Шрифт:
Рабіновіч пачаў чытаць спіс. I ўсе зацікаўлена наблізіліся да стала, каб самім заглянуць у гэты спіс. Што ж, не грэх прыняць i такую дапамогу. Пакуль яны там багацелі на вайне, мы ваявалі: гінулі, хавалі блізкіх, галадалі, даношвалі тое, што набірала наша не вельмі багатая яшчэ лёгкая прамысловасць за кароткі мірны час, выйшлі з вайны разутыя i раздзетыя.
I раптам, калі ўсе былі заняты пералікам кофтачак i штаноў, ужо зусім нечаканае:
— Грамыка! Здайце пісталет!
Панас адскочыў ад стала, i твар яго адразу збялеў.
Булатаў, здавалася, глядзеў у акно, быццам i не ён гэта сказаў, a нейкі нябачны прывід.
— Які пісталет?
— Які вы прывезлі з арміі. Нямецкі.
— Няма ў мяне ніякага пісталета.
— А мы маем даныя, што пісталет у вас ёсць.
— На чорта ён мне! З жонкай ваяваць, ці што? Ці дзяцей забаўляць?
Булатаў крута павярнуўся:
— Няма?
— Таварыш Булатаў, я ж не дзіцёнак. Я дарослы чалавек!
— Добра. Паверым, што няма ў вас пісталета. — I зноў адвярнуўся да акна.
З сельсавета Пятро i Панас выйшлі разам i, не змаўляючыся, пайшлі да рэчкі. Мабыць, абодвум хацелася пагаварыць. Паабапал — як вокам кінуць — прасторы залітых вадой лугоў. Спыніліся на грэблі каля моста. Дзень быў халодны, ветраны. Пясчаны насып сярдзіта лізалі хвалі.
— A пісталет у мяне ёсць, — з не меншай нечаканасцю, чым былі словы капітана, прызнаўся Панас. — Толькі не нямецкі — амерыканскі. А запытай — на якое ён ліха мне? Усе мы, як дзеці, любім цацкі. Вось i я прывёз цацку — на памяць. А каму яна патрэбна, такая памяць? Хочу забыць хутчэй пра яе, вайну, будзь яна проклята, a пісталет хаваю. Хіба не дурань?
— Чаму ж ты не прызнаўся?
— Гэтаму! Ты бачыў яго метад? Каб ён па-чалавечы — чаму не прызнацца? А так — падумаў: прымусіць пісаць тлумачэнне — дзе ўзяў, чаму адразу не здаў? А што я напішу? Што пасля добрай выпіўкі мне падарыў яго амерыканскі лейтэнант! I я, дурань, вырашыў захаваць на памяць? Такі, брат, вартавы дзяржбяспекі прышые табе дзела, ды i не адно: за сувязь з амерыканцамі… Даказвай пасля, што сустракаліся мы цэлай танкавай брыгадай з ix танкавай дывізіяй… За незаконнае трыманне зброі… за што хочаш…
Памаўчалі.
— Прыйдзецца ўтапіць у віры гэтую «памяць».
I зноў пасля паўзы:
— Але хацеў бы я ведаць, якая падла данесла? Акрамя жонкі, ніводзін чалавек не ведаў. Грышка, парасё, відаць, падгледзеў i некаму пахваліўся.
Пятро стаяў, глядзеў на свінцовую ваду i думаў: чаму чалавек гэты так шчыра прызнаецца? Навошта яму, сакратару, ведаць пра яго пісталет? Не хапала яшчэ клопату: хаваць чужую тайну. I ад каго? Ад савецкіх органаў. A калі — крыи божа! — той, хто напісаў першы данос, напіша другі? Што тады можа падумаць Панас пра яго, каму ён даверыў сваю тайну? А можа, знарок правярае? Фу, чорт, мімаволі зробішся падазроным! Нельга ж жыць, калі не верыш у чалавечую шчырасць!
IV
Шапятовіча даўно ўжо абражалі i абуралі паводзіны трупы інвалідаў. Здаецца, добрыя людзі, некаторыя проста героі — па тры калодкі ордэнаў, як казаў той Рабіновіч, а ставяцца да ix, мясцовых кіраўнікоў, як… амаль што да сваіх ворагаў. Быццам усе яны — Бабкоў, Грамыка, Капыл, ён, Пятро, — толькі i думаюць, як бы што ўкрасці, схапаць, змахляваць, некага абысці, «з'есці».
Не раз Пятру хацелася сказаць ім з крыўдай, але спакойна i прачула:
«Браткі мае! Я ваяваў гэтак жа, як i вы. I такі ж інвалід — навылет двойчы прастрэлены. Але ж я не крычу, не выстаўляю сваіх ран. Я працую. I не для свае карысці, акрамя асноўнай працы — настаўніцкай, цягну грамадскую. Мне даручыла партыя, я — камуніст i таму мушу думаць не толькі пра сябе, але i пра вас — пра ўсіх… А што вы маеце да Бабкова? Чалавек з першых дзён па заданию райкома пайшоў у партызаны. За гэта фашысты знішчылі ўсю яго сям'ю… Перажыў такую трагедыю. Да таго ж таксама двойчы паранены… Выходзіць, у вас нервы, a ў яго — няма?..»
Але пагаварыць так, сардэчна, не ўдавалася. Размовы кожны раз былi нервовыя, бо інваліды патрабавалі немагчымага i пачыналі з папрокаў, абвінавачванняў. Крыкам пачыналі. Вось як цяпер… Толькі селі члены выканкома ў сельсавеце, зачыніліся ў кабінеце старшыні, каб раздзяліць паміж тымі, хто мае найбольшую патрэбу, ячмень i юнраўскія лахманы (сапраўды-такі лахманы), яны, інваліды, тут як тут. Чалавек сем. Перад гэтым, безумоўна, заглянулі ў краму, хапілі па шклянцы, а можа, i па дзве, разліўной i разбаўленай ванючай гарэлкі. Селі — хто на лавачцы, хто проста на зямлі, у пясок, перад вокнамі i… давай скланяць i Бабкова, i Капыла, i Прымакову. Яго, Пятра, i Грамыку пакуль што не чапалі. Імёны, праўда, наогул не называлі. Але — намёкі…
— Сабраліся: адзін сухарукі, другі суханогі. Два боты — пара.
— Дык гэты хоць сваю міну п'яны разбіраў. А дзе той нагу пакалечыў?
— А той немцам яйкі памагаў збіраць. — Гэта пра Капыла, хоць усім вядома, што кульгавы ён не з вайны, а яшчэ з дзіцячых год. За кожным словам — пакручастая лаянка. Асабліва стараўся аднарукі Рыгор Прышчэпа.
Бабкоў «закіпеў»:
— Пазваню ў міліцыю. Дакуль трываць? Працаваць не даюць. Добрых людзей з панталыку збіваюць. Я ім — што? Я — савецкая ўлада на сённяшні дзень. А выпады ix што? Гэта ж антысавецкая прапаганда.