Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Яна есці хоча. Трэба пакарміць яе.

— Ды i нам пара адпачыць, — адгукнулася Аня, якая дагэтуль пакорліва ішла моўчкі.— Запарыла ты мяне, Шурачка: сарочка — хоць выкручвай.

Яна з палёгкаю скінула з плеч свой клунак i села на зямлю.

Сашы стала сорамна.

— Трэба нам гэта раздзяліць, каб я палавіну несла. Вам цяжка, Аня.

— Што гэта ты, Шура! Цяжка… Табе таксама нялёгка…

Яны спыніліся ў лесе, у тым месцы, дзе дарогу перасякала квартальная прасека — «лінія», як яе называюць людзі тых мясцін. Па адзін бок прасекі ўзвышаўся стары бор: стромкія прыгажуні сосны з лысінамі падсочкі, нібы смяротнымі знакамі, паміж сосен — дубкі i бярозы, a ўнізе — рэдкі арэшнік. З другога боку лес быў высечаны колькі год назад, i цяпер уся доўгая, на квартал, лесасека зарасла непралазным гушчаром — беразняком, асіннікам, арэшнікам.

Мясціна была ўтульная. Увогуле такія лясныя скрыжаванні заўсёды вабяць пешахода — хораша адпачыць каля ix!

Жанчыны селі ў цені пад соснамі. Было гадзіны тры — самы гарачы час ліпеньскага дня, i ў лесе стаяла духмяная спякота i такая цішыня, што нават на маладых асінках не дрыжала лісце. Толькі авадні звінелі навокал.

Саша расшпіліла кофтачку, i малая прагна прыпала да грудзей, смешна зацмокала. Маці з замілаваннем глядзела на яе тварык.

— Падарожніца ты мая гаротная!

Аня развязала клуначак з ежай, дастала хлеб, яйкі, соль, расклала ўсё гэта на белай хусцінцы.

— Bo i мы перакусім. Лягчэй нагам будзе.

— А мне дык i есці не хочацца. Я перадрыжала на рацэ… Вам страшна было, Аня?

— А каму не было б страшна, Шура! Стары вунь які буркала i той спалохаўся. А я i ў добры час вады баюся. А тут — такое страхоцце…

— Няўжо б яны кінулі на нас, каб убачылі?

— А што ім, душагубам! Вунь расказваюць, што яны робяць на шашы: у бежанцаў з кулямётаў страляюць, бомбы кідаюць…

— Ці так мы ідзём, Аня? Не заблудзімся?

— Так. Я сюды па дровы зімой ездзіла. Зараз веска будзе. Там распытаем дарогу далей. Цяпер няма чаго баяцца. Бачыш, цішыня якая! Не верыцца, што вайна…

Аня аблупіла яйка, памакнула ў соль i падала Сашы:

— На, з'еш, Шурачка.

У тэты момант насупраць ix зашамацелі кусты i з гушчару вылез чалавек у чырвонаармейскай форме, са знакаMi малодшага камандзіра на пятліцах. Ён быў зусім юны, бледнатвары, з вялікімі блакітнымі вачамі i зусім мірны на выгляд. Але Саша чамусьці скаланулася i хутка прыкрыла грудзі i тварык дачкі марляй.

— Хто вы ёсць? — неяк дзіўна, не па-руску, спытаў вайсковец.

— Людзі мы ёсць, — у тон яму адказала Аня, смела i проста. — Не бачыш хіба? Бежанцы. Ад вайны ўцякаем, ад немца… А ты чаму кусты выціраеш? На фронт ішоў бы.

Ён кісла ўсміхнуўся i, наблізіўшыся да Сашы, працягнуў руку да дзіцяці.

— Што гэта?

Саша адхіснулася.

— Маленькі шпіён, — пажартавала яна без усмешкі.

— Што? — Вайсковец нахмурыўся.

Аня засмяялася. A «маленькі шпіён», адарваны ад ежы, голасна закрычаў, парушыўшы лясную цішыню.

— Адкуль ідзяце?

— З-за ракі ідзём, — сур'ёзна пачала тлумачыць Аня. — Гэта наша фельчарыца, працавала ў нас два гады. А цяпер ідзе дадому да бацькі… Хто ведае, дзе спыняць супастата? Можа, ён i да нас дойдзе… Дык нам усё адно, мы тут век жылі, а ёй навошта аставацца? Маладая, з дзіцем… У яе дакументы ёсць…

Саша паднялася, гушкаючы дачку, каб супакоіць, i раптам убачыла, што збоку, крокаў за дзесяць ад ix, на прасецы стаяць яшчэ двое. Гэтыя былі ў форме радавых, з вінтоўкамі ў руках. Стаялі яны плячо ў плячо, як на парадзе, маўклівыя i суровыя. Позіркі ix был i страшныя: ні цікаўнасці ў вачах, ні цеплыні, ні ўсмешкі…

«Чаму гэта яны такія?» — ca страхам падумала Саша.

I раптам адзін з двух спытаў:

— Вэр зінд зі?

Саша аслупянела. Што гэта? Чаму ён гаворыць не па-рус ку? На якой мове ён гаворыць? Хто ён, гэты чалавек?

«Вэр зінд зі?» — «Хто такія?» — успамінала яна пераклад гэтай простай фразы. Божа мой! Гэта ж па-нямецку… Што гэта яны, жартуюць? Які недарэчны жарт! А можа, гэта не па-нямецку, можа, гэта байцы з нацыянальнай часці? У нас многа розных народаў… Не… той, што падышоў першы, таксама пачаў гаварыць па-нямецку. Саша са сваім ведакнем мовы ловіць асобныя словы… Флюс — рака, унтэрарц — фельчар. Бацька… Немцы…

A дзіця крычыць усё мацней. Саша гушкае яго, просіць, моліць, быццам малая можа зразумець:

— Дачушка мая, сціхні, родная, не шіач, зараз я пакармлю цябе, — а сама напружана прыслухоўваецца i — дзіўна — думае пра тое, што зусім не ведае нямецкай мовы i што каб прыйшлося паступаць у інстытут, то яна, напэўна, правалілася б на экзаменах.

«Гер лейтэнант…» Тэты звяртаецца да аднаго з тых двух, як да камандзіра:

«Пан лейтэнант… Пан!..»

«Гер лейтэнант» набліжаецца i гаворыць нешта злосным голасам, звяртаючыся да Сашы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: