спаляць, забяруць…
— Што ты пра хату!.. Я вось думаю, як Сашу папярэдзіць. Каб не схапілі яе. Ды i Уладзімір Іванавіч можа вярнуцца. Вось пра што трэба думаць!
— Трэба ж забегчы вопратку хоць якую дзіцяці ўзяць ды ежы… Як ты панясеш яе так? Божа ты мой, Божа! Куды ж мы дзенемся? Я так i ведала, так i ведала…
Ленка, убачыўшы, што цёця плача, пачала кулачкамі выціраць ёй слёзы i цалаваць i пагражала пальчыкам Дашку: навошта пакрыўдзіў цёцю?
— Дам… дам!.. Мама бу-бу…
Гэта яшчэ больш разжаліла Полю.
Данік не пусціў сястру ў хату. Ведаў: занадта доўга будзе корпацца там i набярэ ўсяго столькі, што не панясеш. Ён прымусіў яе пасядзець з Ленкай у кіяшніку, у канцы гарода.
— Я сам вазьму што трэба.
— Малака бутэльку налі. Сашына паліто не забудзь…
Колькі ты адзін возьмеш?
— Не ўздумай ісці, Поля! — сурова загадаў ён. — З-за ануч сваіх можаш дзіця загубіць…
Каб даць ёй зразу мець, што сапраўды вельмі небяспечна, ён дастаў з кішэні гусеўскі пісталет i, прыгнуўшыся ў разоры, пайшоў, трымаючы яго перад сабой.
Першым чынам ён дастаў у каморы з-пад падлогі нямецкі аўтамат i гранату. Потым сабраў самыя неабходныя рэчы, галоўным чынам для Ленкі.
У гэты момант на вуліцы затрашчаў матацыкл. Данік схапіўся за зброю. Свае. Коля i з ім дзядзька Аляксей у папоўскай расе.
Хлопец узрадаваўся, што яны вярнуліся: трое — гэта ўжо сіла! Стары паводзіў сябе так, быццам нічога асаблівага не здарылася. Паважна прывітаўся з Данікам, сказаў:
— Ну, папярэдзілі ўсіх, Паўлік паляцеў да Толі. Збор на лузе… Выканаем жаданне нябожчыка Цішкі… i — з Богам да сваіх…
Да нямецкіх машын дзеці ніколі не выбягалі, нават самыя маленькія адчувалі, што гэта небяспечна. Але на матацыкле прыехаў не немец i не Гусеў, а дзядзька Аляксей, які ніколі не даваў ix у крыўду — заўсёды абараняў, нават перад бацькамі. Таму немаведама адкуль на вуліцу высыпалі дзеці.
Аляксей Сафронавіч убачыў ix i пашкроб сваю зарослую патыліцу. Паклікаў Колю. Шапнуў яму:
— Ідзі, зрабі так, каб матор роў на ўсю іванаўскую.
Той пачаў разварочвацца, звярнуў з каляіны i «забуксаваў» у пяску. Дзеці пачалі піхаць матацыкл, галёкаць, смяяцца.