Шрифт:
Як яна разанула па сэрцах, гэтая песня! Адразу загаласілі жанчыны, заплакалі дзеці. А Саша адчула, як ёй стала вельмі цяжка дыхаць — так цяжка, што яна баялася, што ўпадзе, таму выйшла з натоўпу i села на абочыне дарогі на пыльную траву, якраз там, дзе канчалася жыта i пачынаўся лён, зялёнае мора льну, таксама надзіва высокага i густога. Каб неяк супакоіць сябе, яна дала малой грудзі…
«Ленка, дачушка ты мая родная! Як добра, што ты з'явілася на свет. Ты мая адзіная радасць у гэтыя чорныя дні».
Раптам Саша адчула, што нехта стаіць i глядзіць на яе. Яна інстынктыўна закрыла далоняй грудзі, узняла вочы. На дарозе стаяў Уладзімір Іванавіч з мяшком за плячамі.
— Карміце, Аляксандра Фёдараўна. Не саромейцеся… Гэта — святое, — ціха сказаў ён, адводзячы позірк.
Саша адняла дзіця ад грудзей, зашпіліла кофтачку i хутка ўстала з зямлі. Яна адразу зразумела, што ён даганяе іншых прызыўнікоў, але чамусьці спытала:
— I вы?
— Мне няма яшчэ павесткі. Але я не магу чакаць, вы разумееце… Такі час! А я афіцэр запасу, лейтэнант… Камуніст…
— Я разумею, — уздыхнула Саша. — Але гэта так цяжка — праводзіць на вайну…
— Нічога, Аляксандра Фёдараўна, — бадзёра суцешыў яе настаўнік. — Хутка вы будзеце сустракаць нас з перамогай! Пры магутнасці нашай Чырвонай Арміі, я ж служыў, ведаю… дык мы гэтага Гітлера… Кажуць, што нашы пад Варшавай ужо.
Учора, калі Саша ад'язджала з бальніцы, Марыя Сяргееўна, у якой аставаўся яшчэ прыёмнік i якая разумела панямецку, сказала ёй па сакрэту зусім іншае, i Саша чамусьці паверыла ёй, хоць ніколі раней не сумнявалася ў магутнасці сваёй Радзімы. Яна нікому пра гэта не гаварыла. Але цяпер у размове з настаўнікам, якога лічыла разумным i паважала i які ішоў на вайну, не ўтрымалася i сказала нават жорстка:
— Ведаеце, Уладзімір Іванавіч, робіцца непрыемна, калі гавораць такія гучныя словы… Навошта? Вайна — не гульня. Вайна — смерць i гора.
Ён не запярэчыў, толькі як быццам збянтэжыўся i спытаў пра іншае:
— Дачка, сын?
— Дачка.
— Цяжка вам будзе.
— Я не скарджуся на свой лес. Я радуюся, што яна з'явілася.
Уладзімір Іванавіч паглядзеў на гадзіннік.
— Трэба даганяць, а то прыйдзецца пехатой да Рэчыцы, — сказаў ён бадзёра, рухам плячэй папраўляючы мяшок. — У мяне маці занядужала… адна асталася… Паглядзіце яе, калі ласка, Аляксандра Фёдараўна. — Голас яго задрыжаў.
— Я пагляджу… Вы не турбуйцеся, — паабяцала Саша i раптам адчула нейкую амаль мацярынскую пяшчоту да гэтага чалавека.
Ён працягнуў правую руку, яна ж правай трымала дзіця. Тады яна зрабіла крок да яго, абняла левай рукой за шыю i пацалавала ў лоб. Ён адступіў, здзіўлены, i Саша ўбачыла, як бліснулі слёзы ў яго вачах. Ён ціха сказаў:
— Дзякую вам, — i хутка закрочыў па пыльнай дарозе, а Саша пайшла ў бок вёскі i не азірнулася. Яна падумала пра тое, што гэта нядобра — цалаваць чалавека, які ідзе на вайну, у лоб. Як нябожчыка.
Яна ў той жа дзень наведалася да яго маці. Увогуле, ёй хацелася працаваць як мага больш, каб ні хвіліны не сядзець склаўшы рукі. Але ў амбулаторыю ніхто не прыходзіў, быццам усе яе хворыя адразу ачунялі. Спачатку яна здзіўлялася, потым зразумела: калі прыйшла такая бяда, людзям не да сваіх маленькіх хвароб; з драбязой сорамна ісці ў такі час, а сэрцы i галовы баляць ва ўсіх. Праўда, прыйшлі два чалавекі, якія атрымалі позвы з ваенкамата, i прасілі даведкі, што яны хворыя, не могуць з'явіцца на прызыўны пункт. Выгляд ix не гаварыў, што яны хворыя. Саша не стала ix слухаць i даведак не дала. Мужчыны прыгразілі. Гэта яе страшэнна ўразіла. Здаралася, што i раней яна не давала даведак, але ніхто ніколі не пагражаў ёй. Так прайшоў дзень, другі… Каб заняць чым час, Саша бясконца перамывала пялёнкі i шыла штонебудзь для дзіцяці, хоць усяго было нашыта яшчэ да родаў.
Вайна не далятала ў ix ціхі куток. Нават варожых самалётаў яны не бачылі ў першыя дні. Зрэдку праляталі на захад нашы самалёты, i гэта ўсіх радавала. Толькі на досвітку чацвёртага дня яны пачулі яе, вайну. Фашысцкія самалёты бамбілі рэчыцкія маеты цераз Дняпро. Вяртаючыся з бамбёжкі, яны ішлі над самай вёскай, вельмі нізка над садаMi i стрэхамі, ад ix гулу дрыжалі i тузаліся паветра i зямля. Пачуўшы выбухі, Саша схапіла Ленку, выскачыла на гарод i легла ў бульбянік. Ад ранішняй вільгаці i страху яе пачала біць ліхаманка. Вярнуўшыся ў хату, калі самалёты праляцелі, яна доўга не магла сагрэцца i супакоіцца.
У той жа дзень прыйшлі больш пэўныя весткі з фронту. Праз Рэчыцу прайшлі першыя эшалоны з раненымі, i многія жанчыны хадзілі туды, за трыццаць кіламетраў, з надзеяй, якая заўсёды жыве ў жаночым сэрцы: «А можа, i мой там?»
«Нашы адступаюць!» — словы гэтыя ўскалыхнулі людзей i зрабілі большую паніку, чым сама вестка аб вайне. Саша паверыла Марыі Сяргееўне, якая сказала ёй на другі дзень, што немцы прарвалі пагранічныя ўмацаванні, але не спалохалася тады. Цяпер жа, калі кожная жанчына, кожная старая перадавала суседцы з вялікай трывогай: «Нашы адступаюць», Сашу ахапіла жудасць. «Куды адступаюць? Чаму адступаюць?»